У Славаччыне завяршыўся 25-ы розыгрыш моладзевага чэмпіяната Еўропы па футболе. У фінале зборная Англіі перайграла ў дадатковы час з лікам 3:2 зборную Германіі. І такім чынам англічане пацвердзілі свой чэмпіёнскі тытул, заваяваны двума гадамі раней. Для іх гэта другі запар кубак і 4-ы агулам. Больш тытулаў маюць толькі зборныя Гішпаніі ды Італіі – па 5.
Працягваецца клубны чэмпіянат свету па футболе. На выходных былі згуляныя першыя матчы 1/8 фінала. У суботу ў бразільскім дэрбі «Палмейрас» толькі ў дадатковы час здолеў прайсці сваіх суайчыннікаў з «Батафога» з лікам 1:0. У матчы партугальскай «Бенфікі» ды ангельскага «Чэлсі» лёс таксама вырашыўся толькі ў дадатковы час. У асноўны каманды згулялі 1:1. А ў наступныя 30 хвілін «арыстакраты» забілі «арлам» 3 галы і такім чынам выніковы лік 4:1 і «Чэлсі» ў чвэрцьфінале. У нядзелю французскі «ПСЖ» без асаблівых цяжкасцяў прайшоў амерыканскі «Інтэр Маямі», забіўшы ўсе 4 галы цягам першага тайма. Лік 4:0 і далей ідуць французы. І нямецкая «Баварыя» таксама прайшла бразільскі «Фламенга», выйграўшы з лікам 4:2.
Набліжаецца да экватара чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. На выходных быў згуляны 14 тур. У суботу «Іслач» у Менску саступіла з лікам 1:3 жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗ». «Віцебск» згуляў у «сухую» нічыю 0:0 з гарадзенскім «Нёманам». «Гомель» на сваім полі саступіў 0:2 дэбютанту і лідару чэмпіяната «МЛ» з Віцебска. А ў дынамаўскім дэрбі менчукі разграмілі з лікам 5:0 сваіх аднаклубнікаў з Берасця. А вось у нядзелю наваполацкі «Нафтан» згуляў у баявую нічыю 2:2 з барысаўскім «БАТЭ». А «Слуцк» дома прайграў дзяржынскаму «Арсеналу» з лікам 0:3.
Такім чынам на першым месцы ў турнірнай табліцы па-ранейшаму ідзе «МЛ» з 36 ачкамі, на другі радок узнялася менскае «Дынама», у якога 29 пунктаў, а на трэці спусцілася «Славія», у якой на ачко меней. «Нёман» узняўся на 5 радок і мае 25 ачкоў. Ну а замыкае табліцу пакуль яшчэ «Маладэчна» з 4 ачкамі.
У розыгрышы Першай лігі таксама былі згуляныя матчы 14 тура. З цікавых вынікаў адзначым хатнюю перамогу «Ліды» над менскім «Юні Ікс Лабс» з лікам 3:1. Заходняе дэрбі «Нівы» з Долбізна супраць «Слоніма» з вынікам 3:1. Ды нічыю 1:1 у матчы «Баранавіч» з «Астраўцом». Такім чынам асноўныя прэтэндэнты на падвышэнне ў элітны дывізіён тут – магілёўскі «Дняпро», «Баранавічы» ды «Ніва».
28 чэрвеня ў Варшаве прайшоў Турнір Беларускай Салідарнасці – IV «Кубак Івуліна». Пераможцам стаў TLbud Rabona былога футбаліста Віталя Гайдучыка, у фінале абыграўшы ўкраінскую каманду FC Impuls UA. У матчы за 3-е месца Białe Żubry перамаглі Kozaki. Да 1/8 і 1/4 фінала дайшлі каманды з Беластока – «Беластоцкія Дзікі» ды «Зубры Падляшша». Спаборніцтва было арганізаванае ў 2022 годзе на знак салідарнасці з беларускім спартыўным журналістам і блогерам Аляксандрам Івуліным, а таксама тысячамі іншых палітвязняў, якія апынуліся ў турмах Беларусі.
28 чэрвеня завяршыўся драфт у Нацыянальнай хакейнай лізе. Па яго выніках былі абраныя тры прадстаўнікі Беларусі. 17-гадовы галкіпер Арсень Радзькоў быў абраны клубам «Манрэаль» у трэцім раундзе пад 82-м нумарам. 19-гадовы нападнік Ягор Борыкаў абраны ў чацвёртым раундзе пад 110-м нумарам «Ютай». 18-гадовы брамнік Яўген Прохараў абраны «Бафала» ў сёмым раундзе пад агульным 199-м нумарам. Беларусь размяшчаецца на 8-м месцы па колькасці задрафтаваных гульцоў.
Юрась Дзяшук, Беларукае Радыё Рацыя