Футбалісты зборнай Грузіі ўжо атрымалі абяцаную прэмію ў памеры 30 мільёнаў лары (ці больш за 10 мільёнаў даляраў) за выхад у плэй-оф чэмпіянату Еўропы ў Германіі. Пра гэта заявіў журналістам прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ.

«І на сустрэчы з гульцамі зборнай нагадалі ім, што і наступная гульня звязаная з такім прызам», – сказаў Кабахідзэ.
26 чэрвеня Грузія абыграла каманду Партугаліі 2:0 у заключным матчы групавога этапа і выйшла ў плэй-оф турніру. У 1/8 фіналу грузіны 30 чэрвеня сустрэнуцца з камандай Іспаніі.
Дысцыплінарны камітэт папярэдзіў чатырох гульцоў «Нёмана»
На пасяджэнні Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ, якое адбылося ў Доме футбола, прыняты шэраг важных рашэнняў. У прыватнасці, зменена пакаранне нападніка “Гомеля” Кірыла Ермаковіча, выдаленага ў сустрэчы з “Іслаччу”. Яго дыскваліфікацыя скарочана з трох матчаў да аднаго, і ў сувязі з гэтым гулец можа трапіць у заяўку “рысяў” на матч 14-га тура вышэйшай лігі супраць “Славіі”, паколькі ўжо прапусціў матч 13-га тура з “Шахцёрам”.
Футбалісты “Нёмана” Алег Еўдакімаў, Міхаіл Казлоў, Павел Савіцкі і Ягор Зубовіч атрымалі папярэджанні па артыкуле 100 “Іншыя парушэнні”, верагодна, за свае пасляматчавыя выказванні аб судзействе Віктара Шымусіка ў матчы з менскім “Дынама”.
Папярэджанне атрымаў і галоўны трэнер юнацкай зборнай U-17 Дзмітрый Караткевіч, які на тэлебачанні таксама каментаваў рашэнні арбітра ў негатыўным ключы, няхай потым і папрасіў прабачэння.
У Берасці і Мазыры пройдуць першыя сустрэчы 14-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі стартуе праграма 14-га тура. У першым паядынку футбалісты “Славіі” прымуць у Мазыры “Гомель”. У мінулым туры мазыране перапынілі няўдалую серыю, перамогшы ў Наваполацку мясцовы “Нафтан” 1:0, гамяльчане пацярпелі паразу ад салігорскага “Шахцёра” 1:2. Таксама сёння берасцейскае “Дынама” згуляе на сваёй арэне з футбалістамі “Віцебска”. У мінулы ўік-энд берасцейцы прайгралі на выездзе барысаўскаму БАТЭ 1:3, а віцебская каманда таксама ў гасцях адолела магілёўскае “Дняпро” 2:1.
Зборная Беларусі па пляжным футболе двойчы абыграла каманду Азербайджана
Зборная Беларусі па пляжным футболе паспяхова правяла два кантрольныя матчы на трэніровачным зборы ў Азербайджане. У першым спарынгу ў Баку падначаленыя Карласа Альварада адолелі азербайджанскую каманду з мінімальнай перавагай – 4:3. Галявы дубль аформіў Вадзім Бокач, па разе вызначыліся Арцемій Дрозд і Яўген Новікаў. У другой сустрэчы перавага беларусаў была большай – 5:2. Зноў яскрава праявіў сябе ветэран каманды Вадзім Бокач, у актыве якога хет-трык, па адным голе забілі Арцемій Дрозд і галкіпер Міхаіл Аўгустаў. Цяпер гульцы нацыянальнай зборнай вярнуліся ў свае клубы і 29-30 чэрвеня ў Кіраўску правядуць матчы другога тура чэмпіянату Беларусі.
Сталі вядомыя суперніцы Сабаленкі і Азаранкі на Уімблдоне
Адбылося лёсаванне асноўнага этапу Уімблдона-2024 у жаночым адзіночным разрадзе. Першая ракетка свету Іга Свёнтэк з Польшчы ў першым крузе згуляе з Сафіяй Кенін, якая прадстаўляе ЗША. Другі нумар сусветнага рэйтынгу амерыканская тэнісістка Коры Гаўф сустрэнецца са сваёй суайчынніцай Каралін Далхайд. Беларуска Арына Сабаленка, якая займае зараз трэці радок у сусветным рэестры, згуляе ў першым раўндзе спаборніцтваў з амерыканкай Эмінай Бектас. Вікторыя Азаранка, 16-я ракетка планеты, пачне свой шлях на турніры з паядынку з амерыканкай Слоун Стывенс.
Беларускае Радыё Рацыя






