
Па выніках групавога этапа Лігі канферэнцый сезона-2025/26 сталі вядомы каманды, якія прадоўжаць барацьбу ў плей-оф.
Лёсаванне стыкавых матчаў Лігі канферэнцый запланавана на 16 студзеня 2026 года, а самі гульні пройдуць 19 і 26 лютага.
Лёсаванне 1/8 фіналу адбудзецца 27 лютага, а сустрэчы каманд пройдуць 12 і 19 сакавіка.
У 1/8 турніру выйшлі «Страсбур», «Ракуў», грэцкі АЕК, «Спарта», «Рая Вальякана», «Шахтар», «Майнц» і кіпрыёцкі АЕК.
У стыкавых матчах за права выхаду ў 1/8 згуляюць «Лазана», «Крыстал Пэлас», «Лех», «Самсунспор», «Цэле», АЗ, «Фіярэнтына», «Рыека», «Ягелонія», «Амонія», «Ноа», «Дрыта», «КюПС», «Шкендыя», «Зрыньскі» і «Сігма».
Пераможцам Кубка арабскіх нацый стала зборная Марока.
У фінале мараканцы ў дадатковы час перамаглі зборную Іярданіі — 3:2. Асноўны час завяршыўся ўнічыю – 2:2.
У экстратайме вызначыўся Абдэрразак Хамдала, які аформіў у матчы дубль.
Зборная Марока выйграла турнір другі раз у сваёй гісторыі. Упершыню гэта ёй удалося ў 2012 годзе.
Іарданія — Марока — 2:3
Галы: Олван, 48, 68, з пенальці. – Танане, 4, Хамдала, 87, 100.
Адбыўся другі таварыскі матч зборнай Беларусі па міні-футболе з камандай Славакіі ў рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы.
У першай гульні зафіксавана нічыя 3:3. Учора ж славакі абгулялі беларусаў з лікам 2:1.
Нагадаем, што беларусы на групавым этапе ЧЕ сустрэнуцца з камандамі Славеніі, Гішпаніі і Бельгіі.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» на сваім лёдзе перамог «Таронта» з лікам 4:0.
Беларускі нападнік «кэпіталз» Аляксей Протас закінуў першую шайбу на 13-й хвіліне гульні.
Агулам 24-гадовы хакеіст правёў на лёдзе 14 хвілін 49 секунд, у тым ліку 1 хвіліну 56 секунд у меньшасці. Набраў 1 (1+0) ачко, нанёс чатыры кідкі па браме (два з іх міма), зарабіў чатыры хвіліны штрафу, дапусціў дзьве страты і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+2».
У гэтым сезоне на рахунку Протаса – 21 (11+10) ачко ў 34 матчах пры паказчыку карыснасці «+22» і 12 хвілінах штрафу.
Гэты гол стаў для Аляксея дзявятым пераможным у кар’еры ў НХЛ. Дзякуючы гэтаму Пратас узняўся на чацьвёртае месца сярод беларусаў па колькасці пераможных шайб, апярэдзіўшы Сяргея Касціцына.
Топ-5 беларусаў па пераможных шайбах у НХЛ:
Андрэй Касціцын – 20, Міхаіл Грабоўскі – 18, Ягор Шаранговіч – 15, Аляксей Протас – 9, Сяргей Касціцын – 8.
«Калгары» на сваім лёдзе абыграў «Сіэтл» з лікам 4:2.
Беларускі нападаючы «Калгары» Ягор Шаранговіч адгуляў у матчы рэкордны для сябе час у гэтым сезоне. Ён правёў на пляцоўцы 20 хвілін 58 секунд, з якіх 4 хвіліны 49 секунд прыпалі на гульню ў большасці. Ягор ачкоў не набраў, нанёс пяць кідкоў па варотах (адзін – міма), выканаў два сілавыя прыёмы, выйграў адзінае ўкідванне і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
Шаранговіч не набірае выніковых балаў ужо чацьвёрты матч запар.
У гэтым сезоне беларускі форвард правёў 31 гульню, набраў 11 (6+5) ачкоў і мае паказчык карыснасці «−8».
У кітайскім Хэбэі 20-21 снежня пройдзе другі этап Кубка свету-2025/26 па лыжным фрыстайле.
На яго былі заяўленыя пяць беларускіх спартоўцаў – гэта Ігар Драбянкоў, Уладзіслаў Вазнюк, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава, а таксама алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова.
У пачатку снежня стала вядома, што міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і сноўборда (FIS) прызнала рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) па допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы.
Дзякуючы гэтаму яны змогуць кваліфікавацца на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Мілане і Корціна-д’Ампецца з 6 па 22 лютага наступнага года.
Ліцэнзіі на Алімпіяду будуць уручацца па выніках кваліфікацыйнага рэйтынгу. Ён фармуецца па выніках пяці этапаў Кубка свету-2025/26. Другі пройдзе Хэбэі, а яшчэ тры – пасля Новага года: 6-7, 11-12 і 16-18 студзеня – у Канадзе і ЗША адпаведна.
Адзначым, што апошні раз беларускія фрыстайлісты выступалі на этапе Кубка свету 12-14 студзеня 2022 года ў амерыканскім Дзір-Уэлі.
У французскім Ансі прайшоў мужчынскі спрынт на трэцім этапе Кубка свету па біятлоне.
Перамогу святкаваў нарвежац Ветле Шостад Крысціянсэн. Гэта яго першая асабістая перамога ў рамках Кубка свету з 21 студзеня 2024 года – тады ён перамог у мас-старце этапу ў Антхольцы.
У агульнай складанасці нарвежац сем разоў выйграваў асабістыя гонкі на Кубку свету і 27 разоў заваёўваў золата ў эстафетах.
1. Ветле Шостад Крысціянсэн (Нарвегія) – 25:00.6 (0+0)
2. Ёханэс Дале-Шаўдаль (Нарвегія) – +3.5 (1+1)
3. Эмільен Жаклен (Францыя) – +5.0 (0+1)
4. Ёган-Олаў Ботн (Нарвегія) – +6.0 (0+0)
5. Сіверт Гутарм Бакен (Нарвегія) – +8.6 (0+0)
6. Себасцьян Самуэльсан (Швецыя) – +8.8 (0+2)
У заліку мужчынскага Кубка нацый па біятлоне ў сезоне-2025/26 лідарам з’яўляецца зборная Нарвегіі.
1. Нарвегія – 3003
2. Францыя – 2771
3. Швецыя – 2669
4. Германія – 2479
5. Італія – 2234
6. ЗША – 2197
7. Чэхія – 2084
8. Швейцарыя – 1933
9. Славенія – 1837
10. Украіна – 1836
А ў індывідуальным заліку Кубку свету па біятлоне сярод мужчын пасля 6 гонак з 21 лідзіруе нарвежац Ёган-Олаў Ботн.
1. Ёхан-Олаў Ботн (Нарвегія) – 420
2. Эрык Перо (Францыя) – 317
3. Тамаза Джакамел (Італія) – 315
4. Себасцьян Самуэльсан (Швецыя) – 298
5. Стурла Легрэйд (Нарвегія) – 267
6. Кантэн Фіён-Мае (Францыя) – 263
7. Ветле Шастад Крысціянсэн (Нарвегія) – 263
8. Філіп Хорн (Германія) – 209
9. Марцін Пансілуома (Швецыя) – 194
10. Эмільен Жаклен (Францыя) – 183
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






