Кракаўская «Вісла» святкавала перамогу над «Котвіцай» з лікам 2:1 у матчы 25-га тура другога дывізіёна чэмпіянату Польшчы.

Беларускі брамнік гаспадароў Антон Чычкан не трапіў у заяўку, а нападнік гасцей Усевалад Садоўскі быў заменены ў перапынку пры нулявой нічыі. У табліцы «Вісла» ідзе пятая з 40 ачкамі, «Котвіца» — трынаццатая, маючы 21 бал.
“Рэал” дамінуе ў спісе найдаражэйшых футбалістаў планеты
Папулярны партал Transfermarkt абнавіў рэйтынг найдаражэйшых футбалістаў свету і склаў сімвалічную каманду, у якой адразу тры месцы занялі прадстаўнікі мадрыдскага “Рэала”. Імі сталі Кіліян Мбапэ, Вінісіус Жуніёр і Джуд Белінгем. Уся тройка апынулася ў атакуючай і паўабарончай лініі зборнай з самых высока ацэненых гульцоў. Дарэчы, Вінісіус і Холанд падзялілі першае месца ў агульным спісе з рынкавай вартасцю ў 200 мільёнаў еўра. Сярод іншых імёнаў у гэтым зорным спісе — Ламін Ямаль з “Барселоны” ці Флорыян Вірц з “Байера”.
У Бразіліі шукаюць новага трэнерa для нацыянальнай каманды
Федэрацыя футбола Бразіліі развіталася з галоўным трэнерам зборнай Дорывалам Жуніёрам. За год яго працы “пентакампеоны” правялі 16 матчаў: сем выйгралі, шэсць звялі ўнічыю і тры прайгралі. Пасля 14 тураў адбору да ЧС-2026 бразільцы займаюць толькі чацвёртае месца. Хто заменіць 62-гадовага спецыяліста — пакуль не вырашана, але ў якасці магчымай кандыдатуры называецца Жоржэ Жэзуш з «Аль-Хілаля».
Клімовіч і Салаўёў адзначыліся ў АХЛ
Беларускія хакеісты набралі ачкі ў чарговым туры Амерыканскай хакейнай лігі. Даніла Клімовіч дапамог «Абоцфорду» разграміць «Сан-Хосэ» 5:1, аддаўшы выніковы пас. Гэта восьмая перамога запар для канадскага клуба. Брамнік Мікіта Талапіла адбіў 38 кідкоў і мае надзейнасць 2,66 у 32 матчах. А Ілля Салаўёў адзначыўся асістам у складзе «Калгары», нягледзячы на паразу 2:8 ад «Бейкерсфілда». У актыве абаронцы ўжо 26 балаў за 50 сустрэч. Ягор Сідараў на гэты раз без балаў, але яго «Сан-Дыега» перамог «Тусон» 5:1.
Сабаленка згуляе ў 35-м фінале і спадзяецца на чарговы тытул
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўвечары паспрабуе заваяваць чарговы тытул — яна сустрэнецца з амерыканкай Джэсікай Пегулай у фінале турніру WTA-1000 у Маямі. Для першай ракеткі свету гэта ўжо 35-ы фінал у кар’еры, з якіх яна перамагала ў 18. Матч распачнецца ў 22:00 паводле менскага часу. У асабістых сустрэчах Арына вядзе — 6:2. Апошні раз суперніцы гулялі ў фінале US Open, і тады перамога засталася за беларускай. На шляху да фіналу Сабаленка не аддала ніводнага сэта, перамогшы ў тым ліку і мінулагоднюю чэмпіёнку Даніэль Колінз. Пераможца турніру атрымае 1,2 мільёна даляраў і тысячу рэйтынгавых ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя






