Зборная Польшчы выйграла валейбольную Лігу нацыяў. Фінальны этап турніру, які праводзіўся сёмы раз, праходзіў у Кітаі.

Фота: championat.com
І далася гэтая перамога палякам даволі лёгка. У суботу яны без асаблівых цяжкасцяў у паўфінале адужалі Бразілію 3:0 (28:26, 25:19, 25:21). А ўчора яшчэ больш пераканаўча ў фінале разграмілі зборную Італіі з тым жа лікам 3:0 (25:22, 25:19, 25:14).
Досыць нечаканая перамога Польшчы, улічваючы, што асноўны групавы этап яна завяршыла на агульным 5-м месцы з 18.
Зборная Польшчы выграла Лігу нацыяў другі раз. Папярэдні быў у 2023 годзе. Акрамя гэтага яна мае яшчэ адно срэбра і тры бронзы, і на дадзены момант стала самай тытулаванай зборнай Лігі нацыяў.
У суботу і нядзелю адбыліся некаторыя матчы 16 тура ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Тур выдаўся ўрэзаным, з трыма адкладзенымі матчамі камандаў, якія прадстаўлялі Беларусь у еўракубках. У суботу «Нафтан» у Наваполацку саступіў «Мінску» з буйным лікам 0:3. «Славія» ў Мазыры згуляла ўнічыю 1:1 з прысталічнай «Іслаччу». З такім самым лікам у Берасці згулялі «Дынама» ды дзяржынскі «Арсенал». І ў нядзелю ў Віцебску лідар чэмпіянату «МЛ» мінімальна з лікам 1:0 перайграў «Слуцк».
Ён жа па-ранейшаму ідзе ў турнірнай табліцы чэмпіянату на першым месцы з 42 ачкамі. Другая – «Славія», у якой на 10 пунктаў меней. На трэцім радку – «Дынама» Менск, у якога 29 ачкоў і гульня ў запасе.
У розыгрышы Першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе прайшлі матчы 18 тура. З цікавых вылучым паразу «Слоніма» ад геаграфічных суседзяў «Баранавічаў» з непрыстойным лікам 0:6. Хатнюю ж таксама паразу «Ліды» ад пінскай «Хвалі» з лікам 1:2. А таксама дэрбі лідараў чэмпіянату – магілёўскага «Дняпро» ды «Нівы» з Камянецкага раёна, дзе мінімальную перамогу з лікам 1:0 святкавалі магілёўцы. Яны ж і яшчэ болей умацаваліся на вяршыні турнірнай табліцы. За імі ідуць «Баранавічы». І на трэцім месцы «БАТЭ-2» з Барысава.
У польскай Экстракласе ў матчы 3 тура варшаўская «Легія» на сваім полі згуляла ўнічыю 0:0 з «Аркай» з Гдыні. Беларускі форвард варшавякаў Ілля Шкурын выйшаў у стартавым складзе, нічым у матчы не адзначыўся і быў заменены на 58 хвіліне гульні. Пасля трох тураў тройка лідараў Экстракласы выглядае наступным чынам: «Вісла» (Плоцк) Глеба Кучко, «Радамяк» (Радам) і «Краковія» (Кракаў). «Ягелонія» займае 12-ы радок і мае гульню ў запасе.
Учора ў Суперлізе чэмпіянату Малдовы па футболе адбылося беларускае дэрбі. «Зімбру» беларускага спецыяліста Алега Кубарава разграміў «Палітэхніку-УТМ» з лікам 7:0 іншага беларускага трэнера Віталя Рашкевіча. Беларускі паўабаронца Цімафей Шаркоўскі адзначыўся дублем, нападнік Дзяніс Казлоўскі забіў дэбютны мяч, а таксама асіставаў на другі гол Шаркоўскага. Таксама ў матчы прыняў удзел беларускі абаронца Мікалай Золатаў.
У Шаркоўскага ў гэтым сезоне чэмпіянату Малдовы 3 галы ў шасці матчах і пяты радок бамбардзіраў, а на рахунку Казлоўскага адзін гол у трох сустрэчах.
«Зімбру» пасля сямі тураў ідзе 4-м з 13 ачкамі ў актыве, «Палітэхніка-УТМ» знаходзіцца на перадапошнім сёмым месцы з 1 балам.
Зборная Беларусі па міні-футболе заняла трэцяе месца на таварыскім турніры Continental Futsal Championship, які праходзіў у Тайландзе.
У суботу нашыя хлопцы ў паўфінале саступілі камандзе гаспадароў – зборнай Тайланда з лікам 1:3. А ў нядзелю ў матчы за трэцяе месца перамаглі каманду Тайваня з лікам 6:1.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






