BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Завяршаецца групавы этап 88-га чэмпіяната свету па хакеі

Пакрысе падыходзіць да завяршэння групавы этап 88-га чэмпіяната свету па хакеі ў Даніі ды Швецыі. Учорашні гульнявы дзень прынёс наступныя вынікі. Славенія перамагла Францыю з лікам 3:1 і тая ўжо дакладна апускаецца на ранг ніжэй і будзе гуляць наступны сезон у сусветным дывізіёне Б. Чэхія разграміла Германію 5:0. Нарвегія перамагла Венгрыю з мінімальным лікам 1:0. А ў сустрэчы Канады і Фінляндыі пераможца вызначыўся толькі ў серыі булітаў. І тут мацнейшымі аказаліся фіны, якія перамаглі з агульным лікам 2:1.

Учора быў згуляны заключны матч перадапошняга 33 тура ў польскай Экстракласе. «Пушча» з Непаломіц на выездзе ў Лодзі саступіла «Відзэву» з лікам 0:2. У складзе «Пушчы» беларускі форвард Герман Баркоўскі правёў усю гульню. Агулам жа за 14 матчаў за гэтую каманду Герман забіў 3 галы, аддаў столькі ж голавых перадач, зарабіў 5 жоўтых і адну чырвоную картку. У гэтую суботу адбудзецца заключны тур у Экстракласе. З якой «Пушча» па выніках сезона, на жаль, вылятае ў Першую лігу.

Паціху набліжаецца чарговы еўракубкавы футбольны сезон. Гарадзенскі «Нёман» будзе нясеянай камандай пры лёсаванні першага раунда кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Лёсаванне адбудзецца 17 чэрвеня. Матчы запланаваныя на 10 і 17 ліпеня. Ужо вядомы 21 клуб, адзін з якіх воляю лёсу выпадзе «Нёману».

Таксама і менскае «Дынама» даведалася 13 з 14 магчымых супернікаў у першым раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў сезону 2025/26. Тут лёсаванне запланавана на 22 чэрвеня.
Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за шырокамасштабнай вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Учора быў абноўлены рэйтынг сусветнай тэніснай асацыяцыі WTA. Лепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Другая – амерыканка Кока Гаўф. Трэцяя – яе суайчынніца Джэсіка Пегула. Чацьвёртая – італьянка Жасмін Пааліні. І замыкае першую пяцёрку – полька Іга Свёнтэк. Беларуска Вікторыя Азаранка апусцілася амаль на два дзясяткі пазіцыі і займае зараз 73-е месца. А Аляксандра Сасновіч вылецела з топ-100 і займае зараз 107-ю пазіцыю сусветнага рэйтынгу.

У сусветным мужчынскім рэйтынгу АТР на першым месцы па-ранейшаму застаецца італьянец Янік Сінэр. Другі – гішпанец Карлас Алькарас. Трэці – прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў. Лепшы беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў апусціўся больш чым на сотню радкоў і знаходзіцца зараз ажно на 503-й пазіцыі сусветнага рэйтынгу.

Учора вызначыўся чэмпіён Беларусі па баскетболе сярод жанчын. У пятым матчы серыі да трох перамог «Гарызонт» адолеў «Мінск» з лікам 52:45 і аформіў для сябе 7-е чэмпіёнства.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя