BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся паўфіналісты футбольнага Кубку Беларусі

футбол

На выходных прайшлі матчы ў адказ 1/4 фінала Кубка Беларусі па футболе.
У суботу барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0 абыграў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ». Менскае «Дынама» згуляла ў асноўны і дадатковы час з прысталічнай «Іслаччу» 1:0 і толькі ў серыі пасляматчавых пенальці прайшло далей.
У нядзелю віцебскі «МЛ» і мазырская «Славія» з аднолькавым лікам 2:0 абгулялі берасцейскае «Дынама» і койданаўскі «Арсенал», адпаведна.
Такім чынам у паўфінал прайшлі БАТЭ, менскае «Дынама», «МЛ» і «Славія».
Паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 15 і 29 красавіка.
Лёсаванне паўфінальнай стадыі пройдзе ў менскім Доме футбола сёння.

Дзеючым уладальнікам Кубка з’яўляецца гарадзенскі «Нёман», які ў фінале мінулага розыгрышу ўпэўнена абыграў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 3:0.

У польскай футбольнай Экстракласе ў матчы 25 тура «Ягелонія» ў Беластоку саступіла «Пясту» з Глівіц з лікам 1:2. Беларускі форвард «Пяста» Герман Баркоўскі выйшаў у аснове і быў заменены на 72 хвіліне. Голам за «Ягелонію» адзначыўся Хесус Імаз.
ГКС у Катавіцах з лікам 2:0 перамог «Лехію» Гданьск. Беларускі форвард «гексы» Ілля Шкурын выйшаў у аснове, на 60-й хвіліне зрабіў лік 2:0 і замяніўся на 83-й.

Па выніку «Ягелонія» апусцілася на 3 радок турнірнай табліцы, «ГКС» узняўся на 6-е месца, а «Пяст» на 12-е.

У матчы 2-га тура фінальнай часткі чэмпіянату Малдовы «Зімбру» перамог «Дачыю» з лікам 3:2.
Дзякуючы гэтаму выніку каманда беларускага галоўнага трэнера Алега Кубарава набрала 18 ачкоў і замацавалася на 2-м радку ў турнірнай табліцы.
Беларускія футбалісты Цімафей Шаркоўскі, а таксама форварды Ілля Васілевіч і Дзяніс Казлоўскі выйшлі на поле ў стартавым складзе. На 49-й хвіліне Казлоўскі вызначыўся забітым мячом пасля дакладнай перадачы Шаркоўскага. Таксама на рахунку Казлоўскага асіст пры першым голе. Абаронца Мікалай Золатаў правёў увесь матч на лаве запасных.

У беларускай хакейнай Экстралізе «разганяецца» 1/4 фінала стадыі плэй-оф.
На выходных «Віцебск» саступіў жлобінскаму «Металургу» з лікам 1:2.
«Шахцёр» у Салігорску з лікам 3:1 перамог «Гомель».
Менскае «Юнацтва» саступіла гарадзенскаму «Нёману» з лікам 2:3.
А «Ліда» ў авертайме з такім самым лікам 3:2 перайграла смаленскі «Славуціч» і здабыла першую ў гісторыі перамогу ў плэй-оф.

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» Аляксея Протаса па булітах саступіў «Бостану» з лікам 2:3.
Протас правёў на лёдзе 20 хвілін 9 секунд, не рэалізаваў пасляматчавы буліт і сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».
«Ванкувер» на дамашнім лёдзе саступіў «Сіэтлу» з лікам 2:5.
Беларускі галкіпер гаспадароў Мікіта Талапіла быў заяўлены асноўным брамнікам. Ён адыграў 60:00 хв, прапусціў 5 шайб, адбіў 28 з 33 кідкоў суперніка. Таксама ён зарабіў 2 хвіліны штрафу.
Усяго ў бягучым сезоне НХЛ 25-гадовы хакеіст згуляў у 15 матчах, дасягнуўшы пяці перамог.
Яго «Ванкувер» з 48 ачкамі пасля 66 сустрэч ідзе на апошнім, 16-м месцы ў Заходняй канферэнцыі і замыкае агульную табліцу НХЛ.
«Чыкага» на выездзе ўсухую прайграў «Вегасу» з лікам 0:4.
Беларускі абаронца гасцей Арцём Леўшуноў на пачатку трэцяга перыяду закінуў шайбу ў браму суперніка, аднак «Вегас» узяў запыт на відэапрагляд, у выніку якога арбітры зафіксавалі пас рукой у галявой атацы і адмянілі гол.
Усяго 20-гадовы гулец правёў на лёдзе 23:55 хв і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
У бягучым сезоне Леўшуноў правёў 61 матч, у якіх набраў 23 ачкі (2+21). Яго паказчык карыснасці складае «-34», таксама ён зарабіў 38 хвілін штрафнога часу.
Яго «Чыкага» знаходзіцца на 14-й пазіцыі ў табліцы Заходняй канферэнцыі, саступаючы 9 ачкоў «Сан-Хасэ», які замыкае зону плэй-оф.

«Юта» прайграла «Пітсбургу» Іллі Салаўёва з лікам 3:4. Салаўёў правёў на лёдзе 11 хвілін 6 секунд і сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».

«Айлендэрс» выйграў у «Калгары» Ягора Шаранговіча з лікам 3:2. Шаранговіч правёў на лёдзе 16 хвілін 30 секунд і сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».

«Ліхай Вэлі» ў гасцях абгуляў «Сірак’юз» з лікам 4:1 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
24-гадовы беларускі брамнік пераможцаў Аляксей Коласаў правёў на лёдзе 59:48 хв, прапусціў адну шайбу і адбіў 39 з 40 кідкоў. У выніку яго прызналі першай зоркай сустрэчы.
У бягучым сезоне АХЛ нараджэнец Менска правёў 28 гульняў, з іх у 12 перамог.

«Хершы» на выездзе абыграў «Уілкс-Бэры» з лікам 4:2.
Беларускі форвард гасцей Ілля Протас выйшаў на лёд у цэнтры першага звяна, набраў 1 (0+1) ачко і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+2». 19-гадовага хакеіста прызналі другой зоркай матча.

А на наступны дзень «Хершы» дома саступіў «Белвілу» з лікам 3:6.
Ілля выйшаў на лёд у цэнтры першага звяна, зноў набраў 1 (1+0) ачко і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
У трэцім перыядзе 19-гадовы хакеіст атрымаў траўму і самастойна пакінуў лёд.
У бягучым сезоне АХЛ нараджэнец Віцебска згуляў 59 матчаў, набраў 50 (25+25) ачкоў, атрымаў 34 хвіліны штрафу і мае карыснасць «+9».
Адзначым, што на дадзены момант Протас з’яўляецца найлепшым снайперам і бамбардзірам сваёй каманды.

Праспект «Вашынгтона» ўзняўся на 12-е месца ў гісторыі АХЛ па колькасці ачкоў сярод беларусаў.
З 50 ачкамі ў АХЛ ён дагнаў па гэтым паказчыку Сяргея Касціцына, які выступаў за «Гамільтан» з 2007 па 2010 год. Пры гэтым Ілля апярэджвае Касціцына па колькасці галоў (25 супраць 15).
Рэкардсменам сярод беларусаў па выніковасці ў турніры застаецца Аляксей Ложкін, які здолеў набраць 221 ачко.
Наперадзе Іллі Пратаса таксама Андрэй Касціцын (122), Даніла Клімовіч (113), Алег Мікульчык (108), Аляксандр Журык (104), Дзмітрый Старасценка (89), Міхаіл Грабоўскі (74), Ілля Салаўёў (69), Раман Грабарэнка (62) і Ягор Сідараў (62).

Першая ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка абыграла прадстаўніцу Казахстана, 3-ю ракетку, Алену Рыбакіну ў фінале турніру серыі WTA-1000 у Індыян-Уэлс з лікам 2:1 – 3:6, 6:3, 7:6 (8:6).
Такім чынам Сабаленка з трэцяй спробы выйграла фінал тысячніка ў Індыян-Уэлс. У 2023 годзе яна саступіла той жа Рыбакінай, а ў 2025-м – расейцы Міры Андрэевай.

Беларускі барэц Абубакар Хаслаханаў стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы U-23 у сербскім Зрэняніне.
У вагавай катэгорыі да 97 кг прадстаўнік беларускай каманды саступіў з лікам 1:3 украінцу Ягору Якушэнку.
Хаслаханаў з’яўляецца прызёрам моладзевых чэмпіянатаў свету і Еўропы 2024 года (срэбра і бронза), у 2024-м ён таксама выступіў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя