Зборная Беларусі па футболе пачала гісторыю Нацыянальнага футбольнага стадыёна ў Менску з ганебнай паразы.

Учора на новазбудаваным у беларускай сталіцы Нацыянальным футбольным стадыёне адбыўся першы афіцыйны матч нацыянальнай зборнай, які яна прадказальна прайграла камандзе васалітэту – зборнай Расеі. І чарговы раз – з разгромным лікам. І калі год таму ў Менску быў лік 0:4, то зараз камандзе намінальных гаспадароў дазволілі-такі забіць адзін мяч. Голам у браму расейцаў адзначыўся абаронца «Дынама» (Менск) Вадзім Пігас. Лік 1:4.
Учора ж у Еўропе адбыўся шэраг матчаў адборавага раўнда да Чэмпіянату свету 2026 года. Зборная Нідэрландаў адсыпала Мальце ажно 8 галоў – лік 8:0. Румынія перамагла Кіпр з лікам 2:0. Сан-Марына ў сябе дома саступіла Аўстрыі 0:4. А вось Сербія з буйным лікам перамагла Андору 3:0. Хет-трыкам вызначыўся лепшы снайпер у гісторыі Сербіі Аляксандар Мітравіч. Латвія згуляла з Албаніяй унічыю 1:1. І што цікава, гэтую пару зборных можна назваць самай упартай у Еўропе, бо за ўсю гісторыю яны між сабою гулялі 6 разоў, і ўсе 6 разоў у іх супрацьстаянні быў зафіксаваны нічыйны вынік. Як, урэшце, і ўчора.
Цікавым выдаўся матч Фінляндыі і Польшчы. Па-першае з-за канфлікту лідара зборнай Роберта Левандоўскага і яе трэнера Міхала Пробежа, у выніку якога форвард «Барселоны» страціў капітанскую павязку і не згуляў у Хельсінкі. А таксама з-за таго, што матч спыняўся на некаторы час з прычыны аказання хуткай медычнай дапамогі на трыбунах аднаму з заўзятараў. А па выніку Польшча ўсё ж саступіла з лікам 1:2.
Перамесцімся з вялікіх палёў у зал. Учора адбыўся другі матч «бронзавай» серыі ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. МФК «Мінск» перамог гомельскі «ВРЗ» з лікам 4:1. І тым самым параўняў лік у серыі да трох перамог – 1:1.
А вось за акіянам прайшоў трэці матч фіналу Кубка Стэнлі ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Гэтым разам «Фларыда» разграміла «Эдмантан» з лікам 6:1 і выйшла наперад 2:1 у серыі, якая прадоўжыцца да чатырох перамог адной з камандаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






