BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вясновы футбол на заснежаных палях

У суботу і нядзелю ў экстрэмальных умовах надвор’я прайшлі сустрэчы 3 тура Вышэйшай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе. Так у суботу «Маладэчна» прайграла на сваім полі барысаўскаму БАТЭ з мінімальным лікам 0:1, «Віцебск» з лікам 2:0 перамог наваполацкі «Нафтан». Матч тура паміж менскім «Дынама» і гарадзенскім «Нёманам» з-за снегапада быў спынены на 15 хвіліне пры ліку 0:0. А вось у нядзелю «Іслач» разышлася мірам 1:1 з «Мінскам», з такім жа лікам згулялі між сабою дзяржынскі «Арсенал» ды «Смаргонь», а ў палескім дэрбі «Гомель» на сваім полі мінімальна прайграў мазырскай «Славіі» 0:1. Мазыране ж і ідуць зараз на першым месцы ў турнірнай табліцы. На другім «МЛ Віцебск». Трэцім – барысаўскі БАТЭ.

У Першай лізе былі згуляныя матчы другога тура. З цікавых вынікаў – «Слонім-2017» на сваім полі мінімальна перамог «Гомель-2» 0:1, «Ліда» таксама на сваім полі ў абласным дэрбі разграмілі «Астравец» з лікам 4:1, а «Ніва» з Камянеччыны згуляла 1:1 у Барысаве з дублем БАТЭ. Тут першы радок на нязвыклым для сабе месцы займае дружына са Слоніма.

У польскай Экстракласе таксама гэтымі днямі былі згуляныя некаторыя матчы 27 тура. Адзін з канкурэнтаў беластоцкай «Ягелоніі» ў барацьбе за чэмпіёнства пазнаньскі «Лех» на сваім полі перамог 2:0 «Карону» з Кельцаў, у складзе якой напрыканцы матча з’явіўся беларус Яўген Шыкаўка, але нічым не змог дапамагчы сваёй камандзе. Сама ж «Ягелонія» ўчора на сваім полі згуляла з глівіцкім «Пястам» 1:1. У складзе варшаўскай «Легіі» адзначыўся голавым пасам іншы беларускі легіянер – Ілля Шкурын. Пры чым ён дапамог сваёй камандзе забіць другі пераможны гол “Легія” перамагла “Гурнік” у Забжэ – 2:1. Адзначым, што тут «Ягелонія» ідзе на 3 месцы. Другія – «Лех». А на першым месцы «Ракуў» з Чэнстахова.

Да навінаў з хакея. У беларускай Экстралізе ўчора адбыўся сёмы матч паўфінальнай серыі, у якім «Віцебск» абыграў «Гомель» у овертайме з лікам 2:1. Такім чынам у фінале каманда Рамана Юпатава згуляе з «Юнацтвам», якая ў паўфінале прайшла «Дынама-Маладэчна».

Менскае «Дынама» ў Маскве перайграла ЦСКА 6:2. І такім чынам упершыню ў гісторыі выйшла ў 1/4 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі. Дзе згуляе з чалябінскім «Трактарам».

А тым часам за акіянам форвард «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксандр Авечкін пабіў рэкорд Уэйна Грэцкі па забітых шайбах. Які трымаўся 31 год. На рахунку 39-гадовага расейскага хакеіста цяпер 895 шайбаў у 1487 матчах рэгулярных чэмпіянатаў НХЛ за кар’еру. Бліжэйшы канкурэнт з тых, хто зараз выступае Сідні Кросбі мае на сваім рахунку 619 трапных стрэлаў.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя