
Зборная Беларусі па міні-футболе стартавала на 13-м чэмпіянаце Еўропы з буйной паразы з лікам 0:4 (0:1, 0:3 па таймах) ад каманды Бельгіі.
Цікава, што перад гульнёй арганізатары турніра замянілі другога арбітра матча.
Замест літоўца Дамінікаса Норкуса ім стаў серб Петар Радойчыч, які раней у афіцыйных дакументах значыўся як суддзя-хранаметрыст.
Нагадаем, што гульні нашай групы С адбываюцца ў сталіцы Славеніі Любляне. Наперадзе ў каманды Беларусі яшчэ гульні з камандамі Гішпаніі і Славеніі 26 і 29 студзеня адпаведна.
Для Беларусі гэта другі ў гісторыі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па футзале. Які завершыцца 7 лютага.
Беларускі футбаліст Аляксандр Шасцюк адзначыўся дэбютным голам за сербскі «Раднічкі Ніш» у таварыскім матчы з балгарскім «Септэмуры», у якім яго новая каманда перамагла з лікам 4:0.
Беларускі форвард выйшаў у стартавым складзе і запісаў на свой рахунак гол і дзве галявыя перадачы.
Адзначым, што іншы беларускі гулец Алег Нікіфарэнка не прыняў удзел у матчы.
31 студзеня «Раднічкі Ніш» адновяць сезон у сербскай Суперлізе матчам з камандай «Новы Белград».
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Чыкага» Арцёма Леўшунова па булітах абыграла «Караліну» з лікам 4:3. Леўшуноў правёў на лёдзе 16 хвілін 37 секунд, зарабіў дзве хвіліны штрафу, здзейсніў адзін сілавы прыём і зрабіў адзін перахоп шайбы, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».
А вось у беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя першыя матчы 42 тура рэгулярнага чэмпіяната.
Наваполацкі «Хімік» з лікам 3:1 абыграў «Брэст».
«Ліда» на сваім лёдзе па булітах саступіла «Дынама-Маладэчна» з лікам 1:2.
Жлобінскі «Металург» у Смаленску ў авертайме з лікам 3:2 абыграў мясцовы «Славуціч».
І з лікам 3:0 менскае «Юнацтва» адолела аршанскі «Лакаматыў».
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу Australian Open.
У матчы трэцяга раўнду беларуска абыграла 55-ю ракетку Анастасію Патапаву, якая прадстаўляе Аўстрыю, з лікам 7:6 (6:4), 7:6 (9:7).
Матч працягваўся 2 гадзіны і 2 хвіліны і меў два тай-брэйкі
За гэты час Сабаленка выканала тры падачы навылёт, дапусціла дзве двайныя памылкі і рэалізавала чатыры брэйк-пойнты з васьмі.
Для Сабаленкі гэта 18-ы і 19-ы запар выйграныя тай-брэйкі на турнірах «Вялікага шлема». Апошні раз яна прайграла тай-брэйк у паўфінале «Ралан Гарос» супраць чэшкі Караліны Мухавай у 2023 годзе.
Нагадаем, што другая па працягласці пераможная серыя на тай-брэйках на турнірах «Вялікага шлема» належыць швейцарцы Паці Шнідэр і складае – 13 перамог.
У 1/8 фіналу турніра ў Мельбурне Арына згуляе з 17-й ракеткай Вікторыя Мбока з Канады.
У 2023 і 2024 гадах Сабаленка станавілася пераможцай турніру, а год таму прайграла ў фінале.
Турнір «Вялікага шлема» завершыцца 31 студзеня.
Яго прызавы фонд складае – 74 900 000 аўстралійскіх даляраў.
У Швецыі, Нарвегіі і Даніі працягваецца 17-ы чэмпіянат Еўропы па гандболе.
Завяршыўся папярэдні групавы раўнд, з якога без аніводнага набранага ачка вылецелі каманды Польшчы ды Украіны.
Цяпер зборныя разбітыя на дзве групы асноўнага раўнда па 6 каманд, дзе згуляюць па 5 матчаў. І ўжо адтуль па дзве лепшыя выйдуць у паўфінал, а трэція разыграюць паміж сабою пятае месца.
Дзеючым чэмпіёнам Еўропы на сёння з’яўлецца зборная Францыі.
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) пазбавіла Эстонію права на правядзенне чэмпіянату Еўропы з-за адмовы дапускаць беларусаў і расейцаз да спаборніцтваў.
Чэмпіянат Еўропы, які павінен быў адбыцца ў Таліне ў з 16 па 21 чэрвеня, быў перанесены ў Францыю ў горад Антані.
Пра гэта распавёў генеральны сакратар Эстонскай федэрацыі фехтавання Айвар Паалберг: «Рашэнне было прынята 14 студзеня, але нам пра гэта паведамілі толькі сёння».
Эстонія атрымала права арганізаваць чэмпіянат Еўропы ў 2024 годзе, але ў лістападзе адбыліся змены ў правілах і патрабаваннях для атрымання нейтральнага статуса. Спартоўцам з краін-агрэсараў значна спрасцілі яго атрыманне.
Раней Еўрапейская канфедэрацыя фехтавання (EFC) запатрабавала ад урада Эстоніі дапусціць беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў, інакш турнір будзе пранесены ў іншую краіну.
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) патрабавала ад Эстоніі прадаставіць пісьмовае пацвярджэнне, у якім гаворыцца, што ніхто з жадаючых прыняць удзел у турніры не будзе дыскрымінаваны, і што ім будзе дазволена перасякаць мяжу, нягледзячы на нацыянальнасць або вайсковае званне.
Аднак намеснік генеральнага сакратара міністэрства Эстоніі па пытаннях спорту Райда Міт заявіў, што візы спартоўцам з краін-агрэсараў выдавацца не будуць.
А тым часам Выканаўчая рада Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) дазволіла спартоўцам з Беларусі і Расеі прымаць удзел у юніёрскіх і юнацкіх спаборніцтвах без папярэдняй праверкі і з магчымасцю поўнага выкарыстання дзяржаўнай сімволікі.
Гэтае правіла ўступіць у сілу на чэмпіянаце свету сярод юніёраў, які адбудзецца з 2 па 8 траўня ў Ісмаіліі (Егіпет), і на юнацкім чэмпіянаце свету, які працягнецца з 5 па 11 ліпеня ў Калі (Калумбія).
Узроставая катэгорыя «юнакі» уключае спартоўцаў ва ўзросце 13-17 гадоў, а «юніёры» – ад 15 да 20 гадоў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






