BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Партугаліі вырвала перамогу над чэхамі

Зборная Партугаліі святкавала валявую вікторыю над чэхамі ў апошнім матчы першага тура Еўра-2024. Чэхі выбудавалі надзейныя абарончыя рэдуты, спрабуючы знайсці шанец у контратацы. Гэта атрымалася неўзабаве пасля перапынку, калі Лукаш Провад выдатным ударам з кута штрафной плошчы адкрыў лік. Аднак утрымаць перамогу чэхам не ўдалося. Спачатку Робін Гранач зрэзаў мяч у сваю браму, а на другой кампенсаванай хвіліне Франсішку Кансэйсау забіў пераможны гол – 2:1 на карысць Партугаліі. Капітан партугальскай дружыны 39-гадовы нападнік Крышціяну Раналду стаў першым у гісторыі футбалістам, які згуляў на шостым чэмпіянаце Еўропы. Сустрэчы другога туру пачнуцца сёння. У квартэце А гаспадары турніру футбалісты Германіі згуляюць у Штутгарце з камандай Венгрыі, а ў Кёльне будуць супернічаць зборныя Шатландыі і Швейцарыі.

Жодзінскія тарпедаўцы выйшлі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі

Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” прабіліся ў 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Лідары нацыянальнага чэмпіянату гулялі ў гасцях з футбалістамі “Маладзечна-2018” і ў кожным тайме забілі па мячу. Спачатку вызначыўся Ілля Васілевіч, а ў другой палове апошнюю кропку паставіў Дзяніс Лявіцкі – 2:0. У першым паядынку фіналісты мінулага кубкавага сезона футбалісты “Іслачы” разграмілі ў гасцях гомельскі “Лакаматыў” – 5:0. Сёння адбудуцца яшчэ дзве сустрэчы 1/16 фіналу. Дзеючы ўладальнік Кубка гарадзенскі “Нёман” згуляе на выездзе са сталічным клубам “Юні Ікс Лабс”, а “Мёры” прымуць чэмпіёна Беларусі менскае “Дынама”.

Беларускія клубы даведаліся сапернікаў па кваліфікацыі Лігі канферэнцый УЕФА

Беларускія футбольныя клубы даведаліся супернікаў у кваліфікацыі трэцяга па рангу кантынентальнага турніру – Лігі канферэнцый. Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” ў першым кваліфікацыйным раундзе згуляюць з малдаўскім “Мілсамі”. Супернікам “Іслачы” з Мінскага раёна будзе “Ла Фіярыта” з Сан-Марына. Сустрэчы пройдуць 11 і 18 ліпеня. Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі, гарадзенскі “Нёман” пачне выступы з другога этапа кваліфікацыі ЛК, лёсаванне якога адбудзецца сёння. Вырашальны паядынак Лігі канферэнцый адбудзецца 28 траўня 2025 года ў польскім Уроцлаве.

Азаранка пераможна стартавала на турніры WTA-500 у Берліне

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка паспяхова пачала выступы на турніры WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 922,5 тысячы даляраў. У матчы першага раунда беларуска, якая займае 19-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла дзевятую ракетку планеты грэчаскую тэнісістку Марыю Сакары – 6:4, 6:2. У 1/8 фіналу Азаранка сустрэнецца са 157-ым нумарам рэйтынгу WTA турчанкай Зейнэп Сонмез. Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка пачне выступы з другога раўнда, дзе яе суперніцай будзе 14-я ракетка планеты расейская тэнісістка Дар’я Касаткіна.

Беларускае Радыё Рацыя