Польская зборная рыхтуецца да другога матчу ў адборы на чэмпіянат свету-2026 супраць Мальты. Сустрэча адбудзецца сёння, 24 сакавіка, на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве, пачатак — у 20:45. Матч будзе абслугоўваць дацкая брыгада арбітраў на чале з Мортэнам Крогам. Паводле апошніх звестак, галоўны трэнер Міхал Прабеж можа зрабіць да пяці зменаў у стартавым складзе ў параўнанні з папярэдняй сустрэчай супраць Літвы (1:0). У матчы не прымуць удзел Матэуш Скшыпчак і Барташ Мрозэк, якія не трапілі ў заяўку. Пад сумневам і ўдзел Роберта Левандоўскага — яму могуць даць адпачынак перад напружаным графікам у «Барселоне». Яго месца на полі можа заняць Кшыштаф Пёнтэк. У абароне магчымыя змены: Каміль Пёнткоўскі можа саступіць месца Матэушу Ветэсцы, а на правым флангу замест Мэці Кэша, які мае праблемы са здароўем, можа згуляць Пшэмыслаў Франкоўскі. Таксама ёсць верагоднасць, што Себасцьян Шыманскі пачне матч на лаўцы запасных, а яго заменіць Кацпер Урбанскі. Гісторыя супрацьстаяння Польшчы і Мальты сведчыць пра перавагу палякаў: чатыры перамогі ў чатырох сустрэчах і агульная розніца мячоў — 13:0.
Матч Беларусі і Азербайджана абслужаць грузінскія арбітры
Кантрольны матч паміж зборнымі Беларусі і Азербайджана, які адбудзецца 25 сакавіка ў Баку, абслужыць грузінская брыгада арбітраў. Галоўным суддзёй прызначаны арбітр ФІФА Алеко Апцыяўры. Беларусь і Азербайджан сустракаліся шэсць разоў. У актыве беларускай зборнай адна перамога, азербайджанцы святкавалі поспех тройчы, яшчэ дзве сустрэчы скончыліся ўнічыю. У рэйтынгу ФІФА Беларусь займае 98-е месца, Азербайджан — 117-е.
Шчэнсны блізкі да новага кантракта з «Барселонай»
Войцех Шчэнсны вядзе перамовы з «Барселонай» аб падаўжэнні кантракта. Паводле інфармацыі іспанскіх СМІ, бакі абмяркоўваюць пагадненне па схеме «1+1» — на адзін сезон з магчымасцю падаўжэння яшчэ на год. Перамовы праходзяць паспяхова, і дасягненне канчатковай дамоўленасці выглядае пытаннем часу. Шчэнсны добра адчувае сябе ў камандзе і мае выдатныя адносіны з партнёрамі па клубе. Пасля пераходу ў «Барселону» ён сур’ёзна папрацаваў над фізічнай формай, страціўшы каля 9 кілаграмаў. Галоўны трэнер «Барселоны» Ханс-Дзітэр Флік застаецца задаволены роўнем гульні польскага брамніка. У клубе мяркуюць, што Шчэнсны і Тэр Стэген складуць надзейны дуэт на браме ў наступным сезоне. Але нямецкі галкіпер застаецца асноўным кандыдатам на месца ў стартавым складзе дзякуючы свайму статусу капітана.
Ілля Протас стаў другім у спісе найлепшых бамбардзіраў лігі Антарыё
Беларускі хакеіст Ілля Протас заняў другое месца ў спісе найлепшых бамбардзіраў рэгулярнага чэмпіянату хакейнай лігі Антарыё (OHL). 18-гадовы форвард, выступаючы за «Віндзор», правёў 61 матч, у якіх набраў 124 ачкі (50 галоў + 74 перадачы). Найлепшым бамбардзірам стаў Майкл Міса з «Сагінаў» — у яго 134 ачкі. Сярэдняя выніковасць Протаса склала 2 ачка за гульню — за апошнія 15 гадоў такі паказчык удавалася дасягнуць толькі шасці гульцам ва ўзросце да 18 гадоў, у тым ліку Джону Таварэсу, Мітчу Марнэру і Конару Макдэвіду. На драфце НХЛ 2024 года Протас быў абраны «Вашынгтонам» у трэцім раўндзе пад агульным 75-м нумарам.
Джордан Грос стаў найлепшым абаронцам тыдня ў КХЛ
Абаронца менскага «Дынама» Джордан Грос прызнаны найлепшым абаронцам тыдня ў Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ). Гэта ўжо другая такая ўзнагарода ў яго кар’еры. На мінулым тыдні амерыканскі хакеіст набраў 5 (1+4) ачкоў у трох матчах, паказчык карыснасці склаў +6. Менскае «Дынама» завяршыла рэгулярны сезон на чацвёртым месцы ў Заходняй канферэнцыі — гэта найлепшы вынік у гісторыі клуба. У першым раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына «Зубры» згуляюць супраць маскоўскага ЦСКА. Першы матч серыі адбудзецца на «Менск-Арэне» 26 сакавіка.
“Юнацтва” і “Дынама-Маладзечна” адкрыюць паўфіналы плэй-оф
У хакейнай экстралізе Беларусі стартуе паўфінальны этап плэй-оф. У чацвёрку наймацнейшых каманд сезона ўвайшлі менскае «Юнацтва», «Віцебск», «Гомель» і «Дынама-Маладзечна». «Юнацтва» і «Дынама-Маладзечна» складуць першую паўфінальную пару. Старт серыі да чатырох перамог адбудзецца сёння на «Чыжоўка-Арэне» ў Менску. Пачатак сустрэчы — у 19:00. У другой паўфінальнай пары «Віцебск» і «Гомель» згуляюць 25 сакавіка на поўначы краіны.
Сабаленка сустрэнецца з Колінз у барацьбе за чвэрцьфінал на турніры ў Маямі
Арына Сабаленка прабілася ў 1/8 фіналу турніру WTA-1000 у Маямі і пазмагаецца за выхад у чвэрцьфінал супраць амерыканкі Даніэль Колінз — дзеючай чэмпіёнкі спаборніцтваў. Колінз займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу. Гэта будзе іх сёмая асабістая сустрэча — ва ўсіх папярэдніх матчах перамагала беларуска. У выпадку поспеху Сабаленка ў 1/4 фіналу згуляе супраць пераможцы сустрэчы паміж кітайскай тэнісісткай Чжэн Цыньвэнь (9-ы нумар WTA) і амерыканкай Эшлін Кругер (40-я ў рэйтынгу). Раней Сабаленка ўпэўнена перамагла балгарку Вікторыю Томаву (6:3, 6:1) і румынку Елену-Габрыэлу Рузэ (6:2, 6:4).
Беларускае Радыё Рацыя






