BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Германіі адзначылася незвычайным дасягненнем

Выйграўшы ў Шатландыі ў матчы адкрыцця Еўра-2024 з лікам 5:1, зборная Германіі стала першай зборнай у гісторыі турніру, якой удалося перамагчы ў матчы адкрыцця з розніцай на чатыры мячы. На 10-й хвіліне лік у матчы адкрыў атакуючы паўабаронца зборнай Германіі Фларыян Вірц. На 19-й хвіліне Джамал Мусяла ўмацаваў перавагу. Гэта быў 80-ы гол Германіі на чэмпіянатах Еўропы (больш за ўсіх!). На першай даданай хвіліне тайма нападнік зборнай Германіі Кай Хаверц забіў трэці мяч сваёй каманды, рэалізаваўшы 11-мятровы. Да гэтай бяды шатландцы зазналі яшчэ ў дадатак выдаленне.

На 68-й хвіліне нападнік Ніклас Фюлькруг забіў чацвёрты гол гаспадароў. На 87-й цэнтральны абаронца зборнай Германіі Антоніё Рудзігер адзначыўся аўтаголам. А на 3-й даданай хвіліне матча пяты гол гаспадароў запісаў на свой баланс паўабаронца Эмрэ Джан, які выйшаў з лаўкі рэзервовых. Больш буйнога поспеху на старце турніру дамагалася толькі зборная Швецыі, у 2004 годзе забіўшы пяць мячоў без адказу ў браму Балгарыі.

Сёння на турніры пройдуць ажно тры матчы. У “нямецкай” групе венгры пазмагаюцца з швайцарцамі (15.00 еўрапейскага часу). А ў “горным” квартэце (краіны з Апенінаў, Пірэнеяў і Балканаў) сустрэнуцца Іспанія і Харватыя (18.00), а пасля чэмпіён кантыненту Італія і Албанія.

Жодзінскія тарпедаўцы замацаваліся на першым месцы ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” замацаваліся на першым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў гасцях у футбалістаў “Віцебска”, падначаленыя Дзмітрыя Молаша перамаглі 1:0. Адзіны мяч у самым пачатку другога тайма забіў Максім Скавыш. У першым матчы 12-га тура “Іслач” адолела ў Маладэчне футбалістаў “Гомеля” з такім жа лікам – 1:0. У гэтай гульні сустрэліся два найлепшыя бамбардзіры цяперашняга першынства Аляксандр Шасцюк і Джуніёр Эфаге, але яны не змаглі папоўніць свой галявы баланс. У абодвух засталося па 7 забітых мячоў.

Магілёўскі ЦАР не выйшаў у паўфінал Кубка чэмпіёнаў па пляжным футболе

Магілёўскі ЦАР не змог выйсці ў паўфінал розыгрышу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па пляжным футболе, які праходзіць у партугальскім Назары.
У чвэрцьфінале падначаленыя Вадзіма Бокача саступілі трохразоваму пераможцу гэтых спаборніцтваў партугальскай “Бразе” з лікам 5:7. У складзе магіляўчан хет-трык аформіў Ягор Гардзецкі, па голу забілі Міхаіл Аўгустоў і Арцемій Дрозд.

Алімпійскі чэмпіён Шыпачоў стаў гульцом менскага “Дынама”

Хакейнае менскае “Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з расейскім нападнікам Вадзімам Шыпачовым. Пагадненне з тытулаваным форвардам разлічана на два гады. Мінулы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі Шыпачоў правёў у казанскім “Ак Барсе”, набраўшы 46 (14+32) ачкоў у 67 матчах. Раней у КХЛ расеец гуляў за маскоўскае “Дынама”, СКА і “Северсталь”, а ў 2017 годзе з’ездзіў у НХЛ, дзе абараняў колеры “Вегаса”.

Сумарна ў КХЛ Вадзім Шыпачоў адыграў 987 матчаў і зарабіў 920 (289+631) балаў. Хакеісту належыць рэкорд лігі па колькасці галявых перадач, таксама форвард знаходзіцца ўсяго за дзевяць ачкоў ад усталявання новага дасягнення КХЛ па колькасці выніковых балаў.

У складзе зборнай Расеі Шыпачоў перамагаў на чэмпіянаце свету 2014 года ў Мінску і Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Пхенчхане.

Беларуская вяслярка Наздрова перамагла на чэмпіянаце Еўропы

Беларуска Алена Наздрова стала пераможцай чэмпіянату Еўропы па веславанню на байдарках і каноэ, які праходзіць у венгерскім Сегедзе.

У другі дзень спаборніцтваў беларускія весляры змагаліся за медалі ў трох фінальных заездах. На дыстанцыі 500 метраў у каноэ-адзіночак перамогу з вынікам 2:02,749 святкавала беларуска Алена Наздрова, на паўтары секунды апярэдзіўшы венгерку Джаду Брагата і іспанку Марыю Карберу, якія занялі другое і трэцяе месца. Наздрова стала трохразовай чэмпіёнкай Еўропы, таксама ў яе кар’еры ёсць тры золаты з чэмпіянатаў свету.

Беларускае Радыё Рацыя