Адбылося лёсаванне першага этапа новага розыгрышу Кубка Беларусі па гандболе. Дзеючы ўладальнік трафея “Мяшкоў Брэст” паспрачаецца за выхад у “Фінал чатырох” з Менскім абласным гандбольным клубам (МАГК). Фіналіст мінулага кубкавага турніру менскі СКА будзе супернічаць з гандбалістамі “Бусла Кітая”. Апанентам гарадзенскага “Кронана” будзе “Машэка” з Магілёва, а сталічны БДУФК-СКА-РГУАР двойчы сустрэнецца з гандбалістамі “Гомеля”. У актыве берасцейскага клуба 14 кубкавых перамог, у СКА – 9 трафеяў, менскі “Аркатрон” тройчы браў Кубак, два разы яго выйгравала сталічнае “Дынама”.
Юлія Гатоўка прабілася ў 1/8 фіналу турніру ў Сеуце
Беларуска Юлія Гатоўка (545-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Сеуце. Прызавы фонд спаборніцтваў у Іспаніі складае 15 000 даляраў. Яна абыграла немку Рэбеку Секуліч з лікам 4-6, 6-2, 7-5. Працягласць матчу склала 2 гадзіны 21 хвіліну.
У «Гомеля» праблемы з заробкамі
Футбалісты «Гомеля» сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Западная трибуна».
– У гульцоў нашага клуба няма прэміяльных. Не таму, што даўгі і іх не плацяць. А таму, што прэміяльных не прадугледжана па кантракце. Зусім. Па апошніх звестках, і з заработнай платай не ўсё гладка. Інфармацыя правераная, з розных крыніц, у тым ліку і ад некаторых гульцоў напрамую, – паведамляе крыніца. Пасля 21-га тура каманда займае 10-е месца ў ЧБ. У актыве 28 ачкоў.
Берн і Турын прымуць першыя матчы новага сезона футбольнай Лігі чэмпіёнаў
На футбольных палях Еўропы сёння стартуе новы сезон абноўленай Лігі чэмпіёнаў. Два паядынкі пачнуцца ў 19.45 паводле менскага часу. У італьянскім Турыне двухразовы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру “Ювентус” прыме нідэрландскі ПСВ з Эйндховена, які адзін раз стаў уладальнікам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. У швейцарскай сталіцы бернскі „Янг Бойз” згуляе з англійскай “Астан Вілай”, якая аднойчы валодала галоўным трафеем еўрапейскага клубнага футбола.Яшчэ чатыры паядынкі стартуюць у 22.00. Самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі “Рэал”, у якога 15 вікторый, у тым ліку і ў мінулым сезоне, згуляе ў сталіцы Іспаніі з нямецкім “Штутгартам”. Сяміразовы трыўмфатар Лігі чэмпіёнаў італьянскі “Мілан” прыме англійскі “Ліверпуль”, у актыве якога шэсць перамог. Яшчэ адзін шасціразовы пераможца мюнхенская “Баварыя” прыме на сваёй арэне заграбскае “Дынама”. У партугальскай сталіцы лісабонскі “Спортынг” будзе супернічаць з французскім “Лілем”. Астатнія сустрэчы першага туру адбудуцца 18-19 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя