
Віктар Ганчарэнка, фота https://sport5.by
Сёння ў Марока распачнецца стадыя 1/4 фінала Кубка афрыканскіх нацый.
За выхад у паўфіналы згуляюць Малі – Сенегал і Камерун – Марока.
А заўтра сіламі будуць мерацца Алжыр – Нігерыя і Егіпет з дзейным чэмпіёнам Кот-д’Івуарам.
48-гадовы беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка стаў новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе.
Тэрмін кантракта разлічаны на 4 гады – да канца 2029 года.
Дапамагаць яму будзе 50-гадовы беларускі спецыяліст Аляксандр Ермаковіч.
Нагадаем, у снежні пасаду галоўнага трэнера вызваліў гішпанскі спецыяліст Карлас Алас.
Раней Ганчарэнка працаваў у барысаўскім БАТЭ, расейскіх «Кубані», «Урале», ЦСКА, «Уфе», «Краснадары» і «Пары НН».
Ганчарэнку 11 разоў прызнавалі найлепшым трэнерам Беларусі (перыяд з 2008 па 2022 год).
Ён стаў 12-м галоўным трэнерам у гісторыі зборнай Беларусі.
Да Ганчарэнкі нацыянальную каманду ўзначальвалі Міхаіл Вергеенка, Сяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў, Анатоль Байдачны, Юрый Пунтус, Бернд Штанге, Георгій Кандрацьеў, Аляксандр Хацкевіч, Ігар Крывушэнка, Міхаіл Мархель і Карлас Алас.
Акрамя таго, у некаторых матчах абавязкі галоўнага трэнера выконвалі Валерый Стральцоў, Андрэй Зыгмантовіч і Алег Радушка.
Абаронца моладзевай зборнай Беларусі Мацвей Бахно стаў гульцом лідара польскай Экстракласы – плоцкай «Віслы».
Кантракт разлічаны да 30 чэрвеня 2028 года.
18-гадовы гулец цэнтра абароны навучаўся футболу ў Берасце, а пасля ў варшаўскай акадэміі «Дэльта», затым перабраўся ў сістэму пазнаньскага «Леха», правёўшы ў ёй шэсць гадоў.
У апошні час Мацвей выступаў за другі склад «Леха» з Познані ў чацвёртым польскім дывізіёне. Усяго беларус правёў 13 матчаў за «Лех-2».
З 2024 года Бахно актыўна прыцягваецца да матчаў рознаўзроставых зборных Беларусі.
Сын былога галоўнага трэнера «Граніта» з Мікашэвічаў Валерыя Бахно Мацвей з 11 гадоў жыве з бацькамі ў Польшчы і ў тым ліку мае польскае грамадзянства.
За «Віслу» таксама выступае беларускі абаронца Глеб Кучко, які ўжо мае досвед выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. Аднак гэты сезон ён пачаў у арэндзе ў «Медзі» з Легніцы ў Першай лізе.
У польскай Экстракласе ў гэтым сезоне гуляюць тры беларусы: Ілля Шкурын за «ГКС» Катавіцы, Герман Баркоўскі за «Пяст» Глівіцы, Максім Конанаў нядаўна перайшоў у беластоцкую «Ягелонію».
Чэмпіянат Польшчы адновіцца 30 студзеня.
А тым часам 17-гадовы вінгер Оскар Петушэўскі пакінуў беластоцкую «Ягелонію» і стаў гульцом лісабонскага «Порту», паведаміў афіцыйны сайт клуба.
Кантракт разлічаны да 2029 года. Фінансавыя дэталі не выдаюцца. Але па дадзеных Transfermarkt, сума трансферу склала 10 мільёнаў еўра з клаўзулай у 60 мільёнаў. І гэта рэкордны трансфер у гісторыі беластоцкага футбола.
У бягучым сезоне беластачанін і выхаванец тутэйшага футбола правёў 31 матч за «Ягелонію» ва ўсіх турнірах. У яго актыве 3 галы і 2 асісты. А таксама згуляў 6 матчаў за моладзевую зборную Польшчы, у якіх забіў 4 галы.
Беларуская першая ракетка свету Арына Сабаленка абыграла румынку Сарану Кырсцю з лікам 2:0 – 6:3, 6:3 у матчы 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбене.
У чвэрцьфінале турніру Сабаленка сустракаецца з сёмай ракеткай рэйтынгу амерыканкай Мэдысан Кіз.
А вось іншая беларуска 113-я ракетка сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч свой матч у 1/8 фінала на жаль прайграла 17-й ракетцы расейцы Людміле Самсонавай з лікам 0:2 – 4:6, 4:6.
«Калгары» ў гасцях пацярпеў паразу ад «Манрэаля» з лікам 1:4 у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
27-гадовы беларускі форвард прайграўшых Ягор Шаранговіч выйшаў у трэцім звяне разам з Джоэлем Фарабі і Конарам Зары.
Ён правёў на лёдзе амаль 16 хвілін, а на 37-й хвіліне беларус аддаў галявы пас на Джоэля Фарабі.
У выніку форвард набраў 1 (0+1) дзейсны бал.
У бягучым сезоне нападнік адыграў у 39 матчах, у якіх набраў 14 (8+6) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-12» і дзве хвіліны штрафу.
Яго «Калгары» з 40 ачкамі пасля 43 сустрэч займае 14-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.
А вось «Чыкага» Арцёма Леўшунова выйграў у «Сэнт-Луіса» з лікам 7:3. Леўшуноў правёў на лёдзе крыху больш за 21 хвіліну і выніковых балаў не набраў.
«Каларада» ў гасцях саступіла «Тампе-Бэй» з лікам 2:4.
Беларускі абаронца Ілля Салаўёў зарабіў асістэнцкі бал на 24-й хвіліне, калі Паркер Келі зраўняў лік – 1:1. Гэта першы выніковы бал Салаўёва ў цяперашнім сезоне і першы – у складзе «Каларада». Ён не вызначаўся выніковасцю ў НХЛ з 25 лютага 2025 года, калі набраў 1 (0+1) ачко тады яшчэ за «Калгары» ў матчы супраць «Вашынгтона».
У гэтым сезоне Салаўёў правёў 11 матчаў у НХЛ, набраў 1 (0+1) ачко, мае паказчык карыснасці «-3» і чатыры хвіліны штрафу.
«Сан-Дыега» пацярпеў хатнюю паразу ад «Сан-Хасэ» з лікам 2:3 у матчы рэгулярнага сезона АХЛ.
Беларускі форвард Ягор Сідараў у складзе прайграўшых аформіў першую шайбу гаспадароў. Яго каманда двойчы адыгрывалася і давяла гульню да серыі булітаў, дзе ўсё ж саступіла.
Для нападніка шайба стала 15-м (6+9) дзейсным балам у 30 матчах бягучага сезона.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






