12 чэрвеня адбыўся фінальны забег эстафеты 4 па 100 на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы.
Зборная Польшчы, за якую выступае беларуска Крысціна Ціманоўская, не фінішавала ў фінале эстафеты 4 па 100 на ЧЕ па лёгкай атлетыцы
Першае месца заняла зборная Вялікабрытаніі, на п’едэстале таксама аказаліся каманды Францыі і Нідэрландаў. Раней у Рыме Ціманоўская не выйшла ў фінал на дыстанцыi 200 метраў
Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Валенсіі
275-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч пераможна стартавала на турніры WTA-125 у іспанскай Валенсіі з прызавым фондам 115 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу беларуска перайграла ў дзвюх партыях 143-ю ракетку планеты чэшку Дамініку Салкаву – 6:4, 6:4. У паядынку за трапленне ў чвэрцьфінал суперніцай Ірыны Шымановіч будзе мексіканская тэнісістка Рэната Сарасуа.
Магілёўскі ЦАР выйшаў у плэй-оф Кубка чэмпіёнаў па пляжным футболе
Магілёўскі ЦАР выйшаў у плэй-оф розыгрышу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў па пляжным футболе, які праходзіць у партугальскім Назары. У заключным матчы папярэдняга этапа чэмпіёны Беларусі адолелі італьянскі клуб «Катанія» з лікам 3:2. Мячы ў пераможцаў забілі Ягор Мурашка, Юрый Пятроўскі і Ягор Гардзецкі. Да гэтага падначаленыя Вадзіма Бокача абыгралі ізраільскі «Рош Хайін» і партугальскі ГРАП, заняўшы першае месца ў групе Н. Наступны супернік магіляўчан стане вядомы пасля паядынкаў першага раўнда плэй-оф. Пераможца і прызёры Кубка чэмпіёнаў вызначацца 16 чэрвеня. Гэты турнір праводзіцца з 2013 года. У мінулым сезоне яго выйграў ізраільскі «Кфар Касэм», які перамог у фінале італьянскую «Пізу». Больш за ўсіх уладальнікам Кубка чэмпіёнаў па пляжным футболе станавіўся «Крышталь» з Санкт-Пецярбурга, у якога чатыры трафеі.
Вашкевіч можа змяніць Д4 Польшчы на «Арсенал»
24-гадовы беларускі нападнік польскай «Уніі» з чацвёртага польскага дывізіёна Дзмітрый Вашкевіч блізкі да пераходу ў дзяржынскі «Арсенал», паведамляе тэлеграм-канал «Ухо». Нагадаю, Вашкевіч раней выступаў за «Тарпеда-БелАЗ», «Белшыну», «Смаргонь» і «Нёман».
Эфаге не пяройдзе ў менскае «Дынама»
20-гадовы габонскі форвард «Гомеля» Родзі Эфаге з верагоднасцю 99% не пяройдзе ў менскае «Дынама». Як паведамляе «Вуха», гэта звязана з трыма прычынамі: «Дынама» гатова прапанаваць гульцоў наўзамен, «Гомель» хоча зарабіць – абмен іх не цікавіць, сам нападаючы разглядае замежныя варыянты. У 10 матчах ЧБ Эфаге забіў 7 мячоў.
ХК «Мінск» выйшаў наперад у фінальнай серыі ЧБ па хакеі на траве
У сталіцы адбыўся трэці паядынак фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд.
Чэмпіёнскае званне чарговы раз разыгрываюць берасцейскі «Будаўнік» і хакейны клуб «Мінск». Два стартавыя матчы фіналу адбыліся ў Берасці, у дэбютнай гульні мацней былі паўднёўцы 3:1, на наступны дзень сталічны клуб узяў рэванш 3:2. Напярэдадні ў паядынку на пляцоўцы ў парку Горкага перавага «Мінска» была бясспрэчнай – 4:0. Галамі ў складзе гаспадароў адзначыліся Павел Корсік, Уладзіслаў Кочкін, Мікіта Старадуб і Яраслаў Шафранскі.
Фінальная серыя доўжыцца да трох перамог адной з каманд. Чацвёртая сустрэча супернікаў пройдзе ў сталіцы 13 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя






