Беларускі спецыяліст Расціслаў Вяргун пасля сыходу з БК “Мінск” узначаліў екацярынбургскі “Уралмаш”. На пасадзе галоўнага трэнера ўральцаў 41-гадовы настаўнік нацыянальнай зборнай Беларусі змяніў чарнагорца Мілаша Павічэвіча, пад кіраўніцтвам якога клуб з Екацярынбурга ў гэтым сезоне дэбютаваў у Адзінай лізе ВТБ. У 17 згуляных матчах баскетбалісты “Уралмаша” святкавалі 8 перамог. Наступны паядынак новыя падначаленыя Расціслава Вяргуна правядуць 21 снежня ў Краснадары супраць мясцовага клуба “Лакаматыў-Кубань”, за які выступае беларус Уладзіслаў Блізнюк. Расціслаў Вяргун узначальваў лепшы беларускі клуб з 2019 года. У гэтым сезоне “банкаўскага” турніру БК “Мінск” гуляе няўдала, пацярпеўшы паразы ва ўсіх 17 праведзеных сустрэчах.
Менск прымае вырашальны этап Кубка Беларусі па баскетболе сярод жаночых каманд
Паўфінальныя сустрэчы розыгрышу Кубка Беларусі па баскетболе сярод жанчын пройдуць на пляцоўцы сталічнага РДУАР. У стартавым матчы за выхад у фінал лідары сёлетняга чэмпіянату краіны баскетбалісткі “Мінска” згуляюць з “Гомельскімі рысямі”. У другім паўфінале сыдуцца дзейны чэмпіён і ўладальнік Кубка краіны “Гарызонт” і фіналісткі мінулага розыгрышу, срэбраныя прызёры нацыянальнага першынства баскетбалісткі гарадзенскай “Алімпіі”. Пераможцы паўфінальных баталій 21 снежня разыграюць галоўны прыз, а тыя, хто прайграе, вызначаць бронзавага прызёра.
Уваход на ўсе кубкавыя сустрэчы вольны.
НБА запусціла галасаванне за ўдзельнікаў Матчу ўсіх зорак-2024
НБА аб’явіла аб старце галасавання за ўдзельнікаў Матчу ўсіх зорак-2024. Яно працягнецца па 20 студзеня. Прагаласаваць можна на афіцыйным сайце і ў дадатку НБА. Удзельнікаў Матчу ўсіх зорак-2024 аб’явяць 25 студзеня. Галасы фанатаў складуць 50%, а галасы ўсіх дзейных гульцоў і прадстаўнікоў медыя складуць па 25% кожны. 73-і матч усіх зорак НБА адбудзецца 18 лютага на арэне «Гейнбрыдж Філдхаўс» у Індыянапалісе.
Беларускія рэферы будуць судзіць матч жаночай Лігі чэмпіёнаў паміж футбалісткамі “Брана” і “Ліёна”
Беларускія рэферы атрымалі чарговае прызначэнне – матч групавога этапа жаночай Лігі чэмпіёнаў па футболе. Галоўным арбітрам заўтрашняй сустрэчы ў нарвежскім Бергене паміж “Бранам” і французскім “Ліёнам” будзе Вольга Блоцкая. Адной з яе асістэнтак стане беларуска Анастасія Данчанка, а другой – прадстаўніца Казахстана Наргіс Магаў. Пасля першага круга спаборніцтваў у папярэдняй групе В футбалісткі “Ліёна”, якія з’яўляюцца васьміразовымі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў, упэўнена лідыруюць, набраўшы 9 ачкоў з 9 магчымых. Нарвежскі клуб ідзе другім, маючы ў сваім актыве 6 балаў, па адным ачку набралі аўстрыйскі “Санкт-Пельтэн” і чэшская “Славія” з Прагі.
Беларускае Радыё Рацыя