У Швецыі і Даніі працягваецца групавы этап 88-га чэмпіяната свету па хакеі. Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі. Аўстрыя перамагла Францыю 5:2. Данія разграміла Венгрыю 8:2. Швейцарыя перамагла Нарвегію 3:0. А Швецыя – Славенію, таксама з сухім лікам 4:0. І такім чынам з групы А ў чвэрцьфінал ужо дакладна выходзіць са 100% пакуль вынікам каманда Швецыі. За ёй зараз ідуць Канада, Фінляндыя ды Славакія. У групе Б таксама ўжо вызначыўся першы чвэрцьфіналіст і гэта каманда Швейцарыі. За ёй ідуць Чэхія, Германія ды ЗША.
«Вашынгтон» беларускага форварда Аляксея Прoтаса завяршыў барацьбу за Кубак Стэнлі-2025. У другім раўндзе каманда саступіла «Караліне» – 1:3. І такім чынам лік у серыі стаў – 1:4. У рэгулярным чэмпіянаце «Вашынгтон» заняў першае месца ў Заходняй канферэнцыі.
Беларус набраў у сезоне 68 (31+37) ачкоў пры паказчыку карыснасці +38. У складзе сталічнай каманды 24-гадовы беларускі форвард Аляксей Протас правёў 10-ы паядынак у розыгрышах Кубка Стэнлі. Па гульнях у плей-оф НХЛ сярод беларусаў ён параўняўся з Міхаілам Грабоўскім, на рахунку якога таксама 10 матчаў. Больш сярод гульцоў з Беларусі паядынкаў у Кубку Стэнлі правялі: Руслан Салей (62 матчы), Андрэй Касціцын (49), Сяргей Касціцын (40) і Уладзімір Цыплакоў (18). Агулам за кар’еру Протас правёў 255 матчаў у НХЛ і набраў 123 (44+79) ачкі. З іх 4 ачкі (1+3) – у плэй-оф.
Учора прайшлі тры матчы 9 тура чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. «Смаргонь» на сваім полі прайграла мазырскай «Славіі» з лікам 0:2. «Гомель» на сваім полі з такім самым лікам перамог наваполацкі «Нафтан» 2:0. А гарадзенскі «Нёман» здабыў першую перамогу за пяць апошніх тураў у Жодзіне – 1:0 супраць «Тарпеда-БелАЗ». Таксама гэтую сустрэчу можна назваць матчам-рэпетыцыяй фінальнай сустрэчы за Кубак Беларусі, якая адбудзецца паміж гэтымі камандамі 24 траўня, але ўжо ў Гародні.
Учора была згуляная першая гульня 8 тура ў Першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе. «Ліда» з мінімальным лікам 1:0 перамагла на выездзе дубль менскага «Дынама» і такім чынам часова ўзнялася на 4 радок турнірнай табліцы.
У Польшчы учора былі згуляныя першыя матчы перадапошняга 33 тура у футбольнай Экстракласе. Беластоцкая «Ягелонія» на выездзе разышлася мірам 1:1 з мінулагоднім сваім супренікам за залатыя медалі – вроцлаўскім «Шлёнскам», які ў гэтым сезоне дакладна пакідае лігу. І тым самым беластачане страцілі ўсе шансы на другое чэмпіёнства ды нават другое месца. А ў выпадку, калі «Пагоня» Шчэцін заўтра пераможа «Лехію» Гданьск, то праз тыдзень у Беластоку «Ягелонія» ды «Пагоня» разыграюць між сабою бронзавыя ўзнагароды чэмпіяната.
Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) працягнула адхіленне беларускіх і расейскіх зборных і клубаў. Яно працягнецца да наступнага пасяджэння выканаўчага камітэта, якое адбудзецца ў жніўні гэтага года. Нагадаем, што ў сакавіку 2022 года ФІБА адхіліла беларускія і расейскія нацыянальныя зборныя, а таксама ўсе іх мужчынскія і жаночыя клубы з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя