
У Манака прайшло лёсаванне групавых этапаў футбольных еўракубкаў.
У Лізе чэмпіёнаў казахскаму «Кайрату», колеры якога абараняюць беларускія гульцы капітан каманды абаронца Аляксандр Мартыновіч і форвард Валер Грамыка, трэба будзе згуляць з – гішпанскім «Рэалам» з Мадрыда, італьянскім «Інтэрам», ангельскім «Арсеналам», бельгійскім «Бруге», грэцкім «Алімпіякасам», кіпрыёцкім «Пафасам», дацкім «Капенгагенам» ды партугальскім «Спортынгам». Цікава, што адлегласць ад Алматы да сталіцы Партугаліі Лісабона перавышае 6900 кіламетраў, што стане рэкордным падарожжам для турніраў пад эгідай УЕФА.
Раней футзальныя каманды «Кайрата» і «Спортынга» ужо сустракаліся ў Казахстане і на Пірэнэях – у 2015, 2017 і 2019 гадах і тады ўжо гэтыя паездкі лічыліся рэкорднымі.
Удзел у турніры бяруць 36 клубаў. Гэта будзе другі сезон запар з новым фарматам:
– усяго ў асноўным раўндзе адбудзецца 8 тураў;
– 8 найлепшых каманд адразу выйдуць у 1/8 фіналу, а клубы з 9-га па 24-е месцы згуляюць у дадатковым раўндзе плэй-оф за выхад далей.
Фінал Лігі чэмпіёнаў-2026 прызначаны на 30 траўня ў Будапешце на «Пушкаш-Арэне».
Фінал Лігі Еўропы адбудзецца 20 траўня 2026 на арэне «Бешыкташ Парк» у Стамбуле.
У Лізе канферэнцый варшаўская «Легія» беларускага форварда Іллі Шкурына згуляе з данецкім «Шахтарам», пражскай «Спартай», славенскім «Цэле» беларускага асістэнта трэнера Івана Маеўскага, гібралтарскім «Лінкальн Рэд Імпс», турэцкім «Самсунспорам» і ерэванскім «Наа».
У сваю чаргу славенскі «Цэле» Івана Маеўскага згуляе з той жа «Легіяй», ірландскім «Шэмракам», харвацкай «Рыекай», грэцкім АЕКам, чэшскай «Сігмай» ды ірландскім «Шэлбурнам».
А вось беластоцкая «Ягелонія» згуляе з нідэрландскім «АЗ Алкмар», мальційскім «Хамрун Спартанс», фінскім «КюПС», паўночна-македонскай «Шкендыяй», французскім «Страсбурам» ды ў Беласток наведаецца – галоўны крыўдзіцель гарадзенскага «Нёмана» ў гэтым еўрасезоне гішпанскі «Райа Вальекана».
Пасля завяршэння асноўнага этапу:
– 8 найлепшых каманд адразу выходзяць у 1/8 фіналу;
– клубы, якія зоймуць месцы з 9 па 24, будуць змагацца ў плэй-оф за права патрапіць далей.
Фінал Лігі канферэнцый адбудзецца 27 мая 2026 года на Red Bull Arena у Ляйпцыгу.
Гарадзенскі «Нёман» за выступленне ў чатырох раўндах Лігі канферэнцый агулам зарабіў 1 450 000 еўра.
Па суме выступлення нашых клубаў у еўракубках Беларусь не апусціцца ніжэй за 50-е месца ў пяцігадовай табліцы каэфіцыентаў УЕФА па выніках цяперашняга сезона.
Гэта стала вядома пасля таго, як люксембургскі «Дыферданж» і сан-марынскі «Віртус» не змаглі прабіцца ў агульны этап Лігі канферэнцый. Важна, што як і «Нёман» у супрацьстаянні з «Райа Вальекана», так і «Дыферданж» прайграў абодва матчы плэй-оф косаўскай «Дрыце» і, не прынёсшы сваёй краіне балаў, пакінуў Люксембург ззаду Беларусі. Сан-Марына ж тэарэтычна магло абыйсці нашу краіну толькі ў выпадку траплення «Віртуса» ў асноўны этап.
Перад стартам раўнда плэй-оф кваліфікацыі Беларусь займала 48-ю пазіцыю ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА. Па выніках сезона, нашу краіну цяпер могуць абысці толькі Паўночная Македонія і Гібралтар, чые прадстаўнікі («Шкендыя» і «Лінкольн») будуць гуляць на восеньскай стадыі еўракубкаў.
Такім чынам, Беларусь у любым выпадку застанецца сярод 50 лепшых і атрымае назад чатыры пуцёўкі для ўдзелу на еўраарэне ў сезоне-2027/28. У 2026 годзе ж ад нашай краіны ў еўракубках стартуюць толькі тры прадстаўнікі.
У працяг тэмы рэйтынгаў. ФІФА апублікавала новы сусветны рэйтынг мужчынскіх зборных па міні-футболе. Каманда Беларусі ўзнялася ў ім на шэсць пазіцый і заняла 24-е месца.
Сусветны рэйтынг зборных па міні-футболе ўзначальвае каманда Бразіліі. На другім радку размясцілася Партугалія, трэцяе месца займае Гішпанія.
У гэтым годзе зборная Беларусі здолела выйсці ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы, які адбудзецца з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года ў Славеніі, Латвіі і Літве. У кваліфікацыйнай групе беларуская каманда заняла першае месца, апярэдзіўшы зборныя Італіі, Фінляндыі і Мальты.
Аршанскі «Вітэн» прымае ўдзел у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Яго група грае ў Балгарыі. Чэмпіён Беларусі ўжо перамог гібралтарскую «Еўропу» з лікам 10:1 і згуляў з нямецкім «Велімдорфам» унічыю 3:3. Лёс адзінай пуцёўкі ў наступны этап у Лігу Б вызначыцца заўтра ў завочным супрацьстаянні аршанцаў у матчы з гаспадарамі турніра сафійскім «Леўскі» ды «Велімдорфа» з «Еўропай». Нашым хлопца важна выйграць свой матч і як з мага большай розніцай мячоў. На дадзены момант яны маюць перавагу над немцамі на тры мячы.
Учора былі згуляныя першыя тры матчы 20 тура ў Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе.
«Нафтан» у Наваполацку згуляў унічыю 2:2 з прысталічнай «Іслаччу».
«Гомель» таксама ўнічыю 1:1 згуляў з «Мінскам».
А «Маладэчна» ў горадзе на Дзьвіне перамог «Віцебск» з лікам 1:0. Для маладэчанцаў гэта другая перамога ў чэмпіянаце і першая на выездзе, а для гаспадароў – чацьвёртая параза запар.
Учора былі згуляныя паўфіналы Кубка Салея – Кубка Беларусі па хакеі.
«Юнацтва» ў Менску перамагло жлобінскі «Металург» з лікам 3:1.
А «Гомель» на сваёй пляцоўцы быў біты салігорскім «Шахцёрам» з лікам 0:7.
Такім чынам у фінале на менскай «Чыжоўка-Арэне» ў апошні дзень лета за юбілейны 25-ы Кубак Беларусі пазмагаюцца «Юнацтва» ды «Шахцёр».
У ЗША працягваецца тэнісны турнір Вялікага шлема US Open.
Беларускія тэнісісткі працягваюць “выносіць” адтуль расеек. Спачатку ў 1/32 фінала дзеючая чэмпіёнка турніра першая ракетка сусветнага рэйтынга Арына Сабаленка перамагла 67 ракетку Паліну Кудзерметаву з лікам 2:0 – 7:6, 6:2. І выйшла ў 1/16 на 30 ракетку канадыйку Лэйлу Фернандэс.
І ў 1/32 таксама 132 ракетка Вікторыя Азаранка адолела 45-ю ракетку расейку Анастасію Паўлючэнкаву з лікам 2:0 – 6:3, 6:3. Але Вікторыя патрапіла ў 1/16-й на грозную амерыканку – 4-ю ракетку Джэсіку Пегулу і здолеўшы навязаць той барацьбу толькі ў другім сэце, саступіла з лікам 0:2 – 1:6, 5:7.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






