
Працягваюць вызначацца ўдзельнікі асноўнай стадыі футбольных еўракубкаў. Учора былі згуляныя некалькі матчаў у адказ стадыі плэй-оф. У Лізе чэмпіёнаў прайшлі апошнія 4 матчы гэтай стадыі.
Азербайджанскі «Карабах» на сваім полі саступіў венгерскаму «Ферэнцварашу» з лікам 2:3. Але дзякуючы перамозе з лікам 3:1 тыдзень таму ў Будапешце у асноўную стадыю ў другі раз у гісторыі выходзяць каўказцы.
Дацкі «Капенгаген» пасля папярэдняй нічыей 1:1, учора перайграў на сваім полі швайцарскі «Базэль» лікам 2:0 і крочыць далей.
Бельгійскі «Бруге» тыдзень таму ў Глазга перайграў «Рэйнджэрс» з лікам 3:1. А ўчора проста камня на камні не пакінуў на шатландскіх «міліцыянтах», разграміўшы тых з лікам 6:0 і агульным лікам у двубоі 9:1. Што праўда «рэйнджэры» гралі ўдзесяцёх ажно з 8 хвіліны гульні.
Апошні 36-ы ўдзельнік асноўнага раўнда Лігі чэмпіёнаў вызначыўся ў Лісабоне, дзе мясцовая «Бенфіка» прымала турэцкі «Фенербахчэ» і перайграла яго, як і тыдзень таму ў Стамбуле, з лікам 1:0. Адметна, што адзіны гол у браму сваім суайчыннікам забіў турэцкі легіянер «арлоў» – Керэм Акцюркаглу.
Лёсаванне асноўнага раўнда Лігі чэмпіёнаў пройдзе сёння ўвечары ў Манака. Каманды, што ўчора саступілі, згуляюць у асноўным раўндзе Лігі Еўропы.
Па адной гульні ўчора было згуляна ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый.
Кіпрыёцкі АЕК, які з 39 хвіліны граў у меньшасці, у Ларнацы буйна суступіў нарвежскаму «Брану» з лікам 0:4 і па суме двубою «Бран» згуляе ў Лізе Еўропы, а АЕК у Лізе канферэнцыяў.
Дзе ўчора ФК «Рыга» на сваім полі перамагла пражскую «Спарту» з лікам 1:0. Але гэтага было недастаткова, каб адквітаць латышам 2 мячы, прапушчаныя тыднем раней ў Празе. І таму «Спарта» крочыць у еўравосень, а «Рыга» факусуецца на ўнутраным чэмпіянаце.
З еўракубкаў у вялікім футболе пераключымся на Лігу чэмпіёнаў у міні-футболе. Чэмпіён Беларусі – аршанскі «Вітэн» учора стартаваў у розыгрышы гэтага турніра. Гульні групы Е праходзяць у сталіцы Балгарыі Сафіі. Там беларусы ўчора згулялі першы матч у якім не пакінулі камня на камні ад «Еўропы». Разграміўшы чэмпіёна Гібралтара з лікам 10:1.
Паралельна ў нашай групе нямецкі «Велімдорф» з менш буйным лікам 7:1 перайграў каманду гаспадароў міні-турніра – сафійскі «Леўскі».
Сёння «Вітэн» згуляе перадвырашальны матч з немцамі, бо ў наступную стадыю з групы выходзіць толькі адна каманда.
Учора ў Кубку Салея – Кубку Беларусі па хакеі былі згуляныя матчы 1/4 фінала. Нагадаю, што ў гэтым турніры супрацьстаянне складаецца з адной гульні. «Металург» у Жлобіне перайграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 5:1. «Брэст» на сваёй пляцоўцы саступіў «Гомелю» з лікам 2:5.
«Юнацтва» ў Менску перайграла «Магілёў» з лікам 2:0. «Віцебск» на сваёй пляцоўцы ў овертайме прайграў з лікам 2:3 салігорскаму «Шахцёру».
У паўфінале за Кубак Салея сустрэнуцца «Гомель» і «Шахцёр», ды «Юнацтва» і «Металург».
У 1/32 фінала тэніснага турніра Вялікага шлема US Open 132-я ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка без асаблівых цяжкасцяў у двух сэтах разабралася з 45-й ракеткай – расейкай Анстасіяй Паўлючэнкавай – 6:3, 6:3. У 1/16 фінала нашай Вікторыі патрапілася суперніца не з лёгкіх – 4-я ракетка амерыканка Джэсіка Пегула, якая перад тым разабралася з 80-й ракеткай – таксама расейкай Ганнай Блінковай з лікам 6:1, 6:3.
Учора былі згуляныя апошнія матчы групавога этапа чэмпіяната свету па валейболе сярод жанчын, які праходзіць у Тайландзе. Полькі перамаглі немак з лікам 3:2 (21:25, 25:15, 19:25, 28:26, 19:17) і са 100%-м вынікам з першага месца выйшлі ў 1/8 фінала на бельгіек.
А вось украінкі скончылі сваё выступленне на пазітыўнай ноце і за папярэднія няўдачы адыграліся на камерунках 3:0 (25:17, 25:21, 25:20).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






