У паўночнаірландскім Белфасце завяршыўся 69-ы розыгрыш юніёрскага чэмпіяната Еўропы. У фінальным паядынку юнакі з Гішпаніі перамаглі ў сваіх аднагодак з Францыі. Галамі адзначыліся будучыя зоркі гішпанскага футбола – Ікер Браво і Жэрэмі Жаке. І такім чынам яны прынеслі 12 трафей для сваёй краіны ў гэтым турніры, пачынаючы з 1952 года. На другім месцы па колькасці перамогаў у гэтым турніры – зборная Англіі з 11-ю кубкамі.
І такім чынам гішпанскі футбол працягвае збіраць міжнародныя трафеі. На дадзены момант зборныя Гішпаніі па футболе гэта – чэмпіёны Еўропы, пераможцы Лігі нацый і чэмпіёны Еўропы U-19 сярод мужчын, а таксама чэмпіёны Свету, пераможцы Лігі нацый, чэмпіёны Свету U-20, чэмпіёны Еўропы U-19, чэмпіёны Свету U-17 і чэмпіёны Еўропы U-17 сярод жанчын.
У працяг тэмы жаночага футболу, але ўжо алімпійскага. Завяршыўся другі тур групавога этапу розыгрыша алімпійскага турніру ў гэтай дысцыпліне. Які прынёс наступныя вынікі: Бразілія – Японія 1:2, Новая Зеландыя – Калумбія 0:2, Аўстралія і Замбія выдалі проста фантастычны матч з лікам 6:5 на карысць астравіцянак, з улікам таго, што афрыканкі вялі ў ліку 5:2 да 58 хвіліны, але за паўгадзіны не толькі не ўтрымалі разгромны лік ў сустрэчы, але растранжырылі яго і ў выніку прайгралі. Таксама паміж сабою згулялі Гішпанія – Нігерыя 1:0, Францы – Канада 1:2 і амерыканкі выйгралі ў немак з лікам 4:1.
У гэтыя хвіліны на кортах Парыжа праходзяць сустрэчы 1/16 фінала алімпійскага тэніснага турніра. Так першая ракетка сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк з лёгкасцю перамагла 59 ракетку францужанку Дэйн Пэры з лікам 2:0 (6:1, 6:1) і выйшла ў 1/8 фінала. Яшчэ адна польская тэнісістка Магда Лінэт не здолела прайсці сёння пятую ракетку італьянку Жасмін Паоліні і выбыла з індывідуальнага турніру. Але працягне змаганне ў парным разрадзе разам з Аліцыяй Расольскай ў 1/16 фінала, дзе сёння ж згуляюць супраць пары ўкраінак Марты Касцюк і Даяны Ястрэмскай.
Нагадаем, што беларускія тэнісны прымы Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка ў алімпійскім турніры ў Парыжы ўдзелу не прымаюць.
А тым часам беларускія спартоўцы сёння маюць шансы займець на сваім рахунку першы медаль. Аліна Змушка сёння ўвечары возьме ўдзел ў фінальным заплыве брасам на сто метраў. Першы для ўражэнкі Калінкавічаў алімпійскі фінал адбудзецца сёння ў 22:25 па беларускім часе, па польскім на гадзіну раней.
Агульны медальны залік Алімпійскіх гульняў у Парыжы змянецца ў рэжыме онлайн. На гэты момант на першае месца ў ім выйшлі спартоўцы Кітая з 9 медалямі, 5 з якіх вышэйшага гатунку і па два срэбных і бронзавых. На другім месцы Японія. На трэцім Паўднёвая Карэя.
Зборная Польшчы па-ранейшаму мае адзін срэбны медаль, ва Украіны і Беларусі ў медальнай капілцы пакуль – пуста.
Алімпійскія гульні завершацца 11 жніўня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






