Вясляр Уладзіслаў Кравец прайшоў у паўфінал Алімпіяды на дыстанцыі 1000 метраў у байдарцы-адзіночцы. У сваім кваліфікацыйным заездзе беларус фінішаваў другім. Яго час — 3:32.07.
Першым быў Фернанда Пімента з Партугаліі — 3:29.76. Заезды паўфіналу прызначаны на 10 жніўня.
Тхэквандыст Гурцыеў не пазмагаецца за алімпійскі медаль
Тхэквандыст зборнай Беларусі Георгій Гурцыеў не пазмагаецца за алімпійскі медаль. У 1/8 фіналу ў катэгорыі да 58 кг ён прайграў французу Сірыяну Равэ. Гурцыеў у першым раўндзе выйграваў з лікам 6:0, але пасля “страціў канцэнтрацыю” і прапусціў некалькі ўдараў. Вынік — 0:2. Да 2022 года Гурцыеў, які нарадзіўся ў Паўночнай Асеціі, выступаў за зборную Расеі.
Золата і бронза ў спартовым скалалажанні для Польшчы
Аляксандра Мірослаў заваявала залаты медаль, а Аляксандра Калуцкая — бронзавы медаль у фінальных спаборніцтвах па скалалажанні на час на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аляксандра Мірослаў і Аляксандра Калуцкая сустрэліся ў паўфінале спартовага скалалажання на Алімпійскіх гульнях. Гэта гарантавала Польшчы як мінімум адзін медаль.
У фінале перамагла Мірослаў, апярэдзіўшы кітаянку Ліцзюань Дэн на 6,18 секунды. Аляксандра Калуцкая ў паядынку за бронзу перамагла з вынікам 6,53 секунды інданезійку Раджу Салсабілай.
Гэта пяты і шосты медалі для Польшчы ў французскай сталіцы, у тым ліку першы залаты медаль.
«Ягелонія» сёння згуляе першы матч за выхад у 4-ы раўнд Лігі чэмпіёнаў
Больш за 18 тысяч заўзятараў сёння будуць на стадыёне ў Беластоку назіраць за першай гульнёй трэцяга раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. «Ягелонія» прыме нарвежскага чэмпіёна – клуб «Бодо/Глімт». Матч пачынаецца а 20:45. Матч у адказ у Нарвегіі пройдзе 13 жніўня.
Беларусы выйгралі ўсё золата першынства свету па шахматах сярод юніёраў і юніёрак
У Ташкенце завяршылася першынства свету па шахматах сярод юніёраў і юніёрак да 20 гадоў. На турніры разыгрываліся чатыры залатыя ўзнагароды: у праграмах рапід і бліц асобна сярод юніёраў і юніёрак. Усе гэтыя медалі заваявалі беларускія шахматысты. Чэмпіёнамі па рапіду сталі міжнародны майстар Максім Царук і майстар ФІДЭ Аляксандра Тарасенка. Чэмпіёнамі па бліц — міжнародны гросмайстар Дзяніс Лазавік і майстар ФІДЭ Аляксандра Тарасенка, перадае прэс-служба міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя