Зборная Егіпта забяспечыла сабе выхад у 1/8 фіналу Кубка афрыканскіх нацый. У другім туры групавога турніру егіпцяне абыгралі Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку з лікам 1:0. Гол забіў з 11-метровай адзнакі ніхто іншы, як Махамад Салах. Такім чынам яны набралі 6 ачкоў (у першым туры абыгралі Зімбабвэ – 2:1) і гарантавалі сабе выхад у наступны этап. Акрамя таго, Егіпет забяспечыў сабе першае месца. Па колькасці ачкоў іх яшчэ можа дагнаць ПАР (3 пункты), але егіпцяне ў такім выпадку будуць мець перавагу дзякуючы перамозе ў асабістай сустрэчы.

Што ж тычыцца астатніх вынікаў, то Туніс перамог Уганду з лікам 3:1.
Зборная Буркіна-Фасо абыграла Экватарыяльную Гвінею з лікам – 2:1. З 50-й хвіліны Экватарыяльная Гвінея гуляла ў меншасці пры ліку 0:0. На 71-й хвіліне Буркіна-Фасо забіла мяч, які пазней адмянілі з-за афсайда. На 85-й хвіліне Буркіна-Фасо прапусціла, але змагла дабіцца валявой перамогі, забіўшы два мячы ў кампенсаваны час другога тайма – на 90+5-й і 90+8-й хвілінах.
Алжыр абыграў Судан з лікам 3:0.
Дзеючы чэмпіён Кот-д’Івуар з лікам 1:0 перайграў Мазамбік.
З такім самым лікам 1:0 Камерун быў мацней за Габон.
А ўчора таксама Ангола згуляла ўнічыю 1:1 з Зімбабвэ.
Таксама ўнічыю, але 0:0 згулялі Замбія ды Каморскія выспы.
Турнір працягнецца да 18 студзеня.
Дзеючым пераможцам Кубка афрыканскіх нацый з’яўляецца зборная Кот-д’Івуара.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Бостан» сустракаўся з «Манрэаль Канадыенс» і саступіў з лікам 2:6. 24-гадовы беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак дэбютаваў за «Бостан» і выйшаў у трэцяй пары абароны разам з Мэйсанам Ларэем. Усяго Калячонак правёў на лёдзе 10 хвілін 35 секунд (менш за ўсіх з абаронцаў), нанёс 3 кідкі (2 з іх міма), заблакаваў 3 стрэлы саперніка, дапусціў 1 страту і зарабіў паказчык карыснасці «-1». Таксама ён зарабіў на сабе адзін фол суперніка.
У сезоне-2025/26 НХЛ у яго актыве 12 матчаў, 3 (1+2) ачкі пры паказчыку карыснасці «+2».
Пасля 38 сустрэч «Бостан» мае ў актыве 41 ачко і займае 12-е месца ва Усходняй канферэнцыі.
Таксама Уладзіслаў Калячонак стаў трэцім прадстаўніком Беларусі, які згуляў у лізе за чатыры каманды. Да гэтага ён правёў матчы за «Арызону» (пазней клуб пераехаў і стаў «Ютай»), «Пітсбург» і «Далас». Нагадаем, што раней гэтай адзнакі дасягалі Руслан Салей і Міхаіл Грабоўскі. Салей у розныя гады выступаў за «Анахайм», «Фларыду», «Каларада» і «Дэтройт». У актыве Грабоўскага – матчы за «Манрэаль», «Таронта», «Вашынгтон» і «Айлендэрс». Пры гэтым Грабоўскі фармальна значыўся гульцом пяці клубаў, але за «Вегас», куды яго абмянялі ў 2017 годзе, ён не згуляў ніводнага матча.
«Вашынгтон» прайграў «Нью-Йорк Рэйнджэрс» з лікам 3:7. Беларускі нападаючы «Вашынгтона» Аляксей Протас адзначыўся голам і асістам. Усяго ён правёў на лёдзе 17 хвілін 4 секунды, набраў 2 (1+1) ачкі, нанёс 4 кідкі (з іх 3 міма), ужыў 1 сілавы прыём, дапусціў 1 страту і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «+1». Яго прызналі трэцяй зоркай матча. У актыве Протаса 24 (13+11) ачкі ў 37 матчах НХЛ гэтага сезона. Пасля паражэння ў «Вашынгтона» 37 матчаў, 43 ачкі і сёмы радок ва Усходняй канферэнцыі.
«Чыкага» прайграў «Філадэльфіі» з лікам 1:3. 20-гадовы беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў аформіў асіст. Усяго ён правёў на лёдзе 24:04 хв, заблакаваў 2 кідкі і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «0». Леўшуноў у сезона згуляў 34 матчы НХЛ, набраў 16 (1+15) ачкоў, мае паказчык карыснасці «−10» і 20 хвілін штрафу. У «Філадэльфіі» беларускі галкіпер Аляксей Коласаў у заяўку не патрапіў. Пасля 36 сустрэч НХЛ «Чыкага» набраў 32 ачкі і апусціўся на апошняе месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.
А таксама «Калгары» Ягора Шаранговіча саступіў «Эдмантан» з лікам 1:5. Форвард правёў на пляцоўцы 13:58 хв, з якіх 2:17 хв прыйшліся на гульню ў большасці і 0:41 хв у меньшасці, нанёс 2 кідкі па варотах, прайграў адзінае ўкідванне і завяршыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі дагуляныя матчы 36 тура. «Дынама-Маладэчна» з лікам 2:1 перамагло «Брэст». Смаленскі «Славуціч» з лікам 6:2 перайграў «Магілёў».Жлобінскі «Металург» з лікам 4:2 быў мацнейшым за наваполацкі «Хімік». І салігорскі «Шахцёр» па булітах з лікам 3:2 перайграў аршанскі «Лакаматыў».
Такім чынам пасля 36 тураў турнірную табліцу па-ранейшаму ўзначальвае менскае «Юнацтва», у якога 62 ачкі. На другім радку ідзе «Ліда» з 53 баламі. І на трэцім месцы ідзе «Металург», у якога 51 ачко.
Менская «Сталіца» стала пераможцам у Кубку Беларусі па валейболе. У фінале яна перайграла «Барысаў-БДУФК» з лікам 3:1 (26:28, 25:22, 25:19, 25:21). У матчы за трэцяе месца «Шахцёр» згуляў з «Энергіяй» і саступіў з лікам 1:3 (25:19, 19:25, 23:25, 25:17). Фінальныя гульні прайшлі ў Салігорску.
Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) паведаміла, што беларусы і расейцы працягнуць удзельнічаць у дарослых спаборніцтвах пад нейтральным сцягам. Такое рашэнне было прынятае пасля кансультацый з МАК. Раней ФІДЭ дапусціла беларускія і расейскія каманды да турніраў. Таксама прадстаўнікі гэтых краін былі вернутыя да юніёрскіх спаборніцтваў пад дзяржаўнай сімволікай. Тады ж Генасамблея арганізацыі прагаласавала за тое, каб зняць усе абмежаванні з федэрацый Беларусі і Расеі, і дазволіць спартоўцам удзельнічаць ва ўсіх спаборніцтвах ФІДЭ з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі. Аднак канчатковае рашэнне павінна было быць прынятае пасля кансультацый з МАК.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






