BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Беларусі па міні-футболе зноў прайграла на Еўра

Еўра па міні-футболе

Зборная Беларусі па міні-футболе прайграла свой і другі матч на чэмпіянаце Еўропы.
Гэтым разам падапечныя Аляксандра Чэрніка з лікам 0:2, прапусціўшы па голе ў кожным з таймаў, саступілі 7-разовым чэмпіёнам Еўропы і 2-разовым чэмпіёнам Свету – камандзе Гішпаніі.
Такім чынам у Беларусі застаецца толькі гульня са зборнай Славеніі – адной з гаспадыняў турніра. Але шансы на праход далей застаюцца толькі тэарэтычныя.
Нагадаем, што зборная Беларусі дагэтуль ўдзельнічала ў першынстве Еўропы ў 2010 годзе, але тады таксама не выйшла з групы.

Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату ў Нацыянальнай Хакейнай Лізе з удзелам беларускіх гульцоў.
«Чыкага» Арцёма Леўшунова прайграў «Фларыдзе» з лікам 1:5. Па выніках матча беларус правёў на лёдзе 21:47 хв, у тым ліку 3:27 хв у большасці і 0:51 хв у меншасці. Выніковымі баламі абаронца не вызначыўся, зрабіў 1 кідок, заблакаваў 2 стрэлы суперніка, ужыў 1 сілавы прыём, дапусціў 4 страты і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
«Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Анахайму» у авертайме з лікам 3:4. Беларус правёў на лёдзе 18:25 хв, у тым ліку 1 хвіліну 14 секунд у меншасці. Ён зрабіў 4 кідкі па варотах (2 з іх міма), ужыў 1 сілавы прыём, выйграў 1 з 2 укідванняў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
«Ванкувер» Мікіты Талапіла прайграў «Пітсбургу» Іллі Салаўёва. Талапіла правёў усю гульню на замене, Салаўёў не патрапіў у заяўку на матч.

Вызначыўся другі супернік зборнай Беларусі па футболе ў сакавіцкую міжнародную паўзу.
29 сакавіка зборная Беларусі сустрэнецца са зборнай Арменіі. Гульня пройдзе ў Ерэване і пачнецца а 17-й гадзіне па-беларускім часе.
У рэйтынгу ФІФА нацыянальная зборная Беларусі займае 98-е месца, Арменія – 90-е.
У першым таварыскім матчы беларусы згуляюць з Кіпрам 26 сакавіка.

25-гадовы беларускі форвард Ілля Васілевіч перайшоў у малдаўскі «Зімбру», які ўзначальвае беларускі спецыяліст Алег Кубараў.
Раней Васілевіч выступаў за БАТЭ, «Славію» і «Тарпеда-БелАЗ». У мінулым сезоне ён правёў 32 матчы за жодзінскі клуб ва ўсіх турнірах і аформіў 4+1 па сістэме «гол+пас».
Ілля Васілевіч стаў чацвёртым беларускім гульцом у складзе «Зімбру». З 2025 года за малдаўскі клуб гуляюць Мікалай Золатаў, Цімафей Шаркоўскі і Дзяніс Казлоўскі.

Былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) па фрыстайле Вадзіма Крывашэева пачнуць завочна судзіць 20 лютага.
Паседжанне пройдзе ў судзе рэжыму Лукашэнкі ў горадзе Менск.
Спецыяльная вытворчасць заведзеная па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 426 (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў); ч. 1 арт. 357 (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да прымянення санкцый або іншых дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы); ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Нагадаем, Крывашэева звольнілі ў верасні 2020 года з пасады дырэктара РЦАП па фрыстайле па артыкуле за «дрэнную ідэалагічную працу ў калектыве».
Цяпер Крывашэеў жыве ў ЗША.

Сяміразовы чэмпіён свету ў Формуле 1 немец Міхаэль Шумахер больш не прыкаваны да ложка, паведамляе Daily Mail Sport.
57-гадовы былы пілот да гэтага часу не можа хадзіць. Яго перасоўваюць па асабняку на калясцы медсёстры і тэрапеўты, якія з’яўляюцца часткай кругласутачнай медычнай брыгады, якая каштуе дзясяткі тысяч фунтаў стэрлінгаў за тыдзень.
Доступ да яго маюць толькі члены сям’і і блізкія сябры.
Шумахер атрымаў цяжкую траўму галавы 29 снежня 2013 года падчас катання на лыжах на французскім курорце Мерыбель. Ён упаў і стукнуўся галавой аб камень, пасля чаго быў шпіталізаваны і ўведзены ў штучную каму, у якой быў паўгады.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя