BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Партугаліі – першы фіналіст Лігі Нацый

Учора ў Мюнхене на «Альянц Арэне» быў згуляны першы паўфінальны матч Лігі Нацый паміж зборнымі Германіі ды Партугаліі. Першым фіналістам, дзякуючы перамозе ў валявым стылі з лікам 2:1, стала зборная Партугаліі. На пачатку другога тайма лік у сустрэчы адкрыў немец Фларыян Вірц. На што праз 15 хвілінаў трапным стрэлам адзначыўся Францыска Кансэсао. І пераможны гол у вароты Тэр Штэгена забіў усё той жа Крышціяну Раналду. Адзначым, што для 40-гадовага форварда гэта быў 220 матч за зборную Партугаліі, што з’яўляецца абсалютным рэкордам у гісторыі футбола, за больш чым 21 год у стане зборнай. Таксама ён абнавіў сусветны рэкорд і па колькасці забітых галоў у зборнай – зараз ён мае 137 трапных стрэлаў. Што на 24 больш, чым у Леанэля Мессі, які ідзе другім. І гледзячы на ўзрост бліжэйшых супернікаў Крышціяну, рэкорды што па колькасці матчаў, што галоў будуць трымацца яшчэ вельмі доўга. Сёння ж у матчы зборных Гішпаніі ды Францыі вызначыцца другі фіналіст Лігі Нацый.

А тым часам, пакуль 40-гадовы Крышціяну Раналду ставіць новыя недасягальныя рэкорды, беларускі хакеіст Сяргей Касціцын завяршае гульнявую кар’еру. 38-гадовы нападаючы, што апошні час выступаў за жлобінскі «Металург» у беларускай Экстралізе, вырашыў спыніць кар’еру. Пра гэта паведаміла прэс-служба клуба. Сяргей Касціцын прафесійна займаўся хакеем 23 гады. Усяго Касціцын згуляў за «Металург» у 172 матчах і набраў 114 (25+89) ачкоў. У якасці капітана каманды ён двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі — у 2023 і 2024 гадах. У Нацыянальнай хакейнай лізе правёў 6 сезонаў за «Манрэаль» і «Нэшвіл». Сярод беларусаў у лізе займае трэцяе месца па галах і чацвёртае месца па гульнях, ачках і асістах. Усяго на яго рахунку 393 матчы ў НХЛ з улікам Кубка Стэнлі і 191 (71+120) ачко пры 210 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «+21». За зборную Беларусі Касціцын згуляў на сямі ЧС і набраў 24 (6+18) ачкі ў 41 матчы. Таксама ён стаў найлепшым бамбардзірам зборнай Беларусі на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. Тады ў 4 сустрэчах форвард набраў 5 (2+3) ачкі.

Таксама варта звярнуць увагу зараз на чэмпіянат Францыі па басктеболе, дзе праходзяць паўфінальныя матчы. Там за выхад у фінал змагаецца «Парыж» і «Бур», за які паспяхова выступае беларус Максім Салаш і з’яўляецца адным з лідараў каманды. У першым паўфінальным матчы, які яго «Бур» саступіў «Парыжу» з лікам 100:89, ён набраў 18 ачкоў. І гэта трэці паказчык у матчы і лепшы ў камандзе.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя