Нацыянальная зборная Беларусі па футболе не змагла па раскладзе вылецець у Капенгаген (Данія) на выязны матч кваліфікацыі чэмпіянату свету ФІФА 2026. Пра гэта паведамляе АБФФ. Паводле звестак федэрацыі, каманда больш за 12 гадзін правяла на польскай мяжы.

Першапачаткова зборная планавала даехаць аўтобусам да Вільні і адтуль вылецець у Данію. Аднак у сувязі з закрыццём літоўскай мяжы маршрут давялося змяніць, і каманда накіравалася праз Польшчу.
«Учора а 20:00 па менскім часе галоўная футбольная каманда краіны накіравалася ў Варшаву на аўтобусе, загадзя замоўленым АБФФ. Дзякуючы зладжанай працы супрацоўнікаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, праходжанне беларускай мяжы заняло 1,5 гадзіны. На жаль, далей, па незразумелых прычынах, час знаходжання на нейтральнай паласе і наступнае праходжанне польскага пункта пропуску занялі больш за 12 гадзін», — паведамляе АБФФ.
З-за такой затрымкі давялося перанесці час вылету чартарнага рэйса з Варшавы ў Капенгаген.
«Такім чынам, на дадзены момант шлях нацыянальнай зборнай Беларусі на выязны матч кваліфікацыі чэмпіянату свету ФІФА 2026 супраць Даніі складае ўжо 18 гадзін. Пры гэтым камандзе яшчэ толькі трэба даехаць да Варшавы і здзейсніць пералёт у Капенгаген», — адзначылі ў федэрацыі.





