BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся ўсе каманды стадыі плэй-оф клубнага ЧС па футболе

Напярэдадні былі згуляныя апошнія два матчы групавога этапу турніра. Саудаўскі «Аль-Хіляль» перамог з лікам 2:0 мексіканскую «Пачуку». А іспанскі «Рэал Мадрыд» без асаблівых складанасцяў разабраўся з аўстрыйскім «Зальцбургам» 3:0.

Фота: Getty Images

І такім чынам у 1/8 фінала згуляюць наступныя пары:

Італьянскі «Інтэр» і бразільскі «Флуміненсэ»

Ангельскі «Манчэстэр Сіці» і саудаўскі «Аль-Хіляль»

Бразільскія «Палмейрас» і «Батафага»

Партугальская «Бенфіка» і ангельскі «Чэлсі»

Французскі «ПСЖ» і амерыканскі «Інтэр Маямі»

Бразільскі «Фламенга» і нямецкая «Баварыя»

Іспанскі «Рэал» і італьянскі «Ювэнтус»

Нямецкая «Барусія» і мексіканскі «Мантэрэй»

Першыя матчы стадыі ўжо сёння.

У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі ўчора двума матчамі пачаўся 14 тур. Працягвае губляць ачкі адзін з лідараў чэмпіяната – мазырская «Славія». Гэтым разам яна згуляла ўнічыю 2:2 з «Мінскам». Прычым палешукі ўпусцілі перамогу на дададзенай 94 хвіліне матча.

Пачынае выбірацца з аўтсайдарскай ямы «Маладэчна». У «надвіленскім» дэрбі маладэчанцы ўпершыню ў гэтым сезоне і за 25 гадоў пасля вяртання ў эліту перамаглі свайго геаграфічнага суседа «Смаргонь» з лікам 2:1.

Сёння ў Варшаве пройдзе Турнір Беларускай Салідарнасці – IV-ы «Кубак Івуліна».Спаборніцтва было арганізаванае ў 2022 годзе на знак салідарнасці з беларускім спартыўным журналістам і блогерам Аляксандрам Івуліным, а таксама тысячамі іншых палітвязняў, якія апынуліся ў Беларусі ў турмах. У турніры прымуць удзел 28 каманд, падзеленыя на 4 групы па 7 калектываў у кожнай. У стадыю плэй-оф выйдзе па 4 каманды з кожнай групы.

УЕФА абвясціў, як вырашыў праблему нядопуску футзальнай зборнай Беларусі на Еўра-2026.
– Па выніках асноўнага раўнда, які завяршыўся ў красавіку, Беларусь зарабiла прамую пуцёўку ў фінальную стадыю, якая пройдзе з 20 студзеня па 7 лютага 2026 года.

Паколькі краіны асацыяцый, якія прымаюць турнір, – Латвія і Літва – забараняюць на сваёй тэрыторыі праводзіць матчы з удзелам зборных Беларусі, выканаўчы камітэт УЕФА прыняў справядлівае і збалансаванае рашэнне для забеспячэння паспяховай арганізацыі чэмпіянату шляхам дадання трэцяй прымаючай краіны. Пасля ацэнкі ўсіх краін, якія прабіліся ў фінальную стадыю зборных, выканаўчы камітэт УЕФА спыніў выбар на Славеніі, якая пераадолела кваліфікацыю па спартыўным прынцыпе. Падставай для прыняцця рашэння стала гатоўнасць Любляны і наяўнасць добра развітой інфраструктуры, якая выкарыстоўвалася для правядзення Еўра-2018 па футзале, а таксама поўная падтрымка і гатоўнасць да супрацоўніцтва з боку футбольнага саюза Славеніі.

Латвія і Літва захаваюць правы на правядзенне турніру. Матчы групы А пройдуць у Рызе, матчы групы B – у Коўне. Кожны горад таксама прыме па адным чвэрцьфінале. Славенія прыме 18 матчаў, у тым ліку матчы груп С і D. На «Арэна Стожыцэ» пройдуць таксама два чвэрцьфіналы, паўфіналы, матч за трэцяе месца і фінал. Калі ў трэцім туры матчы ў групах будуць праводзіцца адначасова, у якасці другой арэны ад Славеніі будзе выкарыстоўвацца «Цівалі Арэна». Славенія будзе вызначаная ў групу С, тады як Беларусь патрапіць у групу С або D, у выніку чаго ўсе патэнцыйныя матчы з удзелам беларусаў будуць гуляцца ў Славеніі.

УЕФА дзякуе ўсiм тром прымаючым асацыяцыям за аператыўнае супрацоўніцтва і гнуткасць у забеспячэнні цэласнасці і поспеху флагманскага футзальнага турніру для нацыянальных зборных, – гаворыцца на сайце УЕФА.

Адбылося лёсаванне асноўнай сеткі тэніснага турніра Уімблдон 2025 сярод жанчын. Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка ў першым крузе, альбо 1/64 фінала, згуляе з канадскай спартсменкай Карсан Бранстан (231). Вікторыя Азаранка (105) пачне шлях на турніры з матча супраць расейкі Анастасіі Захаравай (94). Аляксандра Сасновіч (108) у першым крузе Уімблдона-2025 памераецца сіламі з прадстаўніцай Францыі Варварай Грачовай (111).

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя