BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі 1/4 фінала на чэмпіянаце свету па хакеі

Учора былі згуляныя апошнія матчы групавога этапу 88-га чэмпіяната свету па хакеі ў Даніі ды Швецыі. У складаным і напружаным матчы зборных Даніі ды Германіі толькі ў серыі пасляматчавых булітаў вызначыўся апошні чвэрцьфіналіст. Ім стала каманда гаспадароў чэмпіяната, якая перамагла з лікам 2:1 з улікам булітаў. Таксама ўчора Аўстрыя разграміла Латвію 6:1. Швайцарыя перамагла Казахстан 4:1. ЗША – Чэхію 5:2. Фінляндыя – Славакію 2:1. Ды Канада перамагла Швецыю з лікам 5:3. І такім чынам у 1/4 фінала згуляюць Канада супраць Даніі, каманда ЗША супраць Фінляндыі, Швецыя супраць Чэхіі. Ды «альпійскае дэрбі» Швайцарыі ды Аўстрыі, якая выйшла ў стадыю плэй-оф чемпіянатаў свету упершыню за 31 год. У сусветны дывізіён Б на наступны сезон па выніках гэтага апусціліся зборныя Францыі ды Казахстана.

Учора двума матчамі датэрмінова распачаўся 10-ы тур у Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе. Каб мець больш часу на аднаўленне да суботняга фіналу Кубка Беларусі, свае гульні згулялі фіналісты. Так гарадзенскі «Нёман» выправіўся ў Наваполацк, дзе з лікам 3:1 перамог мясцовы «Нафтан». Варта адзначыць, што трэнер навапалачан Крывушэнка замяніў галкіпера ўжо на 28 хвіліне, калі той прапусціў два галы, але і яго зменшчык прапусціў ад гарадзенцаў ужо на трэцяй хвіліне пасля выхаду на поле. У сваю чаргу жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» наведалася ў Мазыр да аднаго з лідараў чэмпіянату – «Славіі», дзе саступіла той з мінімальным лікам 0:1.

Учора таксама быў згуляны першы матч стадыі 1/32 фінала Кубка Беларусі сезона 2025/26 гадоў. Магілёўскі «Тэхнолаг БДУТ» быў разгромлены менскім «Д-Медыя» з лікам 6:0, у складзе якога грае шэраг вядомых некалі беларускіх гульцоў.

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс». Арцём Радзькоў афіцыйна ўзначаліў клуб з Лімасола пасля сыходу іншага беларуса Аляксея Шпілеўскага. Арцём Радзькоў апошнім часам быў асістэнтам трэнера ў махачкалінскім «Дынама». У 2021 – 2022 гадах трэніраваў «Іслач». А ў 2022 годзе быў прызнаны найлепшым трэнерам Беларусі. Беларус Аляксей Шпілеўскі трэніраваў кіпрскі «Арыс» з 2022 года і прывёў каманду ў 2023 годзе да першага ў гісторыі каманды чэмпіёнства ў першынстве Кіпра. Дарэчы, клуб у сваіх сацсетках прывітаў Радзькова па-беларуску – словамі: «Сардэчна вітаем у «Арысе!». Варта адзначыць, што першую сваю прэс-канферэнцыю беларускі настаўнік даваў на ангельскай мове, а яго заробак на Кіпры вырас у 6 разоў ў параўнанні з Расеяй. У сезоне 2024 – 2025 «Арыс» фінішаваў на 2-м месцы і будзе гуляць у кваліфікацыі Лігі Еўропы, а ў рэйтынгу УЕФА сезона 2024/2025 чэмпіянат Кіпру мае 13-ы радок, тады як чэмпіянат Беларусі — 42-і.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя