Футбольны вечар напярэдадні выдаўся насычаным. У Дэбрэцэне Нарвегія перамагла Ізраіль з лікам 4:2, а Эрлінг Холанд забіў свой 40-ы гол за зборную. У Вадуцы Казахстан абыграў Ліхтэнштэйн — 2:0, а Чэхія без праблем разабралася з Гібралтарам — 4:0. Сапраўдная драма разгарнулася ў Скоп’е, дзе Уэльс выратаваўся ў матчы з Паўночнай Македоніяй на 96-й хвіліне — 1:1. Чарнагорыя вырвала перамогу над Фарэрамі толькі ў дадатковы час — 1:0. У Кішынёве Эстонія была мацней за Малдавію — 3:2.
Беларусы зноў перамагаюць — гэтым разам у Баку
Нацыянальная зборная Беларусі ўпэўнена адолела каманду Азербайджана ў таварыскім матчы, які прайшоў у Баку. Сустрэча скончылася з лікам 2:0 на карысць беларусаў. Гаспадары трымаліся да 59-й хвіліны, пакуль Павел Забелін не адправіў мяч у сетку пасля перадачы з фланга. Канчатковы лік усталяваў Мікіта Дземчанка. Гэта ўжо другая перамога беларусаў на выездзе — тыднем раней яны разграмілі Таджыкістан 5:0. Наступны матч — у чэрвені супраць зборнай Расеі.
Маладзёжка Беларусі зноў з перамогай — на гэты раз у Стамбуле
Зборная Беларусі U-21 вырвала перамогу ў туркаў у гасцявым спарынгу — 3:2. Сустрэча праходзіла ў Стамбуле. Руслан Мялькоўскі адкрыў лік на 30-й хвіліне, а галоўным героем стаў Кірыл Цэпянкоў, які аформіў дубль, у тым ліку пераможны гол пад канец матчу. Гэта ўжо другая перамога каманды Віталя Паўлава ў Турцыі — тыднем раней яны абыгралі Паўночную Македонію 3:1. Наперадзе — кваліфікацыя да чэмпіянату Еўропы.
“Віцебск” пачынае з сухой перамогі ў паўфінале супраць “Гомеля”
Хакеісты “Віцебска” ўпэўнена стартавалі ў паўфінальнай серыі плэй-оф, абыграўшы “Гомель” з лікам 2:0. Матч праходзіў на хатнім лёдзе “мядзведзяў”, якія занялі другое месца ў “рэгулярцы” і атрымалі права пачаць серыю дома. Ужо на шостай хвіліне Вадзім Шчагалькоў адкрыў лік, а ў другой трэці вынік умацаваў Яўген Астанкаў. Брама “Віцебска” заставалася недатыкальнай на працягу ўсіх 60 хвілін дзякуючы надзейнай гульні Рамана Бабарыкі. Наступная сустрэча – 27 сакавіка таксама ў Віцебску, пасля чаго серыя пераездзе ў Гомель.
“Рубон” зноў здолеў вырваць перамогу ў драматычным матчы
Пасля першай паловы ў Магілёве баскетбалісты “Рубона” саступалі “Барысфену” 20 ачкоў, але ў другой частцы сустрэчы сітуацыя кардынальна змянілася. Каманда з Віцебска здолела здзейсніць фантастычны камбэк і вырваць перамогу — 92:90. Гэта ўжо шосты трыумф “Рубона” над магілёўцамі ў гэтым сезоне. У лідарах чэмпіяната па-ранейшаму “Гродна-93”, які разграміў “Імпульс-БДУІР” — 100:51.
Беларускае Радыё Рацыя