BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Беларусі згуляла ўнічыю з футбалістамі Люксембурга

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі трэці раз згулялі ўнічыю ў матчах Лігі нацый УЕФА. У венгерскім горадзе Залаэгерсег беларуская каманда разышлася мірам з футбалістамі Люксембурга – 1:1. На 10-й хвіліне сустрэчы Валерый Грамыка зарабіў пенальці, але яго ўдар з “кропкі” парыраваў вопытны галкіпер Энтані Морыс. На 55-й хвіліне Сяргей Паліцэвіч пасля падачы кутавога адкрыў лік. Аднак утрымаць перамогу не ўдалося – на 78-й хвіліне Жэрсан Радрыгес з пенальці аднавіў раўнавагу – 1:1. У другім матчы 4-га тура групы С3 паўночнаірландцы ў Белфасце разграмілі балгар 5:0. Становішча каманд пасля чатырох тураў: Паўночная Ірландыя – 7 ачкоў, Беларусь – 6 ачкоў, Балгарыя – 5, Люксембург – 2.

Палякі прапусцілі 3 галы за 5 хвілін ад Харватыі, але не прайгралі

Зборная Польшчы да апошняга чаплялася за шанец застацца ў барацьбе за топ-месцы ў групе А1. Для гэтага трэба было найменьш не прайграць харватам. Падначаленым Міхала Пробежа атрымалася адкрыць лік на пятай хвіліне – пасля пасу ад Кацпера Урбаньскага ўварваўся з флангу ў штрафную Пётр Зеліньскі і прыгожым ударам адправіў мяч у далёкую дзявятку – 1:0. Госці выдалі неверагодную пяціхвілінку, забіўшы тройчы. Пасля няўдалага вынасу абаронцы падбор у штрафной суперніка выйграў Борна Соса і з лёта прабіў дакладна ў далёкую дзявятку, без шанцаў для галкіпера. Петар Сучыч вывеў харватаў наперад, а Марцін Батурына падвоіў перавагу. На 45-й хвіліне Мікола Залеўскі вярнуў польскім заўзятарам надзею, зрабіўшы лік – 2:3. У другім тайме пасля паса ад Роберта Левандоўскага Себасцьян Шыманьскі зраўняў лік. На 77-й хвіліне брамнік гасцей Дамінік Лівакавіч выйшаў са штрафной і заехаў прамой нагой у Левандоўскага – суддзя паказаў прамую чырвоную картку, але рэалізаваць большасць палякі ўжо не здолелі – нічыя 3:3. У групе А1 у Партугаліі 10 ачкоў, Харватыі – 7, Польшчы – 4 і Шатландыі – 1.

Беларуская “маладзёжка” прайграла на фінішы кваліфікацыі ЧЕ па футболе

Беларускія футбалісты паразай завяршылі выступы ў адборавым турніры маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. У Торсхаўне ў апошнім паядынку кваліфікацыйнай групы G каманда Сяргея Яромкі саступіла футбалістам Фарэрскіх выспаў з лікам 0:1. Выніковае становішча пасля 10 тураў: Партугалія – ​​27 ачкоў, Харватыя – 22, Грэцыя – 17, Фарэрскія выспы – 10, Беларусь – 6, Андора – 3.

Дубль Энаса прынёс “Дынама” перамогу над ЦСКА

Хакеісты менскага “Дынама” ўдала пачалі самую працяглую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. У аўторак падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі маскоўскі ЦСКА. Лік у матчы ў першым перыядзе адкрыў Сэм Энас. Праўда, у другім перыядзе госці не толькі зраўнялі лічбы, але і выйшлі наперад – 2:1. У пачатку заключнай трэці Сяргей Кузняцоў аднавіў парытэт, але даволі хутка “армейцы” адарваліся ўжо на дзве шайбы. На выратаванне ў гаспадароў засталося ўсяго пяць хвілін, але гэтага часу “зубрам” хапіла: шайбы Вадзіма Шыпачова і Брэды Лайла перавялі сустрэчу ў авертайм. Ужо на 35-й секундзе дадатковага адрэзка Энас аформіў дубль і прынёс “Дынама” перамогу з лікам 5:4. Дзякуючы гэтаму поспеху беларуская каманда вярнулася ў зону плэй-оф, зараз мінчане з 17 ачкамі ідуць на сёмым месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. 17 кастрычніка “зубры” згуляюць з магнітагорскім “Металургам”.

Протас дапамог “Вашынгтону” здабыць першую перамогу ў новым сезоне НХЛ

Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас закінуў першую шайбу ў новым сезоне Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ). Мінулай ноччу ў пераможным хатнім паядынку з “Лас-Вегасам” беларус вызначыўся пасля дакладнай перадачы Аляксандра Авечкіна. У выніку “Вашынгтон” выйграў 4:2. Аляксей Протас правёў на пляцоўцы крыху больш за 15 хвілін пры паказчыку карыснасці +1. Хакеісты “Калгары” без траўмаванага беларускага форварда Ягора Шаранговіча абыгралі на хатняй арэне “Чыкага” з лікам 3:1.

Беларускае Радыё Рацыя