Вызначылася дата правядзення лёсавання адбору да Чэмпіяната свету 2026 года. Яно пройдзе праз два месяцы – 13 снежня бягучага года.
Зборная Беларусі па футболе знаходзіцца ў перадапошнім чацвёртым кошыку для лёсавання кваліфікацыі да Чэмпіянату свету 2026 для еўрапейскіх камандаў. 54 зборныя будуць размеркаваны на 12 груп па 4 – 5 каманд. Падчас кваліфікацыі будуць вызначаныя 16 еўрапейскіх зборных, якія стануць удзельнікамі мундыялю. Пераможцы груп выходзяць на турнір аўтаматычна, а 12 каманд, што зоймуць другія месцы» з чатырма найлепшымі камандамі Лігі нацый у турніры плэй-оф вызначаць яшчэ чатырох шчасліўчыкаў.
У першы кошык лёсавання трапяць 8 найлепшых каманд па выніках розыгрышу Лігі Нацый УЕФА ў дывізіёне А, а таксама 4 зборныя, якія на момант лёсавання будуць мець найлепшы рэйтынг ФІФА.
Ужо гарантавалі траплянне ў першы кошык падчас лёсавання: Францыя, Іспанія, Англія, Бельгія, Нідэрланды, Партугалія, Італія і Германія. Яшчэ 4 зборныя вызначацца пасля заканчэння групавога этапу Лігі Нацый. Зборная Беларусі ў сваёй групе ў Лізе у кастрычніку згуляла два матчы ўнічыю з Паўночнай Ірландыяй — 0:0 і Люксембургам — 1:1. А ў лістападзе згуляе таксама з Паўночнай Ірландыяй і Балгарыяй. На дадзены момант у еўрапейскім рэйтынгу беларуская зборная займае 39 радок з 54. Нагадаем, што 23-і Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года адразу ў трох краінах Амерыканскага кантынету – ЗША, Канадзе і Мексіцы.

Трэнер зборнай Паўночнай Ірландыі па футболе Майкл О’Ніл лічыць, што будзе несправядліва калі ім не дадуць дома згуляць з Беларуссю. Ён заявіў, што не жадае, каб яго каманда гуляла на нейтральным полі.
«— Насамрэч, гэта будзе несправядліва ў адносінах да нас, калі нам не дазволяць гуляць на «Віндзор Парку» у Белфасце. У такім выпадку мы правядзем чатыры выязныя матчы, два з якіх — на нейтральнай пляцоўцы, якая далёкая ад ідэалу.
Гульцам павінна падабацца гуляць тут у Белфасце. Я сказаў ім перад матчам, што ў нас, магчыма, не будзе магчымасці згуляць тут у лістападзе, таму трэба даць балельшчыкам нешта запамінальнае,» – прыводзіць словы галоўнага трэнера Паўночнай Ірландыі Майкла O’ніла агенцтва BBC, якія ён сказаў на прэс-канферэнцыі пасля матча ў якім учынілі разгром Балгарыі з лікам 5:0. Наступная гульня ў іх павінная адбыцца са зборнай Беларусі 15 лістапада. Але з-за магчымых візавых санкцыяў у адносінах да беларускай зборнай гэтая сустрэча можа прайсці на нейтральным полі.
Кіпрыёцкі “Арыс”, які трэніруе беларускі спецыяліст Мікалай Шпілеўскі плануе перавабіць да сябе лепшага снайпера чэмпіянату Беларусі па футболе.
Гаворка ідзе пра Джуніёра Эфаге – форварда «Гомеля» і нацыянальнай зборнай афрыканскага Габона. Крыніцы інфармацыі паведамляюць, што кіпрыёцкі клуб ужо дамовіўся з гульцом аб пераходзе. У бягучым сезоне Эфаге правёў 21 гульню ў вышэйшай лізе і аформіў 19 заліковых ачкоў – 15 трапных стрэлаў і 4 выніковыя пасы. Габонец на дадзены момант з’яўляецца лепшым снайперам чэмпіянату Беларусі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






