BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Вітэн” чацвёрты раз выйграў Кубак Беларусі па міні-футболе

Аршанскі “Вітэн” чацвёрты раз стаў уладальнікам Кубка Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку 34-га кубкавага розыгрышу аршанцы абыгралі на паркеце магілёўскага спарткомплексу “Алімпіец” гомельскі ВРЗ з лікам 6:4. У складзе пераможцаў па галявому дублю аформілі Яўген Балдзін і Максім Батурын. Лепшым бамбардзірам цяперашняга Кубка Беларусі стаў Андрэй Скварчэўскі з менскага “Дарожніка”, які забіў 11 мячоў.

«Рэал» разграміў «Барселону» і выйграў Суперкубак Іспаніі

Мадрыдскі “Рэал” разграміў “Барселону” ў фінальным матчы Суперкубка Іспаніі па футболе, які прайшоў у Эр-Рыядзе. Сустрэча завяршылася з лікам 4:1. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Вінісіус Жуніёр, яшчэ адзін гол забіў Радрыга. У каталонцаў вызначыўся Роберт Левандоўскі. На 71-й хвіліне чырвоную картку атрымаў абаронца “Барселоны” Рональд Арауха. “Рэал” 13-ы раз заваяваў Суперкубак Іспаніі. Рэкорд па гэтым паказчыку належыць “Барселоне”, у якой 14 трафеяў.

Менскія дынамаўцы абыгралі “Трактар”

Хакеісты менскага “Дынама” перамаглі ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Трэцім супернікам “зуброў” па ходу бягучай хатняй серыі стаў калектыў з топ-5 Усходняй канферэнцыі – чалябінскі “Трактар”. На апошніх секундах Данііл Сатышвілі паспеў закінуць у пустую брамку гасцей 3:1. Гэтая перамога стала для падначаленых Дзмітрыя Квартальнава трэцяй у пяці матчах новага года. Сталічны клуб працягвае займаць восьмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі, набраўшы 49 балаў за 49 гульняў.

Хакеісты “Шахцёра” перамаглі дванаццаты матч запар

У Берасці, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Закрываў гульнявую праграму дня паядынак “Лакаматыва” і лідара сезона “Шахцёра”. Як і ў пятніцу, гаспадары лёду на старце трэцяга перыяду вялі з лікам 3:1, але ўпусцілі лідэрства ў канцоўцы. Выратавальнікам салігарчан выступіў лепшы бамбардзір экстралігі Міхаіл Шалагін, дубль якога перавёў сустрэчу ў авертайм. Адтуль высвятленне адносін перацякло ў серыю булітаў, дзе больш дакладней апынуліся госці. У выніку 4:3, гэты поспех стаў для “Шахцёра” ужо 12-м запар. “Ліда” ў гасцях дзякуючы двум галам Данііла Сабко адолела “Дынама-Маладзечна” – 3:1, а “Брэст” на сваім лёдзе перамог наваполацкі “Хімік” 2:1.

Баскетбалісты “Мінска” саступілі МБА ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты “Мінска” пацярпелі 22-ю паразу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. Мінчане ва ўпартай барацьбе саступілі маскоўскаму МБА з розніцай у сем ачкоў – 79:86. Самым выніковым у складзе гаспадароў стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, які набраў 17 ачкоў.

Сабаленка пераможна пачала выступы на Australian Open

Другая ракетка свету Арына Сабаленка паспяхова пачала выступы на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў Мельбурне. Дзейная чэмпіёнка аўстралійскага першынства без асаблівых праблем абыграла нямецкую тэнісістку Элу Зайдэль – 6:0, 6:1. Сустрэча працягвалася ўсяго 52 хвіліны. У другім раундзе суперніцай Арыны Сабаленкі будзе чэшка Брэнда Фрухвіртава.

Валейбалісткі “Мінчанкі” прайгралі дзевяты матч запар у Суперлізе

Валейбалісткі “Мінчанкі” прадоўжылі серыю паразаў у рэгулярным чэмпіянаце жаночай расійскай Суперлігі. У нядзелю падначаленыя Вольгі Пальчэўскай у Палацы спорту “Уручча” прымалі тульскую “Туліцу”, якая ідзе на сёмай пазіцыі ў турнірнай табліцы. Вынік 3:0 на карысць гасцявой каманды. “Мінчанка” працягнула серыю паразаў ужо да дзевяці матчаў. Пасля 16 тураў чэмпіянату Расіі сталічны клуб займае перадапошнюю 13-ю пазіцыю. Наступны паядынак у турніры беларускі правядуць 20 студзеня ў гасцях у краснадарскага “Дынама”.

Беларусы Ступакевіч і Глінчук сталі прызёрамі міжнароднага турніру па барацьбе ў Заграбе

У сталіцы Харватыі Заграбе завяршыўся міжнародны турнір па барацьбе Zagreb Open 2024, удзел у якім пад нейтральным сцягам прымалі беларускія спартоўцы. Zagreb Open – першы турнір 2024 года, які ўваходзіць у Рэйтынгавую серыю Аб’яднанага свету барацьбы. У заключны дзень спаборніцтваў наймацнейшых у шасці вагавых катэгорыях вызначалі прадстаўнікі грэка-рымскага стылю. Срэбраную ўзнагароду нашай камандзе прынёс Максім Ступакевіч, у фінале турніру ў вазе да 55 кг наш спартовец не справіўся з Адэмам Узунам з Турцыі. Акрамя таго, у катэгорыі да 97 кг на п’едэстал узняўся наш Павел Глінчук. У паядынку за трэцяе месца ён перамог Алекса Сзоке з Венгрыі.

Беларускае Радыё Рацыя