
У аўторак прайшло шмат матчаў кваліфікацыі да футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Гэта былі ўжо гульні ў адказ. Адзначым найбольш цікавыя вынікі. Алма-атынскі «Кайрат», адным з лідараў якога ёсць беларускі абаронец Аляксандар Мартыновіч адолеў з лікам 2:0 славенскую «Алімпію» з Любляны. Паколькі ў першай сустрэчы было 1:1, далей ідзе клуб з Казахстану.
Шведскі «Мальмё» пасля гасцявога паядынка меў запас 3:1 над «Іберыяй 1999» з Грузіі і дома ўпэўнена праштампаваў такі ж вынік – агульны лік па суме 6:2.
Латвійскі клуб РФШ сустракаўся з сваімі суседзямі – талінскай камандай «Левадзія» і перамог 1:0. У першым матчы быў такі ж вынік на карысць рыжскага клуба і ён выйшаў у наступны раўнд.
Найбольш драматычна разгортвалася змаганне мальтыйскага чэмпіёна «Хамрун» з літоўскім «Жальгірысам», за які выступае беларус Юрый Кендыш. У юбілейны дзень Грунвальда «зялёныя» пацярпелі крыўдную паразу. У першым матчы «Жальгірыс» выйграў 2:0, а ўчора мальтыйцы адыграліся з такім жа лікам. Усё вырашала серыя пенальці, якая сталася надзвычай працяглай, дайшла справа і да таго што білі галкіперы, прычым удала. Усяго гульцы выканалі ажно па 14 11-мятровых удараў і ўрэшце перамог «Хамрун» – 11:10. У наступным раўндзе чэмпіён Мальты сустрэнеца з кіеўскім «Дынамам».
Далей выйшаў і чэмпіён Косава – клуб «Дрыта», які перамог у гасцях люксембургскі «Дыферандж» – 3:2 і 4:2 па суме двух матчаў.
Ці возьме рэванш менскае «Дынама»?
Сёння ў сераду свой матч правядзе і чэмпіён Беларусі – менскае «Дынама». У Венгрыі яно будзе змагацца з балгарскім «Лудагорцам». У першым паядынку мінімальна выйгралі балканцы – 1:0.
А вось мацнейшы беларускі форвард цяперашняга часу Ілья Шкурын ня зможа дапамагчы сваім удзелам у матчы варшаўскай «Легіі» супраць казахстанскага «Актобе» у паўторным матчы кваліфікацыі Лігі Еўропы. І справа тут зусім не ў траўме – Шкурын у поўным парадку, але ў Сярэднюю Азію з камандай не паляцеў з-за пагрозы быць затрыманым у Казахстане праз пераслед лукашэнкаўскіх уладаў.
Баркоўскі застаецца ў экстра-класе?
Як стала вядома беларускі форвард Герман Баркоўскі мае шанцы працягнуць кар“еру ў польскай футбольнай экстра-класе. Ім зацікавіўся клуб «Пяст» з Глівіцэ. Паводле некаторых звестак нападнік ужо прайшоў там медычны агляд.
У мінулым сезоне 23-гадовы Баркоўскі досыць паспяхова выступаў у вышэйшым польскім дывізіёне за каманду «Пушча» (Непаломіцэ) – ён правёў у яе барвах 17 матчаў, у якіх вызначыўся 4 забітымі мячамі і трыма голавымі перадачамі. «Пушча» аднак пакінула экстра-класу, а «Пяст» па выніках мінулага сезону заняў 10-е месца.
Хендэрсан вяртаецца на Туманны Альбіён
А вось вядомы брытанскі футбаліст Джордан Хендэрсан вяртаецца на туманны Альбіён. Ён падпісаў кантракт на два гады з клубам «Брэнтфорд». У мінулым сезоне паўабаронец выступаў за амстэрдамскі «Аякс», але 10 ліпеня па згодзе бакоў кантракт быў скасаваны. Напомнім, што раней 35-гадовы гулец зборнай Англіі Хендэрсан шмат гадоў быў капітанам і адным з лідараў «Ліверпуля».
Ажыятаж вакол паядынка Усіка з Дзюбуа
На бой чэмпіёна ажно па чатырох асноўных версіях у суперцяжкай вагавай катэгорыі украінца Аляксандра Усіка і ўладальніка тытула IBF брытанца Даніэля Дзюбуа прададзена ўжо 90 тысяч білетаў. Пра гэта паведаміў прамоўтэр Фрэнк Уорэн. Напомнім, што бой пройдзе на стадыёне «Уэмблі» 19 ліпеня і выклікае неверагодны ажыятаж. Першая сустрэча гэтых баксёраў прайшла 26 жніўня 2023 года ў Вроцлаве і завяршылася вікторыяй украінца накаўтам у 9-м раўндзе.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






