BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Войцэх Навіцкі – чэмпіён Еўропы!


Прадстаўнік Падляшша 35-гадовы кідальнік молата Войцэх Навіцкі трэці раз запар стаў чэмпіёнам Еўропы.

Раней ён дамагаўся такога ў 2018 годзе ў Берліне і ў 2022 годзе ў Мюнхене. Цяпер ён дадаў золата ў Рыме. У фінале спаборніцтваў па кіданні молата ён кінуў снарад на адлегласць 80 метраў 95 сантыметраў, што з’яўляецца яго найлепшым вынікам у сезоне. Павел Файдэк завяршыў спаборніцтвы на шостым месцы.

Цікава, што Навіцкі быў здзіўлены, што дамогся такога выніку. – Ставіліся да гэтага як да трэніроўкі перад Алімпіядай, таму што яшчэ не ў найвышэйшай форме, – сказаў Навіцкі пасля выступу.

Беларус Кучко адзначыўся хет-трыкам за другую каманду плоцкай «Віслы»

18-гадовы паўабаронца Глеб Кучко забіў тры галы за другую каманду плоцкай «Віслы». Хет-трык беларуса дапамог яго камандзе абыграць «Рашын» з лікам 9:1. За два туры да завяршэння чацвёртага дывізіёна Польшчы «Вісла 2» размяшчаецца на першым месцы, маючы запас у пяць ачкоў перад другім месцам. На рахунку Кучко ў мінулым сезоне два матчы за асноўны склад «Віслы», якая выступае ў польскім другім дывізіёне.

Зборная Беларусі прыбыла ў Венгрыю на матч супраць Ізраіля

Зборная Беларусі па футболе пералётам праз Стамбул прыбыла ў Будапешт, дзе заўтра, 11 чэрвеня, згуляе са зборнай Ізраіля. Таварыскі матч стартуе ў 19: 00. 7 чэрвеня каманда Карласа Алоса, нагадаем, саступіла ў спарынгу зборнай Расіі з лікам 0:4.

Вірц можа перайсці ў “Рэал” у 2025 годзе

Паўабаронца ліверкузенскага «Байера» Флорыян Вірц можа праз год стаць гульцом мадрыдскага «Рэала». Аб дамоўленасці паведамляе мадрыдская “Marca”. Паводле інфармацыі крыніцы, мадрыдскі клуб пачаў прапрацоўваць магчымасць патэнцыйнага трансферу Вірца яшчэ некалькі месяцаў таму. Адзначаецца, што “Баер” можа запатрабаваць за трансфер 150 мільёнаў еўра.

Алькарас апярэдзіў Джокавіча ў рэйтынгу ATP дзякуючы перамозе на “Ралан Гарос”

Іспанец Карлас Алькарас у фінале “Ралан Гарос” перайграў Аляксандра Зверава, які прадстаўляе Германію,  — 6:3, 2:6, 5:7, 6:1, 6:2. Сустрэча працягвалася 4 гадзіны і 20 хвілін. Дзякуючы трыумфу ў Францыі іспанец падымецца на другое месца ў рэйтынгу АТР і апярэдзіць серба Новака Джокавіча. Рэйтынг узначаліць італьянец Янік Сінэр.

Беларус Федарынчык стаў чэмпіёнам свету па муай-тай сярод моладзі

Беларус Яўген Федарынчык выйграў золата чэмпіянату свету па тайскім боксе 2024 года, які праходзіць у грэчаскіх Патрах. Планетарны форум сабраў у Грэцыі больш за 560 спартоўцаў з 93 краін. На чэмпіянаце стартавалі 10 прадстаўнікоў Беларусі, з якіх тром удалося дабрацца да фіналаў у сваіх вагавых катэгорыях. У нядзелю першым з беларусаў на рынг выходзіў Мікіта Какош, які выступае ў вазе да 86 кг сярод моладзі. Падоўжыць пераможную серыю ў вырашальным баі не выйшла – параза ад француза Ваэля Халіма з лікам 28:29 і срэбраны медаль. Прайсці ўвесь шлях па турнірнай сетцы ў катэгорыі да 71 кг сярод атлетаў не старэйшых за 23 гады ўдалося Яўгену Федарынчыку. У фінале ён не аддаў ніводнага раўнда прадстаўніку ААЭ Таіму Хадле і заваяваў золата.

Беларускае Радыё Рацыя

. Фота EPA-EFE