
У Швайцарыі завяршыўся 14-ы чэмпіянат Еўропы па футболе сярод жаночых зборных. Свой чэмпіёнскі тытул, заваяваны тры гады таму, пацьвердзіла зборная Англіі. Гэтым разам у фінале яна гуляла са зборнай Гішпаніі. У асноўны час адразу ў ліку павялі гішпанкі, пасля англічанкі лік параўнялі 1:1 і такім ён заставаўся ўвесь астатні час, уключаючы і дадатковыя два экстратаймы. А вось у серыі пасляматчавых 11-мятровых удараў удача ўсё ж была на баку англічанак 3:1. Для Англіі гэта другі тытул у гісторыі.
На выходных прайшлі яшчэ некалькі матчаў 1/8 Кубка Белаурсі па футболе. «Іслач» на выездзе прайшла «Слуцк» з лікам 2:1. «Мінск» на сваім полі ва ўпартай барацьбе толькі на 87 хвіліне саступіў «Дынама» з Берасця з лікам 2:3. «Арсенал» у Дзяржынску мінімальна перайграў «Маладэчна». Прычым адзіны і вырашальны мяч «кананіры» таксама забілі на 87 хвіліне. А перад тым маладэчанцы не рэалізавалі 11-мятровы ўдар. І ў палескім дэрбі мазырская «Славія» толькі ў дадатковым часе на 95 хвіліне здолела прайсці сваіх суседзяў «Гомель» з мінімальным лікам 1:0. Астатнія тры сустрэчы з удзелам камандаў нашых прадстаўнікоў у еўракубках «Тарпеда-БелАЗ», «Нёмана» і менскага «Дынама» будуць згуляныя пазней. Прычым апошнім двум трэба яшчэ аддаць даўгі за 1/16 фінала.
Розыгрыш чэмпіяната Беларусі па футболе ў Першай лізе дасягнуў свайго экватара. На выходных там былі згуляныя матчы 17 тура. З адметных паядынкаў можам выдзеліць хатнюю пераканаўчую перамогу «Ліды» над «Гомель-2» з лікам 3:0. А таксама паразы лідараў – «Баранавічаў» і «Нівы» з Камянеччыны ад гомельскіх «Лакаматыва» і «ПаперПрама» з лікам 0:1 і 1:4 адпаведна. А таксама буйную перамогу «Астраўца» над «Воршай» з лікам 6:2. Трыа лідараў па выніках першага круга тут выглядае наступным чынам – «Дняпро» Магілёў, «Ніва» Далбізна і «Баранавічы».
У польскай Экстракласе прайшлі матчы 2 тура. Беластоцкая «Ягелонія» здзейсніла суперкамбэк у матчы з «Відзэвам» з Лодзі на падаючым сцяжку, чым падарыла сапраўднае свята 20 000 заўзятараў, якія прыйшлі ўчора на «Хортэн Арэну» пры вуліцы Сланечнай у Беластоку. Спачатку «ягелончыкі» лік у сустрэчы адкрылі. Ужо на 3 хвіліне гульні мяч з паса Хесуса Імаза забіў Давід Драхаль. Пасля «Яга» 2 мячы прапусціла. І саступала ў ліку ажно да 91 хвіліны. Пакуль за справу не ўзяўся зорны дуэт беластачан Імаз і Пулулу. Спачатку на 91 хвіліне з паса Віталя лік параўняў Хесус Імаз. А праз дзве хвіліны на 93-й ужо гішпанец асіставаў Пулулу, які падарыў сапраўднае футбольнае свята нядзельным вечарам для Беластока. 3:2. Першая перамога ў новым чэмпіянаце і «Ягелонія» ўздымаецца пакуль на 12 радок.
Ніхто з беларускіх легіянераў польскай Экстракласы, на жаль, у гэтым туры актыўнымі дзеяннямі не вызначыўся. «Пяст» Глівіцы саступіў «Гурніку» Забжэ 0:1. Герман Баркоўскі правёў усю гульню ў складзе «Пяста» і не змог дапамагчы сваёй новай камандзе.
«Вісла» Плоцк перамагла на выездзе «Ракуў» з Чанстахова з лікам 2:1, але Глеб Кучко нават не патрапіў у заяўку на матч. А таксама варшаўская «Легія» ў Кельцах перайграла «Карону» з лікам 2:0. Тут форвард першых Ілля Шкурын таксама ніякім чынам не спрычыніўся да перамогі сваё каманды і ўсю гульню правёў на лаве запасных.
Зборная Беларусі па пляжным футболе правяла на выходных міні-турнір адбору на Еўралігу. У суботу ў італьянскай Кастэламары-дзі-Стабіі нашыя «пляжнікі» перамаглі зборную Малдовы з лікам 5:3. А ў нядзелю прайгралі Швайцарыі з лікам 7:9. Па выніках турніра ў групе В нашая зборная заняла 2 месца і выйшла ў фінал Еўралігі, які пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім Віярэджа. Там 8 лепшых зборных Еўропы разыграюць між сабою тытул мацнейшай зборнай кантынента.
У 2023 і 2024 гадах беларусы станавіліся ўладальнікамі бронзавых узнагарод Еўралігі. У 2021 годзе яны занялі 2-е месца.
Юры Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






