BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся шэсць з васьмі чвэрцьфіналістаў Лігі нацый УЕФА

За дзень да фінішу групавога этапа вядомы шэсць з васьмі ўдзельнікаў чвэрцьфінальнай стадыі Лігі нацый УЕФА. З групы А1 у чвэрцьфінал з першага месца выйшла зборная Партугаліі, а на другую пуцёўку прэтэндуюць каманды Харватыі і Шатландыі. Сёння харваты прымуць партугальцаў, а шатландцы згуляюць на выездзе з палякамі.

Фота: UEFA.com

У групе А2 у чвэрцьфінал ужо выйшлі зборныя Францыі і Італіі, бельгійцы згуляюць у стыкавых матчах за права застацца ў лізе А, ізраільцяне вылецелі ў лігу В.

Усё зразумела і ў квартэце А3 – футбалісты Германіі і Нідэрландаў прайшлі ў плэй-оф, венгры выступяць у стыкавых гульнях, баснійцы пакідаюць лігу А.

Зборная Іспаніі забяспечыла сабе першае месца ў групе А4, а за другую пазіцыю сёння будуць змагацца каманды Сербіі і Даніі. Швейцарцы, якія страцілі шансы захаваць прапіску ў лізе А, згуляюць у гасцях з іспанцамі.

З групы 2 лігі B у элітны дывізіён Лігі нацый ужо падняліся футбалісты зборнай Англіі. Грэкі згуляюць у “стыках” за права выступіць у лізе А, а ірландцы – за права застацца ў лізе B. Фіны апусцяцца ў лігу С.

З групы В3 павышэнне ў класе зарабілі нарвежцы, аўстрыйцы паспрачаюцца за трапленне лігу А, славенцы будуць адстойваць месца ў другім дывізіёне, а казахстанскія футбалісты вылецелі ў групу С.

Беларускія футбалісты завершаць сезон Лігі нацый сустрэчай у Балгарыі

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі завершаць сезон Лігі нацый УЕФА матчам з балгарамі. Паядынак 6-га тура групы С3 на полі стадыёна “Васіл Леўскі” ў Сафіі будзе судзіць брыгада арбітраў з Нідэрландаў, якую ўзначаліць Алард Ліндхаўт. Гульня пачнецца ў 22.45 па менскім часе і будзе паказана ў жывым эфіры тэлеканала СТБ. У матчы першага круга беларускія і балгарскія футбалісты не выявілі пераможцу, згуляўшы ўнічыю – 0:0.  Таксама сёння футбалісты Люксембурга прымуць на сваім полі паўночнаірландцаў. Становішча каманд перад заключным турам: Паўночная Ірландыя – 10 ачкоў, Балгарыя – 8, Беларусь – 6, Люксембург – 2.

Матч паміж БАТЭ і “Смаргонню” будзе перанесены

АБФФ задаволіла хадайніцтва БАТЭ і “Смаргоні” аб пераносе матча 30-га тура вышэйшай лігі з 7 снежня на больш ранні тэрмін. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт барысаўскага клуба. Такім чынам, матч на “Барысаў-Арэне” адбудзецца ў чацвер, 28 лістапада. БАТЭ з 37 ачкамі займае 7-е месца, “Смаргонь” размясцілася на 12-й пазіцыі з 28 баламі.

Бага пакінуў пасаду галоўнага трэнера “Сокала”

Беларускі галоўны трэнер саратаўскага “Сокала” Аляксей Бага пакідае пасаду. Назіральная рада клуба зацвердзіла скасаванне кантракту з беларускім спецыялістам. 43-гадовы настаўнік працаваў з камандай са снежня 2023 года. “Сокал” займае 16-е месца ў чэмпіянаце Расіі (Д2), зарабіўшы 19 балаў пасля 19 матчаў.

ВРЗ разграміў лідара “Мінск”

Гомельскі ВРЗ на хатняй арэне ўпэўнена перамог “Мінск” у матчы 10-га тура чэмпіянату краіны па міні-футболе – 7:2. ВРЗ ідзе другім у табліцы з 24 ачкамі, “Мінск” лідыруе з 27 баламі. У іншых сустрэчах «Ахова-Дынама» у гасцях абыграла аршанскі “Вітэн” з лікам 3:2, а гарадзенскае УУС-«Дынама» таксама ў гасцях упэўнена перамог берасцейскі Меркурый-ДМК з лікам 5:2.

Протас аддаў дзве галявыя перадачы

Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас правёў чарговую выніковую гульню ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. Сталічны клуб на выездзе сустракаўся з “Вегасам”. У пачатку другога перыяду Протас асіставаў Якубу Вране, які зрабіў лік 3:1 на карысць гасцей, а за некалькі секунд да сірэны беларус аддаў галявы пас Аляксандру Авечкіну, які ўсталяваў канчатковы лік – 5:2. Расейскі капітан “Вашынгтона” вызначыўся ў гэтым матчы хет-трыкам і скараціў адставанне ад рэкорду Уэйна Грэцкі па галах у НХЛ да 29 шайб. У бягучым сезоне Аляксей Протас набраў 17 (6+11) ачкоў у 17 матчах пры паказчыку карыснасці “11”.

Беларускае Радыё Рацыя