У Лядовым палацы Санкт-Пецярбурга завяршыўся традыцыйны пераднавагодні турнір па хакеі “Кубак Першага канала”. Удзел у спаборніцтвах бралі нацыянальныя зборныя Беларусі і Казахстана, а таксама каманды Расея-25 і “Зоркі і ВХЛ”, якія правялі паміж сабой па матчы ў рамках кругавога турніру. У стартавай гульні беларускія хакеісты абыгралі казахстанцаў 6:2, але затым саступілі абедзвюм расейскім камандам 3:5 і 4:5 у авертайме. З трыма баламі зборная Беларусі, якая была дзейным уладальнікам трафея, заняла на Кубку Першага канала другое месца. Перамаглі на турніры хакеісты Расеі-25, якія набралі максімальныя шэсць ачкоў. Трэцяе месца – у каманды Казахстана.
Сушко дыскваліфікаваны на 5 матчаў за сілавы прыём
Федэрацыя хакея Расіі і Федэрацыя хакея Беларусі сумесна дыскваліфікавалі беларускага хакеіста Максіма Сушко на 5 матчаў. Такое рашэнне было прынята з-за сілавога прыёму, які здзейсніў Сушко на расейцы Васіліі Атанасаве падчас матча Кубка Першага канала. Падчас турніру беларус вызначыўся 2 закінутымі шайбамі і трыма выніковымі перадачамі. Максім Сушко гуляе за «Сібір» у КХЛ.
Абноўлены клубны рэйтынг УЕФА: беларускія клубы значна ўпалі
УЕФА апублікаваў абноўлены клубны рэйтынг. БАТЭ апусціўся са 107-й на 151-ю пазіцыю. У папярэднім рэйтынгу ўлічваўся сезон еўракубкаў 2018/2019. Тады БАТЭ дабраўся да 1/16 Лігі Еўропы, дзе прайграў «Арсеналу». Гэта прынесла клубу 8000 балаў рэйтынгу. Але ў новым рэйтынгу гэты сезон больш не ўлічваецца, таму зараз БАТЭ размяшчаецца на 44 пазіцыі ніжэй. Таксама ў рэйтынгу апусціліся і іншыя белклубы:
«Шахцёр» – са 168-й на 216-ю,
Мінскае «Дынама» – з 241-й на 284-ю,
Берасцейскае «Дынама» – з 219-й на 316-ю,
«Гомель» – з 393-й на 407-ю,
«Віцебск» – з 396-й на 413-ю.
Падняцца змагло толькі «Тарпеда-БелАЗ» – з 394-ай на 340-ую. Таксама ў рэйтынгу з’явіўся «Нёман». Папярэднія 5 гадоў ён не выступаў у еўракубках, а зараз займае 385-е месца.
«Арсенал» узначаліў турнірную табліцу АПЛ
«Арсенал» падняўся на першае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Англіі. Падначаленыя Мікеля Артэты зрабілі гэта дзякуючы перамозе над «Брайтанам» 2:0 і страце ачкоў «Ліверпулем» у гульні з «Манчэстэр Юнайтэд» 0:0. Пасля 17 згуляных матчаў у каманды Аляксандра Зінчанкі 39 ачкоў. У другога «Ліверпуля» і трэцяй «Астан Вілы» па 38 балаў. У топ-4 таксама ўваходзіць «Манчэстэр Сіці» – 34 ачкі. «Юнайтэд» з 28 баламі сёмыя, «Чэлсі» мае 22 ачкі і 10-ю пазіцыю.
“Мяшкоў Брэст” другі раз абыграў гандбалістаў СКА ў чэмпіянаце Беларусі
“Мяшкоў Брэст” другі раз абыграў сваіх галоўных канкурэнтаў гандбалістаў менскага СКА ў чэмпіянаце Беларусі. У першай палове сустрэчы на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу “Вікторыя” ахоўныя лініі пераўзыходзілі напад, і да перапынку супернікі закінулі ўсяго 20 мячоў на дваіх – нічыя 10:10. У другім тайме берасцейцы выйгралі з перавагай у пяць мячоў – 28:23. У першым паядынку двух фаварытаў, які адбыўся ў кастрычніку ў Менску, “Мяшкоў Брэст” перамог армейцаў 37:35. Берасцейскія гандбалісты перамаглі ва ўсіх 14 праведзеных сустрэчах.
Лідэры жаночага першынства чэмпіёнкі краіны гандбалісткі “Гомеля” разграмілі ў Бабруйску мясцовую “Бярэзіну” з лікам 34:23. “БНТУ-БелАЗ”, які ідзе другім, таксама на выездзе ўпэўнена перайграў “Віцябчанку” – 41:23, у Берасці гандбалісткі “Вікторыі-Бярэсця” з мінімальнай перавагай адолелі гарадзенскую “Гараднічанку” – 31:30. Пасля 19 тураў у “Гомеля” 30 ачкоў, “БНТУ-БелАЗ” адстае на два балы, 24 ачкі ў актыве “Гараднічанкі”.
Шымановіч выйграў другое золата на Кубку Сальнікава па плаванні
У цэнтры водных відаў спорту “Неўская хваля” ў Санкт-Пецярбургу працягваецца XVII Міжнародны турнір па плаванні на кароткай вадзе “Кубак Уладзіміра Сальнікава”. У турніры бяруць удзел прадстаўнікі 12 краін, у тым ліку 19 беларускіх спартоўцаў. Пасля двух дзён спаборніцтваў у актыве нашай каманды два залатыя медалі, абодва на рахунку Іллі Шымановіча. У нядзелю беларус перамог на стомятроўцы брасам, ўсталяваўшы новы рэкорд турніру 55,63 секунды. Напярэдадні мінчанін першынстваваў на дыстанцыі ўдвая карацей.
Беларускае Радыё Рацыя






