
Учора на стадыёнах Еўропы быў вялікі футбольны дзень. У Лізе Еўропы былі згуляныя 8 матчаў у адказ другога раўнда. З цікавых адзначым гульні з удзелам беларусаў.
Славенскі «Цэле», дзе другім трэнерам беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, саступіў у Ларнацы кіпрыёцкаму «АЕКу» з лікам 1:2, пасля хатняй нічыёй 1:1 і трапляе ў трэці раўнд Лігі канферэнцый на швайцарскі «Лугана», які ўчора ў дадатковы час саступіў 0:1 румынскаму «ЧФР Клуж».
Варшаўская «Легія» на сваім полі перамагла чэшскі «Банік» з лікам 2:1. Тыдзень таму ў Астраве яны згулялі ўнічыю 2:2. Беларускі форвард варшавякаў Ілля Шкурын выйшаў на поле на 81 хвіліне замест аўтара першага гола – Нсамэ, але нічым выніковым у матчы не адзначыўся. «Банік» меў магчымасць перавесці гульню ў овертайм, але не скарыстаўся такой магчымасцю, бо не забіў пенальці на 90-й хвіліне.
Такім чынам у трэцім раўндзе Лігі Еўропы «Легія» трапляе на крыўдзіцеляў «Цэле» Івана Маеўскага – «АЕК».
Данецкі «Шахтар» перамог турэцкі «Бешыкташ» і прайшоў далей, дзе сустрэнецца з грэцкім «Панацінаікасам».
Матчы гэтай стадыі пройдуць 7 і 14 жніўня.
У Лізе канферэнцый учора было згуляна ажно 47 матчаў.
Працягвае свой шлях у гэтым еўракубку – гарадзенскі «Нёман». Пасля фантастычнай выязной перамогі над славацкімі «Кошыцамі» тыдзень таму з лікам 3:2, гарадзенцам учора трэба было толькі не прайграць – задача, якую яны ледзьве не перавыканалі. Гэтым разам на нейтральным полі ў венгерскім Сегедзе каманды 90 хвілін трымалі інтрыгу. І толькі на 91-й з класнага навеса Ягора Зубовіча абстаноўку разрадзіў моцным ударам галавою паўабаронца гарадзенцаў – Алег Еўдакімаў. Што праўда, праз дзьве хвіліны на 93-й славакі ўсё ж размачылі Максіма Бялова, але гэта было ўжо на падаючым сцяжку. 1:1 і гарадзенскі «Нёман» крочыць у трэці раўнд Лігі канферэнцый.
Там яго чакае «Клааксвік» з Фарэрскіх выспаў, які ўчора на сваім полі мінімальна 1:0 перайграў сербскі «Раднічкі». Пасля нічыёй 0:0 тыдзень таму.
Тут матчы пройдуць 7 і 14 жніўня. «Нёман» першую сустрэчу грае на выездзе.
Нагадаем, што гарадзенцы другі раз у гісторыі прабіліся ў трэці раўнд футбольных еўракубкаў. Першы раз тое было ў сезоне 2023/24 гадоў.
На жаль, сінхранізавацца з «Нёманам» не змаглі іншыя два беларускія клубы.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» не стварыла цуду і ва ўмоўна выяздным матчы ў венгерскім Кішвардзе саступіла грознаму ізраільскаму «Макабі» з Хайфы з лікам 0:3. Цікава адзначыць, што перад матчам 23-гадовы ўкраінскі галкіпер «Макабі» Георгій Ермакоў не стаў ціснуць рукі футбалістам беларускай каманды.
А вось менскае «Дынама» працягнула паказваць сваю бездапаможнасць і безхарактарнасць. І зноў прайграла албанскай «Эгнаціі» 0:1, а тыдзень таму 0:2. Для албанцаў гэта першы праход у наступны раўнд еўракубкаў. Хоць бы такім чынам «Дынама» патрапіла ў гісторыю. Чэмпіён Беларусі сканчае свой выступ у еўракубках з вынікам – 3 паразы і ўсяго адна нічыя ў чатырох гульнях.
Што ж тычыцца беларускіх гульцоў і спецыялістаў учора ў іншых матчах Лігі канферэнцый.
Малдаўскі «Зімбру» галоўнага трэнера Алега Кубарава і гульцоў Дзяніса Казлоўскага, Мікалая Золатава і Цімафея Шаркоўскага прайграў казахскай «Астане» Макса Эбонга (0:2; 1:3 па дзвюх сустрэчах). Золатаў адгуляў матч цалкам, Шаркоўскі выйшаў у старце, зарабіў жоўтую картку на 34-й хвіліне і на 46-й пакінуў поле, Казлоўскі выйшаў у стартавым складзе і быў заменены на 78-й хвіліне, Эбонг выйшаў на поле на 63-й хвіліне. Такім чынам у трэцім раўндзе «Астана» сустрэнецца са швайцарскай «Лазанай», якая выбіла паўночна-македонскі «Вардар».
Кіпрыёцкі «Арыс» беларускага трэнера Арцёма Радзькова абыграў венгерскую «Акадэмію Пушкаша» (2:0; 5:2 па двух сустрэчах). І выйшаў далей на грэцкі «АЕК», які выбіў ізраільскі «Хапаэль» з Бер-Шэва.
Кахазскі «Актабэ» галоўнага трэнера Вячаслава Ляўчука і гульца Мікіты Корзуна разгромна прайграў пражскай «Спарце» (0:4; 2:5 па дзвюх сустрэчах), пасля перамогі тыдзень таму і вылецеў з Лігі канферэнцый. Корзун выйшаў у старце і быў заменены на 69-й хвіліне.
Віленскі «Жальгірыс» Юрыя Кендыша саступіў на выездзе паўночна-ірландскаму «Лінфілду» 0:2, тыдзень таму ў Вільні была нічыя 0:0, і вылецеў з кубка. Кендыш атрымаў жоўтую картку на 66-й хвіліне і на 89-й быў заменены.
Азербайджанская «Зіра» Ягора Багамольскага пасля мінулай нічыёй 1:1, гэтым разам саступіла на выездзе ў дадтковым часе харвацкаму «Хайдук» з лікам 1:2. Багамольскі выйшаў на поле на 73-й хвіліне і быў заменены на 100-й.
Беластоцкая «Ягелонія» на стадыёне пры вуліцы Сланечнай учора перамагла сербскі «Нові Пазар» з лікам 3:1. Галамі за «жоўта-чырвоных» адзначыліся двойчы Афіміку Пулулу і Тарас Раманчук. Такім чынам «Яга» ў трэцім раўндзе Лігі канферэнцый згуляе з дацкім «Сількеборгам», які прайшоў ісландскі «Акюрэйры».
«Ракуў» з Чэнстаховы перамог славацкую «Жыліну» 3:1, а па суме дзьвюх сустрэч 6:1 і прайшоў далей на крыўдзіцеляў жодзінскага «Тарпеда» – «Макабі» з Хайфы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






