BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Беларусі страціла шансы на прамы выхад у дывізіён “B” Лігі нацый

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі прайгралі свой чарнговы матч на групавым этапе Лігі нацый УЕФА. У Белфасце ў матчы 5-га тура групы С3 беларусы саступілі зборнай Паўночнай Ірландыі з лікам 0:2. Да пары трывалі ў абароне – але ўсё ж атрымалі два пасля “стандартаў” у другім тайме. А ў нападзе зноў выявілася безыдэйнасць, якая назіраецца на працягу ўсёй Лігі нацый (0 дакладных удараў па брамцы). У пачатку другога тайма Даніэль Балард адкрыў лік. Яшчэ праз дзесяць хвілін Кірыл Пячэнін згуляў рукой у сваёй штрафной плошчы і Дыён Чарльз рэалізаваў пенальці. Зрэшты, беларусы яшчэ могуць забраць другое месца ў групе, якое дасць магчымасць згуляць у стыках за павышэнне ў дывізіёне. Для гэтага трэба перамагаць у апошнім туры Баўгарыю 18 лістапада.

Раналду дапамог зборнай Партугаліі перайграць Польшчу

Зборная Партугаліі разграміла каманду Польшчы ў пятым туры групавога раўнда Лігі нацый УЕФА з лікам 5:1. Лідар партугальцаў Крышціяну Раналду зрабіў дубль. Гэта яго 909-ы і 910-ы мячы на прафесійным узроўні. Спачатку ён рэалізаваў пенальці, а на 87-й хвіліне забіў у падзенні праз сябе. Раналду абнавіў сусветныя рэкорды па забітых у афіцыйных матчах мячах (910) і па галах за нацыянальную каманду (135). Партугальцы гарантавалі сабе першае месца ў групе 1 Лігі А. Яны апярэджваюць найбліжэйшых пераследнікаў з Харватыі на шэсць ачкоў. У апошнім туры 18 лістапада Харватыя прыме Партугалію ў Спліце.

Хакеісты “Дынама” адыграліся з 2:4 і перамаглі “Віцязь”

Хакеісты менскага “Дынама” з перамогі пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Сталічны клуб, які займае восьмае месца ў табліцы Захаду, гасцяваў у Балашысе ў “Віцязя”. Прапусціўшы першымі «зубры» здолелі адыграцца яшчэ ў першым перыядзе, калі з перадачы Шыпачова адзначыўся Грос.

У пачатку наступнай трэці “зубры” засталіся ўчатырох супраць пяцёркі суперніка, і свой шанец у большасці “Віцязь” не ўпусціў. На тры шайбы гаспадароў адказаў толькі Шыпачоў, які затым аформіў дубль і разам з Волкавым, Энасам і Пінчуком дапамог «дынамаўцам» адыграцца з 2:4 на 6:4. Дзякуючы гэтаму поспеху мінчане дагналі чарапавецкую “Северсталь”, у абедзвюх каманд па 30 ачкоў, хакеісты з Балашыхі адстаюць ужо на 5 балаў. Выязная серыя падначаленых Дзмітрыя Квартальнава працягнецца матчамі з “Куньлунем” 17 лістапада і з омскім “Авангардам” 19 лістапада.

Баскетбалісткі “Гарызонта” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі

Падначаленыя Наталлі Трафімавай абыгралі ў Гародні мясцовую “Алімпію” 55:41 і ўзняліся на першае месца ў турнірнай табліцы. У актыве “Гарызонта” 17 ачкоў пасля дзевяці праведзеных сустрэч, на другой пазіцыі – дзейныя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі “МІНСКА”, у якіх 16 ачкоў пасля васьмі гульняў, у гарадзенскай “Алімпіі” 15 заліковых балаў.

Рууд стаў апошнім паўфіналістам выніковага турніру ATP

Нарвежац Каспер Рууд стаў апошнім удзельнікам паўфінальнай стадыі выніковага турніру ATP, які праходзіць у італьянскім Турыне. У заключным паядынку групавога этапу Рууд адолеў расійскага тэнісіста Андрэя Рублёва – 6:4, 5:7, 6:2. Такім чынам, сёння вечарам у паўфінале Каспер Рууд будзе супернічаць з першай ракеткай планеты італьянскім тэнісістам Яннікам Сінерам, а прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў сустрэнецца з амерыканцам Тэйларам Фрыцам.

Беларускае Радыё Рацыя