BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вынікі чарговага тура Лігі чэмпіёнаў

Учора ўвечары дзевяццю матчамі была закрытая праграма трэцяга тура групавога этапа розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Гульнявы дзень прынёс наступныя вынікі. У Бергама мясцовая “Аталанта” і шатландскі “Сэлцік” разышліся сухім мірам і пакінулі вароты супернікаў недатыкальнымі 0:0. Дэбютант гэтага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў французскі “Брэст” працягвае набіраць ачкі і гэтым разам берасцейцы з берагоў Атлантыкі разышліся мірам з “аспірынавым” “Баерам” з Леверкузена 1:1. “Барселона” на сваім полі, дзякуючы хет-трыку Рафіньі, нанесла разгромную паразу “Баварыі” 4:1, у тым ліку і дзякуючы галу Роберта Левандоўскага ў браму сваёй былой каманды. “Манчэсцер Сіці” не пакінуў камня на камні ад гасцей з пражскай “Спарты” – 5:0. Партугальская “Бенфіка” на сваім полі прайграла нідэрландскаму “Феенорду” з лікам 1:3. “Атлетыка” ў Мадрыдзе з такім самым лікам крыху нечакана прайграў французскаму “Лілю” 1:3. Нямецкі “Ляйпцыг” таксама на сваім полі мінімальна саступіў англійскаму “Ліверпулю” з лікам 0:1. “Рэд Бул” таксама на хатняй арэне ў Зальцбургу саступіў гасцям са сталіцы Харватыі “Дынама” 0:2. І не пашанцавала у сябе дома швайцарскаму “Янг Бойз”, які прапусціў адзіны гола ад міланскага “Інтэра” пад зананес на 93-й хвіліне і прайграў з лікам 0:1.

Такім чынам у дзевяці матчах толькі ў двух перамогу здабылі гаспадары, пры гэтым больш чым пераканаўча, гэта – “Барселона” і “Манчэсцер Сіці”.

Пасля трох тураў у турнірнай табліцы на першым і другім месцы ідуць брытанскія “Астан Віла” і “Ліверпуль”, якія пакуль не зведалі горыч паразаў. А з трэцяга па восьмае месцы, якія гарантуюць выхад у наступны раўнд, размясціліся “Манчэсцер Сіці”, “Манака”, “Брэст”, “Баер”, “Інтэр” і “Спорцінг”.

Таксама двума матчамі учора была адкрытая праграма трэцяга тура ў розыгрышы другога па значнасці футбольнага турніра Старога света – Лізе Еўропы. Партугальская “Брага” у сябе дома прайграла на апошняй хвіліне гасцям з поўначы – нарвежскаму “Бодзё Глімт” з лікам 1:2. А “Галатасарай” разам са шведскім “Эльфсборгам” выдалі цэлы фантан галоў на стадыёне ў Стамбуле з вынікам 4:3 на карысць турэцкай каманды.

У польскай Экстракласе ўчора быў згуляны адкладзены матч па-між аўтсайдарам турніру вроцлаўскім “Шлёнскам” і “Сталлю” з Мельца. Па выніку “шлёнзакі” перамаглі з лікам 2:1. Адзіны гол у складзе “Сталі” забіў Вальштынскі, які замяніў нашага суайчынніка Іллю Шкурына за 10 хвілін да гэтага. Міні-футбольная каманда “Сталіца” з Менску, дзякуючы хет-трыку Арцёма Якубава з перамогі стартавала ў асноўным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. У стартавым туры “Сталіца” перамагла шведскую “Удэвалу” з лікам 3:1. Сустрэча адбылася ў французскім Лавалі. Дзе гаспадары групы “Этуаль” перамаглі швайцарскую “Мінерву” з лікам 4:0, з якімі менчукі згуляюць сёння. У элітны раўнд праходзіць толькі пераможца групы.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя