Вызначыўся другі фіналіст футбольнай Лігі нацый.

Учора, 5 чэрвеня, у паўфінале сустракаліся таксама колішнія пераможцы гэтага турніру – зборныя Гішпнаіі ды Францыі, і выдалі фантастычны матч, дзе накалацілі на абедзвюх – 9 галоў. З хакейным лікам 5:4 перамаглі дзейныя ўладальнікі кубка – гішпанцы. Спачатку яны павялі ў ліку 4:0. Галамі адзначыліся – Уільямс, Мерына, Ямаль і Педры. Пасля адзін гол адквітаў Мбапэ – 4:1. Затым Ямаль ізноў вярнуў лік на табло да непрыстойнага 5:1. А пасля французы Шэркі і Кола Муані з дапамогай аўтагола Вівіяна да 93 хвіліны скарацілі лік да мінімальнага. І такім чынам у гэтую нядзелю ў Германіі адбудуцца адразу матчы за трэцяе месца і фінал. Бронзу Лігі нацый у Штутгарце разыграюць Германія ды Францыя. А ў фінале ў Мюнхене вызначыцца, хто стане першым уладальнікам другога такога кубка – ізноў Гішпанія ці Партугалія.
Зборная ж Беларусі ўчора на «Барысаў Арэне» правяла таварыскую сустрэчу са зборнай Казахстана і перамагла з разгромным лікам 4:1. Галамі за «белакрылых» адзначыліся Валер Грамыка, Валер Бачароў, Трафім Мельнічэнка, ды першым галом за зборную – форвард «Кароны» з Кельцаў Яўген Шыкаўка.
А тым часам зборная Узбекістана ўпершыню ў гісторыі выйшла на Чэмпіянат свету па футболе.
Учора ўзбекі згулялі ўнічыю 0:0 з камандай з ААЭ у рамках 9-га тура кваліфікацыі ЧС-2026.
Гэтая нічыя супраць каманды, якая ідзе 3-й у групе А, дазволіла ўзбекам гарантаваць фініш у адборы не ніжэй за 2-е месца і выйсці з групы наўпрост на мундыяль.
Для Узбекістана выхад на ЧС – першы ў гісторыі краіны.
Прайшоў першы матч фінальнай серыі Кубка Стэнлі ў Нацыянальнай хакейнай лізе.
«Эдмантан» абыграў у авер-тайме «Флорыду» з лікам 4:3.
Фінальная серыя плей-оф працягнецца да чатырох перамог адной з каманд.
Учора прайшлі паўфінальныя сустрэчы жаночага тэніснага турніра Ралан Гарос. На грунтовых кортах Парыжа спачатку першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка перамагла пятую ракетку польку Ігу Свёнтэк з лікам 2:1. Сустрэча доўжылася амаль дзве з паловай гадзіны. Напачатку першага сэта Сабаленка ўзяла тры запар гейма, рэалізаваўшы два брэйк-пойнты. Першы сэт завяршыўся лікам 6:6, што прывяло да тай-брэйку. Тут перавага перайшла да Сабаленкі, якая ўпэўнена выйграла з лікам 7:1. Другі сэт застаўся за Свёнтак 6:4. У трэцім сэце Сабаленка зноў перамагла ў трох запар геймах, зарабіўшы адзін брэйк-пойнт і пакінула Ігу з «абаранкам» 6:0.
Гэта была 13-я вочная сустрэча паміж Сабаленкай і Свёнтэк. Лік 8-5 на карысць польскай тэнісісткі. У матчах на грунце Свёнтэк лідзіруе з лікам 4-2. Раней адзінай перамогай Арыны на гэтым пакрыцці быў матч фіналу турніру ў Мадрыдзе ў 2023 годзе. Пры гэтым на хардзе ў спартсменак роўны лік – 3-3.
Адзначым, што Свёнтак – чатырохразовая чэмпіёнка «Ралан Гарос» (2020, 2022, 2023, 2024).
А таксама варта ведаць, што Арына Сабаленка – першая беларуска ў фінале адзіночнага разраду «Ралан Гарос» з 1988 года. 37 гадоў таму падобнага поспеху дабівалася наша суайчынніца Наталля Зверава, якая саступіла тады ў фінале немцы Штэфі Граф.
У другім паўфінальным паядынку сустракаліся другая ракетка амерыканка Коры Гаўф ды 361 ракетка францужанка Лоіс Буасон. Больш дасведчаная амерыканка не пакінула той аніякіх шанцаў – 2:0 і 6:1, 6:2 па сэтах.
Гаўф толькі аднойчы даходзіла да вырашальнага матчу «Ралан Гарос»: у 2022 годзе яна саступіла Ізе Свёнтак.
А вось Сабаленка ў фінал Ралан Гарос выйшла ўпершыню ў кар’еры.
Такім чынам, беларуская тэнісістка трэці раз запар выйшла ў фінал турніраў Вялікага шлёма і тым самым паўтарыла дасягненне амерыканкі Серэны Уільямс у 2016 годзе. Цяпер адзіным турнірам «Вялікага шлема», на якім першая ракетка WTA не даходзіла да вырашальнай стадыі, з’яўляецца Уімблдон.
Фінал жа першай і другой ракетак Арыны Сабаленка і Коры Гаўф адбудзецца ў Парыжы ў суботу 7 чэрвеня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя