
У новым рэйтынг-лісце Міжнароднай федэрацыі футболу (ФІФА) зборная Беларусі займае 103-е месца.
Месяц таму яна была 100-й, а за апошні час прайграла ў адборавым турніры да чэмпіянату свету па футболе Даніі (0:6) і Шатландыі (1:2).
Лідзіруюць у рэйтынгу Гішпанія, Аргенціна, Францыя, Англія, Партугалія.
Супернікі Беларусі па адборавай групе: Данія (20-я), Шатландыя (38-я), Грэцыя (48-я).
Суседзі: Украіна (27-я), Расея (30-я, гуляе толькі таварыскія матчы), Польшча (33-я), Латвія (139-я), Літва (146-я). На 102-м месцы Таджыкістан, Арменія — 104-я, Кыргызстан — 105-ы.
Усяго ў рэйтынгу 210 зборных. Апошняя — Сан-Марына.
Салігорскі «Шахцёр» афіцыйна прызналі банкрутам.
У выніку праведзенага аналізу фінансавага стану і плацежаздольнасці клуба зроблена выснова, што «Шахцёр» не здольны выканаць свае грашовыя абавязанні перад крэдыторамі. Адпаведнае рашэнне Эканамічнага суда Мінскай вобласці 14 кастрычніка апублікавана на афіцыйным сайце Міністэрства эканомікі, піша рэсурс football.by.
Агульны памер крэдыторскай запазычанасці ЗАТ «Футбольны клуб «Шахцёр» склаў 16 770 045 рублёў. Тым часам актывы клуба (аб’екты нерухомасці, транспартныя сродкі і іншае) ацэненыя толькі ў 10 957 729 рублёў.
На падставе гэтага суд прыйшоў да высновы, што даўжнік з’яўляецца неплацежаздольным і не мае магчымасці выканаць грашовыя абавязанні перад крэдыторамі, а таму падлягае прызнанню банкрутам і ліквідацыі ў парадку, прадугледжаным законам.
Пасля прыняцця рашэння прызнаць «Шахцёр» банкрутам, Эканамічны суд Менскай вобласці адкрыў у дачыненні да клуба ліквідацыйную працэдуру, якая працягнецца да 1 чэрвеня 2026 года.
У 2022 годзе «Шахцёр» чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе, аднак пазней быў пазбаўлены гэтага тытула праз ўдзел у арганізацыі дамоўных матчаў і стымуляванне іншых клубаў вышэйшай лігі. Па выніках сезона-2024 «Шахцёр» пакінуў элітны дывізіён і пасля гэтага не заявіўся ні ў адзін з турніраў пад эгідай АБФФ.
У чэрвені 2025 года клуб распачаў працэдуру банкруцтва.
АБФФ наклала трансферны бан на БАТЭ, «Арсенал», «Мінск», «Маладэчна», «Смаргонь» і яшчэ 4 футбольныя клубы.
Камітэт па клубным ліцэнзаванні АБФФ узмацніў меры супраць футбольных клубаў-даўжнікоў – койданаўскі «Арсенал», БАТЭ, «Мінск», «Маладэчна-2018», «Смаргонь», бабруйская «Белшына» (Д2), «Ліда» (Д2), «Ніва» з Долбізна (Д2) і «Слонім».
Да іх прыменена бестэрміновая забарона на рэгістрацыю футбалістаў. Рашэнне прынята ў сувязі з наяўнасцю пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці па аплаце заяўкавых унёскаў на 30 верасня.
Паведамляецца, што ў жніўні клубы ўжо атрымалі папярэджанне за аналагічныя парушэнні па стане на 30 чэрвеня.
Цяпер жа клубы не змогуць рэгістраваць новых гульцоў да таго часу, пакуль не выплацяць усю суму заяўкавага ўнёску.
Нагадаем, заяўкавы ўнёсак для каманд Д1 у 2025 годзе складае 84 000 рублёў, для каманд Д2 – 19 000 рублёў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






