BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся ўсе фіналісты еўракубкавых футбольных турніраў

Пасля паўторных паўфінальных сустрэч сталі вядомы ўдзельнікі ўсіх вырашальных паядынкаў еўракубкавых футбольных турніраў.

У фінале другога па рангу кантынентальнага турніру – Лігі Еўропы – сустрэнуцца новаспечаны чэмпіён Германіі “Баер” з Леверкузена і італьянская “Аталанта” з Бергама. Іх сустрэча адбудзецца 22 траўня ў ірландскім Дубліне.

У вырашальным паядынку трэцяга па статусе турніру – Лігі канферэнцый – італьянская “Фіярэнціна” з Фларэнцыі 29 траўня згуляе ў Афінах з грэчаскім “Алімпіякасам”.

Раней у фінал галоўнага клубнага турніру Еўропы – Лігі чэмпіёнаў – прабіліся нямецкая “Барусія” з Дортмунда і самы тытулаваны клуб кантынента іспанскі “Рэал” з Мадрыда. Вырашальны матч чэмпіёнскай Лігі адбудзецца 1 чэрвеня на лонданскім стадыёне “Уэмблі”.-

Футбалісткі “Віцебску” разграмілі “Смаргонь” у матчы чэмпіянату

Футбалісткі “Віцебска” здабылі трэцюю перамогу ў матчах жаночага чэмпіянату Беларусі. У гасцявым паядынку 8-га тура віцяблянкі разграмілі футбалістак “Смаргоні” з лікам 10:0. Па галявому дублю ў гэтай сустрэчы аформілі Марыя Пешына, Кацярына Янчыленка і Дар’я Міхан. Пасля гэтага поспеху “Віцебск” набраў 10 ачкоў і ўзняўся на 6-е месца ў турнірнай табліцы.

Аляксандра Сасновіч на турніры ў Рыме перамагла 18-ю ракетку свету

У другім крузе тэніснага турніру ў Рыме беларуска Аляксандра Сасновіч, якая займае 113-е месца ў рэйтынгу WTA, выйграла ў 18-й ракеткі свету — расейкі Кацярыны Аляксандравай. Гульня скончылася з лікам 6:0, 6:1. Пры гэтым увесь матч заняў 59 хвілін. Наступнай суперніцай Сасновіч будзе Ангеліка Кербер (331) з Германіі.

Барэц грэка-рымскага стылю Маскевіч стаў уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі

У турэцкім Стамбуле стартаваў сусветны кваліфікацыйны турнір на летнія Алімпійскія гульні па барацьбе з удзелам беларускіх спартоўцаў. Алімпійскія ліцэнзіі атрымліваюць пры праходжанні паўфінальнай стадыі – сутычкі за медалі на турніры не прадугледжаны. У катэгорыі да 87 кг з задачай справіўся пасеяны пад першым нумарам беларус Кірыл Маскевіч. У 1/8 фіналу наш змагар перамог паляка Аркадыюша Кулініча, у чвэрцьфінале справіўся з Ніку Апёкам з Румыніі, а ў паўфінале разабраўся з прадстаўніком Даніі Турпалам Бісултанавым. Будучая Алімпіяда стане для Маскевіча другой у кар’еры пасля Гульняў у Токіа.

Зборная Беларусі па хакеі зноў прайграла Расеі 25

У Туле адбыўся чарговы паядынак серыі “Ліга Ставок. Вялікі тур зборнай” паміж хакейнымі камандамі Беларусі і Расеі 25. Матч у Туле стаўся самым выніковым у бягучым турнэ. Беларусы прайгралі 2:6 – за беларускую каманду шайбы закінулі Вадзім Мароз і Віталь Пінчук.

Беларускае Радыё Рацыя