У фінальным матчы Кубка Амерыкі – 2024 паміж зборнымі Аргенціны і Калумбіі на стадыёне “Хард Рок” у Маямі асноўны час завяршыўся безгалявой нічыёй – 0:0. 37-гадовы нападнік і капітан зборнай Аргенціны Ліянэль Месі быў заменены на 65-й хвіліне гульні пасля траўмы, атрыманай у стыку з гульцом зборнай Калумбіі Луісам Дыясам. Матч перайшоў у дадатковы час. І на 112-й хвіліне перамогу аргенцінцам прынёс нападнік Лаўтара Марцінэс, які забіў з перадачы паўабаронцы Джавані Ло Чэльса. Зборная Аргенціны такім чынам абараніла тытул чэмпіёнаў.

Зборная Іспаніі выйграла Еўра-2024
Фінальны матч Еўра-2024 у Берліне паміж Іспаніяй і Англіяй завяршыўся з лікам 2:1. На 47-й хвіліне гульні лік адкрыў іспанскі паўабаронца Ніка Уільямс, які забіў з перадачы Ламіна Ямаля, які напярэдадні адзнычыў свае 17 гадоў. Пры гэтым у абедзвюх зборных у першым тайме ў актыве было ўсяго па адным удары па браме. Калі становішча іспанцаў пачало здавацца адносна стабільным, ангельцы зраўнялі. На 76-й хвіліне Коўл Палмер, які выйшаў на замену, далёкім ударам адправіў мяч у кут брамы суперніка. На 86-й хвіліне Мікель Оярсабаль з перадачы Марка Кукурэльі забіў другі мяч Джордану Пікфарду. Да асноўнага часу дадалі 4 хвіліны, але гэтага часу не хапіла, каб ангельцы выправілі сітуацыю – 2:1. Іспанія чацвёрты раз стала пераможцай еўрапейскага першынства. Тры разы еўрапейскае першынства выйгравалі немцы, па дзве перамогі ў Францыі і Італіі.
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе
У розыгрышы футбольнага Кубка Беларусі адбыліся заключныя паядынкі 1/16 фіналу. У 1/8 фіналу прабіліся тры прадстаўнікі першай лігі нацыянальнага чэмпіянату – віцебскі “Макслайн”, бабруйская “Белшына” і пінская “Хваля”, якія выбілі наваполацкі “Нафтан”, “Мінск” і салігорскі “Шахцёр”. Акрамя таго, у наступны раунд выйшлі цяперашні ўладальнік Кубка гарадзенскі “Нёман”, чэмпіён краіны менскае “Дынама”, жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ”, “Іслач” з Мінскага раёна, барысаўскі БАТЭ, “Смаргонь”, “Слуцк”, “Віцебск”, берасцейскае “Дынама”, мазырская “Славія”, дзяржынскі “Арсенал”, магілёўскі “Дняпро” і “Гомель”. У вырашальным паядынку мінулага кубкавага сезона “Нёман” перамог “Іслач” з лікам 2:0.
Алькарас другі раз запар стаў пераможцам Уімблдонскага турніру
Іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас другі раз запар выйграў Уімблдонскі турнір. У вырашальным паядынку іспанец перайграў у трох партыях серба Новака Джокавіча – 6:2, 6:2, 7:6 (7:4). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 30 хвілін. Год таму яны таксама сустракаліся ў фінале Уімблдона, і тады Карлас Алькарас таксама апынуўся мацней за легендарнага сербскага тэнісіста, які сем разоў выйграваў гэты прэстыжны турнір. У актыве 21-гадовага Алькараса зараз чатыры трыўмфы на спаборніцтвах серыі “Вялікага шлема”: акрамя Уімблдона, ён перамагаў на US Open-2022, а ў гэтым сезоне стаў лепшым на кортах “Ралан Гарос”.
Беларускае Радыё Рацыя






