BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Італіі па валейболе абараніла свой чэмпіёнскі тытул

Зборная Польшчы па валейболе завявала бронзавыя медалі на чэмпіянаце свету ў Філіпінах.
У матчы за трэцяе месца Польша перамагла зборную Чэхіі з лікам 3:1 – 25:18, 23:25, 25:22, 25:21. Для Польшчы гэта першыя медалі такога гатунку. Да гэтага былі – срэбра на мінулым мундыялі ў 2022 годзе, а таксама тры золаты ў 1974, 2014 і 2018 гадах.
У сваю чаргу зборная Італіі абараніла свой чэмпіёнскі тытул, здабыты на мінулым чэмпіянаце свету. Гэтым разам у фінале яна перамагла каманду Балгарыі з лікам 3:1 – 25:21, 25:17, 17:25, 25:10. Агулам для італьянцаў гэта пяты чэмпіёнскі тытул.

У розыгрышы чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе былі згуляныя матчы 23 тура.
Койданаўскі «Арсенал» разышоўся мірам 1:1 з «Мінскам».
«Слуцк» на сваім полі прайграў «Віцебску» з лікам 0:1.
Берасцейскае «Дынама» абыграла барысаўскі «БАТЭ» з буйным лікам 3:0.
Працягвае ліхаманіць лідара чэмпіяната – віцебскі «МЛ». Пасля таго, як ён з’ездзіў у Маскву на матч са «Спартаком», пацярпеў ужо трэцюю паразу запар. Гэтым разам на сваім стадыёне «МЛ» бязвольна саступіў сваму асноўнаму канкурэнту – мазырскай «Славіі» з лікам 2:3.
«Гомель» перайграў «Маладэчна» з лікам 2:1.

Няўступчывая на сваім полі «Смаргонь» працягвае адбіраць ачкі ў камандаў з верха турнірнай табліцы. Гэтым разам пад раздачу «мядзьведзяў» патрапілі «алені» – гарадзенскі «Нёман». Адзіны мяч з пенальці у браму Максіма Бялова забіў былы шматгадовы гулец «Нёмана» – смургонец Максім Яблонскі.
А завяршылі праграму тура – менскае «Дынама» і прысталічная «Іслач». Дзякуючы сумніўнаму пенальці на зыходзе апошняй хвіліны гульні перамога з лікам 2:1 дасталася «Дынама».
На першым месцы турнірнай табліцы з 52 ачкамі па-ранейшаму застаецца «МЛ». На другім радку з 45 ачкамі ідзе «Дынама». А на трэцім месцы «Славія», якая мае на адзін пункт меней.

У розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе былі згуляныя матчы 26 тура. З цікавых вынікаў адзначым паразу 2:3 «Ліды» ў Гомелі ад «ПаперПрама». Паразу «Слоніма» 0:2 ў Бабруйску ад «Белшыны». Нечаканую хатнюю паразу лідара чэмпіяната магілёўскага «Дняпро» ад дублёраў «Мінска» з лікам 0:1. Перамогу пінскай «Хвалі» над «Нівай» з Камянеччыны з лікам 4:2. А таксама перамогу «Баранавічаў» над менскім «Юні ікс лабс» з лікам 6:2. Дзякуючы гэтай перамозе «Баранавічы» і ўзначалілі турнірную табліцу і сталі бліжэй да гістарычнага для сябе выхаду ў Вышэйшую лігу. На другім і трэцім месцах ідуць бывалыя ўжо «Дняпро» ды «Белшына».

У польскай Экстракласе былі згуляныя некаторыя матчы 10 тура. З цікавых адзначым сустрэчу плоцкай «Віслы» і катовіцкага «ГКС», якая завяршылася ўнічыю 1:1. У складзе «гарнякоў» беларускі форвард Ілля Шкурын выйшаў на поле на 63 хвіліне ўжо пры ліку 1:1 і за гэты час нічым не адзначыўся.
Глівіцкі «Пяст» беларускага форварда Германа Баркоўскага здабыў супервалявую перамогу над няцецкім «Брук-Бэт». Спачатку саступаў 0:2, а па выніку перамог 4:2. Герман выйшаў на поле на 75 хвіліне пры ліку 3:2, але карыснымі дзеяннямі за гэты час не адзначыўся.
Беластоцкая «Ягелонія» ў прынцыповым матчы з «Лехам» у Познані згуляла ўнічыю 2:2. Галамі ў стане беластачанаў адзначыліся – Хесус Імаз ды Оскар Петушэўскі.
Такім чынам «Ягелонія» з 18 ачкамі ідзе зараз на 4 радку Экстракласы, адстае на 1 пункт ад лідара, але і мае гульню ў запасе.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя астатнія матчы 8 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Гомель» ізноў перайграў гарадзенскі «Нёман». Гэтым разам па булітах – 2:1.
«Віцебск» перамог «Брэст» з лікам 4:1.
«Ліда» пацярпела першую паразу ў чэмпіянаце. Менскае «Юнацтва» на пляцоўцы «рыцараў» узяло рэванш – 1:3. І вярнулася на першы радок табліцы. На другім ідзе «Ліда». А на трэцяе месца падцягнулася маладэчанскае «Дынама». Усе каманды маюць па 14 ачкоў.

На тэнісным турніры China Open серыі WTA-1000 у Пекіне 130-я ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Аляксандра Сасновіч стварыла сенсацыю і ў 1/32 фінала перамагла 14 ракетку свету японку Наомі Осаку з лікам 2:1 – 1:6, 6:4, 6:2.
Гульня працягвалася 1 гадзіну 33 хвіліны.
Сасновіч саступіла першы сэт і прайгравала з брэйкам у другім (2:3), але здолела пераламіць ход сустрэчы і атрымала ўжо 4-ю перамогу на турніры з улікам кваліфікацыі.
У 1/16 фіналу яе суперніцай стала 28 ракетка рэйтынгу ўкраінка Марта Касцюк, якая разграміла немку Элу Зайдэль – 6:1, 6:1.
Дзякуючы сваёй першай перамозе над экс-першай ракеткай свету Аляксандра ўжо гарантавала сабе 60 400 даляраў прызавых. У выпадку перамогі над Касцюк яе заробак павялічыцца да больш чым ста тысяч даляраў.
Нагадаем, у 2012 годзе пераможцай пекінскага турніру станавілася Вікторыя Азаранка, былая першая ракетка свету з Беларусі.
Спаборніцтвы завершацца 5 кастрычніка.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя