BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся чвэрцьфінальныя пары футбольнага Кубка Беларусі

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі. Фіналісты мінулага кубкавага турніру футбалісты “Іслачы” з Менскага раёна ў барацьбе за выхад у паўфінал будуць супернічаць з пераможцам пары 1/8 фіналу “Дынама” (Менск) – “Нёман” (Гародня). Адзіны прадстаўнік першай лігі нацыянальнага чэмпіянату бабруйская “Белшына” паспрачаецца з віцебскім “Макслайнам”, які выйшаў у вышэйшую лігу ў гэтым сезоне. Берасцейскае “Дынама” згуляе з жодзінскім “Тарпеда-БелАЗам”, а футбалісты “Віцебска” сустрэнуцца са “Слуцкам”. Чвэрцьфінальныя матчы, а таксама сустрэча сталічных дынамаўцаў і гарадзенскай каманды адбудуцца вясной наступнага года. У вырашальным паядынку папярэдняга розыгрышу Кубка Беларусі футбалісты “Нёмана” абыгралі “Іслач” з лікам 2:0. Барысаўскі БАТЭ з’яўляецца пяціразовым пераможцам кубкавых турніраў, па тры трафеі ў актыве менскага “Дынама”, салігорскага “Шахцёра”, “Гомеля”, бабруйскай “Белшыны” і берасцейскага “Дынама”, па два – у “Нёмана”, “Тарпеда-БелАЗа” , мазырскай “Славіі”, сталічнага МТЗ-РІПА і наваполацкага “Нафтана”, па аднаму разу Кубак выйгравалі “Віцебск”, сталічнае “Дынама-93” і ФК “Мінск”.

Іспанскі “Вальядалід” выйшаў з перамоў па Фёдару Лапавуху

Іспанскі “Вальядалід” спыніў перамовы з мінскім “Дынама” на прадмет трансферу галкіпера Фёдара Лапаўхава. Крыніца паведамляе, што іспанцы накіравалі прапанову ў памеры 200 тысяч даляраў. У сваю чаргу бела-блакітныя выказалі гатоўнасць весці дыялог аб трансферы, пачынаючы з паўмільёна даляраў. Адзначым, што мажарытарным акцыянерам “Вальядаліда” з’яўляецца легендарны ў нядаўнім мінулым бразільскі форвард Раналда (ён завяршыў гульнявую кар’еру ў 2011 годзе), які на днях заявіў аб жаданні прадаць кантрольны пакет акцый у бліжэйшы час. Таксама паведамляецца, што адзін з наймацнейшых бельгійскіх клубаў “Гент” застаецца ў гульні і абгаворвае з чэмпіёнамі Беларусі суму трансфера найлепшага футбаліста Беларусі-2024.
Фёдар Лапаўхаў правёў у гэтым сезоне 40 сустрэч ва ўсіх турнірах. прапусціў 26 мячоў і 23 разы згуляў на нуль.

Мінскія дынамаўцы пачынаюць заключную ў адыходзячым годзе выязную серыю

Хакеісты мінскага “Дынама” сёння пачнуць апошнюю ў каляндарным годзе выязную серыю ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы прыпынак у гасцявым турнэ падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава зрабілі ў Чэлябінску, дзе прымаць “зуброў” будзе лідэр Усходняй канферэнцыі “Трактар”. Уральцы чаргуюць перамогі з паразамі на працягу дзесяці гульняў запар. Дынамаўцы ж да адыходу на перапынак выйгралі два паядынкі з трох на Далёкім Усходзе, дзякуючы чаму замацаваліся ў зоне плэй-оф на Захадзе: зараз у мінчан 38 ачкоў і сёмае месца.
У склад сталічнага клуба на выязную серыю ўвайшлі 26 хакеістаў, у тым ліку пачатковец каманды галкіпер Васіль Дземчанка, які перайшоў у стан “зуброў” з “Адмірала” ў абмен на форварда Мікіту Гуслістава.
У гэтым сезоне “Дынама” і “Трактар” ужо сустракаліся: менш як месяц таму на “Мінск-Арэне” супернікі не здолелі выявіць наймацнейшага ў асноўны час, а ў авертайме поспех быў на баку ўральцаў 4:3.

Беларус Лазавік атрымаў дзве перамогі на старце фіналу Тура чэмпіёнаў па шахматах

У сталіцы Нарвегіі Осла стартаваў фінал прэстыжнага міжнароднага турніру па хуткіх шахматах Champions Chess Tour 2024. Удзел у спаборніцтвах бяруць восем найлепшых шахматыстаў па выніках чатырох анлайн-этапаў Тура чэмпіёнаў 2024 года, у лік наймацнейшых трапіў і беларус Дзяніс Лазавік. Ён перамог Максіма Ваша-Лаграва з Францыі і немца Вінцэнта Каймера, а таксама згуляў унічыю з яшчэ адным французам Алірэзай Фіруджай. Наўпрост у паўфінал трапяць два найлепшыя гульцы па выніках асноўнага раунда.

Беларускае Радыё Рацыя