BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Кюрасаа творыць гісторыю

мундыяль

Працягваюць вызначацца дэбютанты чэмпіяната свету па футболе, які пройдзе ў наступным годзе. Сярод іх – зборная Кюрасаа, якая выйграла групу з Ямайкі, Трынідада і Табага і Бермудскіх астравоў, і ўпершыню ў гісторыі выйшла на мундыяль.

У заключным матчы Кюрасаа трэба было не прайграць у гасцях Ямайцы. Каманды згулялі 0:0, а месяц таму Кюрасаа выйграла ў Ямайкі 2:0.
Кюрасаа, што знаходзіцца на поўдні Карыбскага мора непадалёк ад Венесуэлы, стане зборнай з самай маленькай краіны на чэмпіянаце свету. Яе насельніцтва 156 тысяч чалавек і тэрыторыя на 444 квадратныя кіламетры. Папярэдні рэкорд чэмпіянатаў належаў Ісландыі з яе 350 тысячамі.

Таксама з Цэнтральнай Амерыкі выйшлі на чэмпіянат свету Гаіці і Панама (другі раз у гісторыі), а Ямайка і Сурынам трапілі ў міжкантынентальныя стыкі.

Такім чынам вызначыліся 42 з 48 удзельнікаў чэмпіянату свету па футболе.

Пуцёўкі ўжо заваявалі:

ад Паўднёвай Амерыкі — Аргентына, Уругвай, Бразілія, Парагвай, Калумбія, Эквадор,

ад Афрыкі — Каба-Вердэ, Алжыр, Туніс, Егіпет, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Марока, Гана, Сенегал, Кот д’Івуар,

ад Азіі — Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Катар, Узбекістан, Іярданія, Саудаўская Аравія,

ад Акіяніі — Новая Зеландыя.

Таксама выступяць ЗША, Мексіка і Канада як арганізатары.

Ад Еўропы прамыя пуцёўкі заваявалі зборныя Германіі, Швайцарыі, Шатландыі, Францыі, Гішпаніі, Партугаліі, Нідэрландаў, Бельгіі, Англіі, Нарвегіі, Аўстрыі ды Харватыі.

У стыкавыя матчы адпраўляюцца зборныя, што занялі ў сваіх групах другія месцы: Славакія, Косава, Украіна, Чэхія, Ірландыя, Італія, Боснія і Герцагавіна, Турцыя, Польшча, Албанія, Уэльс і Данія + чатыры найлепшыя каманды з Лігі нацый, што не прабіліся праз адборавы турнір ЧС – Швецыя, Румынія, Паўночная Ірландыя і Паўночная Македонія. Яны ў сакавіку разыграюць чатыры дадатковыя пуцёўкі ад Еўропы.

Тут 16 зборных будуць падзеленыя на чатыры групы па чатыры каманды і ў фармаце паўфінал/фінал разыграюць чатыры пуцёўкі (то бок яе атрымае пераможца кожнай з чатырох груп).

Лёсаванне стыкавых матчаў абудзецца ўжо сёння. Самы матчы пройдуць 26 і 31 сакавіка наступнага года.

У міжкантынентальных стыках дзве пуцёўкі разыграюць Балівія, Новая Каледонія, Ірак, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Ямайка і Сурынам.

Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года ў ЗША, Мексіцы і Канадзе. Упершыню на ім згуляюць 48 зборных.

А тым часам ФІФА апублікавала абноўлены рэйтынг мужчынскіх зборных.
Дзякуючы нічыім са зборнымі Даніі і Грэцыі ў лістападаўскіх матчах адбору ЧС-2026 Беларусь зарабіла 14 балаў і ўзнялася на чатыры радкі ў рэйтынг-лісце.
Цяпер беларусы з 1227 баламі на рахунку ідуць на 99-м радку, вярнуўшыся ў топ-100.
98-е месца займае Трынідад і Табага, замыкае сотню Сальвадор.
Лідзіруе ў рэйтынгу Гішпанія, у якой 1877 балаў.

Галкіпер зборнай Беларусі Фёдар Лапавухаў быў адзначаны за гульню ў еўрапейскай кваліфікацыі на чэмпіянат свету-2026.
Галкіпер балгарскага ЦСКА і зборнай Беларусі за 5 праведзеных матчаў у адборы на чэмпіянат свету 2026 года атрымаў адзнаку 7,2 і ўвайшоў у сімвалічную зборную групы С.
У гэтым сезоне Лапавухаў правёў 9 матчаў у чэмпіянаце Балгарыі, у трох з іх згуляўшы на нуль.

У розыгрышы рэгулярнага чэмпіяната беларускай хакейнай Экстралігі завяршыўся 26 тур. А разам з ім і першая палова турніра.
Гарадзенскі «Нёман» у Воршы з лікам 2:1 перайграў мясцовы «Лакаматыў».
Менскае «Юнацтва» раграміла «Магілёў» з лікам 5:0.
Жлобінскі «Металург» з мінімальным лікам 1:0 перамог «Гомель».
Такім чынам, на экватары чэмпіяната лідарам турнірнай табліцы застаецца «Юнацтва», у якога 46 балаў. І следам ідзе трыа даганяючых – «Дынама-Маладэчна», «Ліда» і салігорскі «Шахцёр», якія маюць па 39 ачкоў.

А вось за акіянам у Нацыянальнай Хакейнай Лізе прайшлі матчы з удзелам беларускіх гульцоў.
У «беларускім» дэрбі «Чыкага» сустракаўся з «Калгары» і перамог з лікам 5:2.
20-гадовы абаронца «Чыкага» Арцём Лeўшуноў правёў на лёдзе 17:46, з іх 4:59 – у большасці і 0:02 – у меншасці, не вызначыўся выніковымі баламі, зрабіў 1 кідок, паставіў 1 блокшот, здзейсніў 2 страты і завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «0».
Агулам за сезон Лeўшуноў правёў 18 матчаў, набраў 10 (0+10) ачкоў, мае паказчык карыснасці «+2» і 10 хвілін штрафу.
Яго «Чыкага» займае пятае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі.
А вось 27-гадовы беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 12:44, з іх 2:43 – у большасці і таксама не набраў ачкоў, зрабіў 1 кідок, атрымаў 2 хвіліны штрафу, здзейсніў 1 страту, прайграў 1 укідванне, завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці «-3».
Агулам у сезоне Шаранговіч правёў 17 матчаў, набраў 4 (2+2) ачкі і мае паказчык карыснасці «-13».
Яго «Калгары» займае апошняе месца ў Заходняй канферэнцыі НХЛ.

«Далас» сустракаўся з «Айлендэрс» і саступіў з лікам 2:3.
За «Далас» дэбютаваў беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак.
Ён правёў на лёдзе 9:29, таксама не набраў вынiковых балаў, заблакаваў 1 кідок і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «0».
Калячонак быў выкліканы з «Тэхас Старз» (АХЛ), дзе правёў 10 матчаў, набраў 3 (0+3) ачкі пры паказчыку карыснасці «0».
Цяпер «Далас» з 27 ачкамі пасля 19 матчаў займае 2-е месца ў Заходняй канферэнцыі НХЛ.

І завершым баскетболам.
Зорка «Лос-Анджэлес Лэйкерз» Леброн Джэймс стаў першым баскетбалістам у гісторыі НБА, які згуляў у 23 сезонах.
Адбылося гэта ў матчы рэгуляркі супраць «Юты» (140:125), у якім 40-гадовы гулец набраў 11 ачкоў, зрабіў 3 падборы і 12 асістаў.
Да гэтага Джэймс дзяліў першы радок з Вінсам Картэрам, які правёў 22 сезоны ў лізе ў перыяд з 1998-га па 2020 год.
Нагадаем, усе папярэднія матчы сезона форвард прапусціў з-за хваробы.
Леброн з’яўляецца рэкардсменам рэгулярнага сезона па колькасці згуляных хвілін (59 070) і набраных ачкоў (42 195).
Акрамя таго, ён займае другое месца па колькасці гульняў (1563), трэцяе па колькасці перамог (1010), чацвёртае па колькасці асістаў (11596), шостае па колькасці перахопаў (2346) і шостае па колькасці трохачковых (2561).

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя