BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вялікі футбольны дзень Еўропы


У чарговым матчы футбольнай Лігі канферэнцый беластоцкая “Ягелонія” адолела на сваім полі малдаўскі клуб з цікавай назвай “Петракуб” – 2:0. Пра гэта мы расказалі ўчора ўвечары.

Пасля двух тураў “Яга” набрала максімальныя 6 ачкоў і знаходзіцца ў агульнай табліцы сярод лідараў.

Сярод іншых матчаў гэтага турніру варта вылучыць некалькі іншых вынікаў. Грэчаскі «Панацінаікас» дома саступіў лонданскаму «Чэлсі» – 1:4 (мячы ў пераможцаў забілі Жаау Фелікс – два, Міхаіл Мудрык і Крыстофер Нкунку). Фларэнційская «Фіярэнціна» на выездзе досыць упэўнена разабралася з швайцарскім «Санкт-Галенам» – 4:2 (галы італьянскага клуба на рахунку Лукаса Марцінеса, Нанітамэ Ікане – два і Робіна Госенса). Ісляндскі «Вікінгур» з Рэйк“явіка дома ўзяў верх над больш рэйтынгавым «Серкль Бруге» з Бельгіі – 3:1. Менскае «Дынама» у Фінляндыі прайграла ХІКу – 0:1, прапусціўшы на 46-й хвіліне. На 82-й пасля брутальнага фолу ў складзе чэмпіёнаў Беларусі выдалілі Мельнічэнку, які толькі выйшаў на замену і прызначылі пенальці. Аднак Фёдар Лапавухаў адбіў удар з 11-метраў. Што цікава ва ўсіх матчах Лігі канферэнцый была толькі адна чырвоная картка, а ў Лізе Еўропы ў гэты дзень – ажно 8 (!).

Моцныя «Беціс» і «Капенгаген» урэшце разышліся мірам – 1:1. Варшаўская «Легія» у гасцях разграміла сербскі клуб «Бачка Топала» – 3:0.

У Лізе Еўропы тры лідары

Ажно 16 паядынкаў прайшло ў больш прэстыжнай Лізе Еўропы. Адзначым найбольш цікавыя. «Рома» на «Стадыё Алімпіка» з цяжкасцю перамагла кіеўскае «Дынама» – 1:0. Што цікава, адзіны мяч з пенальці забіў сваім суайчыннікам украінец Арцём Доўбік на 23-й хвіліне. Амстэрдамскі «Аякс», які пераважны час гуляў у бальшыні з-за выдалення суперніка без праблем забраў тры ачкі ў гасцявым паядынку супраць «Карабаха» – 3:0 (вызначыліся Кенет Тэйлар, Ваўт Вегхорст і Чуба Акпам). Грэчаскі ПАОК і чэшская «Вікторыя» (Пльзень) разышліся выніковым мірам – 2:2. «Твентэ» з Нідэрляндаў з-за выдалення галкіпера большую частку хатняга матча з «Лацыо» быў змушаны гуляць у меншасці. У выніку рымляне перамаглі – 2:0. У першым тайме вызначыўся іспанскі ветэран Педра, а ў другім датчанін Густаў Ісаксен падвоіў перавагу «лацыяле».

Турэцкі «Фенербахчэ» прымаў тытулаваны «Манчэстэр юнайтэд» – выніковыя 1:1 (на гол датчаніна Крысціяна Эрыксэна гаспадары поля адказалі ўдалым ударам мараканца Юсэфа Эн-Нэсіры). Лонданскі «Тотэнхэм» мінімальна выйграў у нідэрлянлскай каманды «АЗ» з Алькмаара – 1:0 (мяч з пенальці забіў бразілец Рышарлісан). Брусельскі «Андэрлехт» адолеў «Лудагорац» з Балгарыі – 2:0. «Атлетык» з Більбао узяў верх над пражскай «Славіяй» – 1:0 (гол баскаў на рахунку чэмпіёна кантынента Ніка Уільямса).

Пасля трох тураў Лігі Еўропы толькі тры каманды набралі па 9 ачкоў – гэта «Лацыо», «Тотэнхэм» і «Андэрлехт», адпаведна яны на чале турнірнай табліцы.

“Жальгірыс” наперадзе баскетбольнай Еўралігі.

5 матчаў адбылося ў чацвер у баскетбольнай Еўралізе. Вільнюскі «Жальгірыс» на родным паркеце пацвердзіў сваю моц у сустрэчы з тэль-авіўскім «Макабі» – 78:63. У французскім дэрбі «Манака» дома саступіў «Парыжу» – 80:87. «Басконія» прымала берлінскую «Альбу» і вельмі ўпэўнена перамагла – 80:57. «Алімпія Мілан» дома не знайшла важкіх аргумантаў супраць турэцкага клуба «Анадолу Эфес» – 84:96. Нарэшце ў цэнтральным паядынку дня мадрыдскі «Рэал» прымаў бялградскую «Црвену Звезду» і досыць нечакана разграміў яе – 95:72.

Пасля гэтага дня наперадзе ў турнірнай табіцы Еўралігі «Жальгірыс», у якога 4 вікторыі, ажно ў сямі клубаў – па 3 перамогі.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя