
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі чэмпіянату свету па футболе. Апошнія дзве каманды вызначыліся ў міжкантынентальных стыках.
Зборная Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў дадатковы час перамагла Ямайку з лікам 1:0.
Адзіны мяч на 100-й хвіліне гульні забіў цэнтральны абаронца Туанзэбэ.
ДР Конга згуляе на мундыялі другі раз у гісторыі, праз 52 гады. Раней ім удалося выйсці на турнір у 1974 годзе.
Супернікамі кангалезцаў на гэты раз будуць Партугалія, Калумбія і Узбекістан.
Ірак у асноўны час быў мацней за Балівію 2:1.
Каманды абмяняліся галамі ў першым тайме, а ў другой палове гульні Хусэйн прынёс перамогу гаспадарам.
Ірак другі раз у гісторыі выйшаў на мундыяль праз 40 гадоў. Першы раз гэта было ў 1986 годзе, калі каманда прайграла ўсе тры матчы ў групе.
На гэты раз Ірак згуляе ў квартэце з Францыяй, Сенегалам і Нарвегіяй.
Нагадаем, напярэдадні вызначыліся чатыры апошнія ўдзельнікі ад Еўропы. Гэта Чэхія, Турцыя, Швецыя і Боснія і Герцагавіна, што сенсацыйна ў серыі пенальці выйграла ў Італіі.
Чэмпіянат свету 2026 года пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. Упершыню ў гісторыі на турніры згуляюць ажно 48 зборных (раней было 32). Яны сфармавалі 12 груп мундыяля.
З кожнай групы выходзяць па дзве найлепшыя каманды і 8 з 12 найлепшых трэціх месцаў. Плэй-оф стартуе са стадыі 1/16 фіналу.
А тым часам зборная Беларусі па футболе палепшыла сваё становішча ў рэйтынгу ФІФА. Пасля публікацыі новага рэйтынгу каманда паднялася на адну пазіцыю і цяпер займае 97-е месца ў свеце.
Рост стаў магчымы дзякуючы ўдалым вынікам у таварыскіх матчах у сакавіку. Каманда пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарэнкі правяла дзве сустрэчы і абедзве выйграла: супраць Кіпра з лікам 1:0 і супраць Арменіі — 2:1. Гэтыя перамогі дадалі зборнай дадатковыя балы ў рэйтынгу ФІФА.
Па стане на сёння ў лідары сусветнага рэйтынгу выйшла зборная Францыі, якая мае крыху больш за 1877 балаў. Ранейшая першая каманда — Гішпанія — апусцілася на другую пазіцыю. Тройку мацнейшых замыкае Аргенціна. У дзясятку таксама ўваходзяць такія зборныя, як Англія, Партугалія, Бразілія, Нідэрланды, Марока, Бельгія і Германія.
Беларуская зборная з балам каля 1235 размясцілася побач з такімі камандамі, як Гватэмала і Люксембург. А самае апошняе, 211-е месца, займае ў рэйтынгу зборная Сан-Марына.
Наступныя таварыскія матчы зборная Беларусі плануе правесці ў чэрвені. Што праўда, яе супернікі пакуль яшчэ не вызначаныя.
Учора павінен быў адбыцца другі матч паўфінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай Экстралігі паміж салігорскім «Шахцёрам» і смаленскім «Славуцічам». Як паведамляе прэс-служба ФХБ, гульню адмянілі з-за пашкоджання халадзільнага абсталявання ў спартова-забаўляльным комплексе Салігорска. Пачаткова пачатак сустрэчы быў перанесены на гадзіну пазней.
Рашэнне пра новую дату матчу федэрацыя прыме пасля кансультацыі з клубамі і паведаміць пазней.
Нагадаем, што ў першым матчы ў авертайме з лікам 4:3 перамог «Шахцёр».
Учора «Хершы» прайграў «Брыджпорту» з лікам 1:3 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
Беларускі форвард Ілля Протас у сярэдзіне другога перыяду аддаў галявую перадачу на Сонні Мілана, які рэалізаваў большасць і адкрыў лік.
Для Протаса гэта 56-ы (27+29) выніковы бал за 64 гульні ў бягучым сезоне.
Па выніках матча форвард зарабіў 2 штрафныя хвіліны і паказчык карыснасці «-1».
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






