BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал тэніснага турніру ў Берліне

На тэнісным турніры ў Берліне беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал. У чвэрцьфінальным паядынку беларуска сустракалася з Аленай Рыбакінай з Казахстана. Пры ліку 3:1 на карысць беларускі Рыбакіна пакінула корт і адмовілася ад далейшай барацьбы, спаслаўшыся на кепскае самапачуванне. Дарэчы, у паўфінале суперніцай Азаранкі можа стаць яшчэ адна беларуска — Арына Сабаленка. Сёння яна гуляе супраць расейкі Ганны Калінскай.

Гомель і Смаргонь прымуць сустрэчы 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Два стартавыя паядынкі 13-га тура адбудуцца сёння на футбольным чэмпіянаце Беларусі. У першым з іх футбалісты “Смаргоні” прымаюць гасцей са “Слуцка”. Гаспадары поля не выйграюць ужо чатыры туры запар, у мінулы ўік-энд яны саступілі ў гасцях дзяржынскаму “Арсеналу”. У гасцей справы таксама не найлепшыя – у двух апошніх матчах яны пацярпелі дзве разгромныя паразы – ад менскага “Дынама” 0:5 і барысаўскага БАТЭ 0:6. Таксама сёння “Гомель” згуляе на сваёй арэне з аўтсайдэрам турніру салігорскім “Шахцёрам”. У мінулым туры гамяльчане саступілі на выездзе “Іслачы”, а салігорская дружына разышлася мірам з наваполацкім “Нафтанам”.

Леўшуноў не ўвайшоў у топ-5 рэйтынгу драфта НХЛ-2024 па версіі TSN

Стаў вядомы фінальны рэйтынг драфта НХЛ-2024 ад эксперта TSN Крэйга Батана. Беларускі абаронца Арцём Леўшуноў заняў восьмае месца. Усяго было прадстаўлена 96 хакеістаў. У фінальным пераддрафтавым рэйтынгу Цэнтральнага скаўцкага бюро НХЛ беларус займае 2-е месца сярод палявых гульцоў, якія правялі сезон у Паўночнай Амерыцы. У 38 матчах чэмпіянату NCAA за «Мічыган Стэйт Спартанс» Леўшуноў набраў 35 (9+26) ачкоў, пры 44 хвілінах штрафу і карыснасці «+27». Драфт НХЛ пройдзе з 28 па 29 чэрвеня.

Смалявіцкая “Вікторыя” выйграла жаночы чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве

Хакеісткі смалявіцкай “Вікторыі” сталі чэмпіёнкамі Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. У фінальнай серыі да трох перамог прадстаўніцы Смалявічаў сустракаліся з хакейным клубам “Мінск”. Два першыя матчы фіналу праходзілі ў сталіцы, у стартавай гульні мацней былі гаспадыні пляцоўкі 1:0, у другой сустрэчы “Вікторыя” ўзяла рэванш, перамогшы па булітах. Далей каманды пераехалі ў Смалявічы – трэці паядынак скончыўся ўпэўненай перамогай менчанак 5:1, але хакеісткі з рэгіёну зноў адыграліся ў серыі, выйграўшы чацвёрты матч з лікам 1:0. Вырашальная пятая гульня адбылася ў Менску. У асноўны час супернікі не змаглі вызначыць чэмпіёна, згуляўшы ўнічыю 1:1. Лёс залатых медалёў вырашыўся ў серыі пасляматчавых кідкоў, дзе дакладней былі дзяўчаты са Смалявіч – 2:1. Такім чынам, “Вікторыя” стала чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі. У супрацьстаянні за трэцяе месца жаночай лігі таксама спатрэбіліся ўсе пяць матчаў: у вырашальным паядынку гарадзенскі “Рытм” зламаў супраціў “Тэкстыльшчыка” з Баранавіч 4:3 і стаў уладальнікам бронзы.

Беларускае Радыё Рацыя